Павал Севярынец паведаміў Менскаму райвыканкаму пра акцыю ў Курапатах
Павал Севярынец (у цэнтры) ля рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота
Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец накіраваў у Менскі раённы выканаўчы камітэт паведамленьне аб тым, што плянуе правесьці масавы мірны сход у Курапатах.
Як Павал Севярынец піша на Facebook заплянаванае шэсьце ад узгорку на тэрыторыі мэмарыялу да брамы рэстарацыі «Поедем поедим», якая, на думку актывістаў, збудаваная незаконна ў ахоўнай зоне мэмарыялу.
Ад пачатку лета ля рэстарацыі трывае варта актывістаў, якія пратэстуюць супраць забаўляльнага комплексу. Міліцыя яе не разганяе, але і ня ўмешваецца ў канфлікты з аховай рэстарацыі, толькі выпісвае пратаколы на абаронцаў Курапатаў. Севярынец нядаўна выйшаў са зьняволеньня на 10 сутак за абарону Курапатаў, да таго быў аштрафаваны на 1225 рублёз за прэс-канфэрэнцыю ля брамы рэстарацыі.
Тым часам у Беларусі чакаецца «жэстачайшая лібэралізацыя» закону аб масавых мерапрыемствах, якая ўводзіць паведамляльны прынцып арганізацыі мітынгаў (але не засьцеражэ ад пакараньня глуханямых за «выкрыкваньне палітычных лёзунгаў»). Зьмены ў закон у чэрвені ўхваліла Палата прадстаўнікоў, але ці падпісаныя яны Аляксандрам Лукашэнкам, пакуль невядома. Пакуль жа трэба папярэдне прасіць дазволу ў мясцовых уладаў нават на адзіночны пікет, а да ўзгадненьня нельга анансаваць мітынг ці нават адзіночны пікет.