Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах» ухвалілі за 10 хвілін. Супраць былі Анісім і Канапацкая


Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота
Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытаньні закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Рэспубліцы Беларусь. Супраць галасавалі двое — дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Разгляд законапраекту не заняў і дзесяці хвілін. Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валер Саўко выступіў перад дэпутатамі з характарыстыкай закону. Пытаньняў яму не задавалі.

Калі параўноўваць канчатковы варыянт з варыянтам 1-га чытаньня, то прынцыповых зьменаў у ім амаль няма. Адзіная істотная зьмена тычыцца прадстаўнікоў СМІ. У прыватнасьці, калі раней было прапісана, што пры асьвятленьні масавых мерапрыемстваў журналіст павінен мець альбо надпіс «Прэса», альбо нейкую нарукаўную павязку, то ў новай рэдакцыі прапісана, што журналіст мусіць мець пры сабе ясна бачны знак адрозьненьня. Што тычыцца іншых прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, то ў законапраекце яны не былі зафіксаваныя.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму, напрыклад, не дазволена асьвятляць мерапрыемствы ня толькі штатным, а і пазаштатным супрацоўнікам СМІ, Валер Саўко адказаў, што справа ў тым, што «ня ўсе пазаштатныя карэспандэнты маюць пасьведчаньні, і мы стараліся зрабіць так, каб не ствараць арганізатарам мерапрыемстваў дадатковых складанасьцяў».

Цяпер закон будзе перададзены на разгляд у Савет Рэспублікі, а адтуль на подпіс прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

25 кастрычніка летась міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, які прадстаўляў зьмены ў закон у першым чытаньні, назваў іх праявай небывалай да гэтага лібэралізацыі. Ён адзначыў, што асноўная навацыя гэтага заканадаўчага акту — паведамляльны прынцып.

Што за «жэстачайшая лібэралізацыя» закону пра мітынгі? Тлумачым па пунктах

Цяпер чалавек альбо арганізацыя, якія жадаюць правесьці нейкае масавае мерапрыемства, павінны не пазьней як за 10 дзён паведаміць пра гэта ў адпаведныя органы. А яны ў сваю чаргу не пазьней як за 5 дзён мусяць даць адказ, калі захочуць адмовіць. Але адмова прадугледжаная толькі ў двух выпадках:

  • калі нехта іншы ўжо падаў заяўку на той жа час і тое ж месца,
  • калі заяўка не адпавядае заканадаўству.

Паведамляльны прынцып дзейнічае толькі для тых месцаў, якія вызначаны ўладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Калі ж нехта пажадае праводзіць сваю акцыю ў іншым месцы, то ў такім выпадку паведамляльны прынцып ня дзейнічае, а вяртаецца дазвольны.

На чым акцэнтаваў увагу міністар?

  1. Заяву на правядзеньне масавага мерапрыемства ня могуць падаваць асобы, у якіх ёсьць нязьнятыя або непагашаныя судзімасьці паводле некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
  2. Вызначаецца пералік прадметаў, якія катэгарычна забараняецца прыносіць на мерапрыемства, уключаючы, напрыклад, піва.
  3. Павышаецца адказнасьць палітычных партый за правядзеньне мерапрыемстваў.
  4. Журналісты, якія асьвятляюць гэтае мерапрыемства, павінны мець пасьведчаньне, а замежныя журналісты — абавязкова быць акрэдытаванымі ў МЗС Рэспублікі Беларусь.
  5. Аплата паслуг за правядзеньне мерапрыемства арганізатарамі будзе праводзіцца постфактум. То бок плату за мэдычнае абслугоўваньне, прыборку тэрыторыі і г.д. арганізатары будуць уносіць пасьля правядзеньня мерапрыемства, а не загадзя, як гэта робіцца цяпер.
  6. Арганізатарам мерапрыемстваў забараняецца перадаваць у СМІ, уключаючы інтэрнэт, інфармацыю пра месца і час правядзеньня акцыі загадзя.

«Лібэралізаваны» закон аб мітынгах не засьцеражэ ад пакараньня глуханямых за «палітычныя лёзунгі»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG