Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначаны пераможца дзяржаўнага конкурсу на помнік у Курапатах


Эскіз помніка калектыў скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай
Эскіз помніка калектыў скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай

Міністэрства культуры каротка абвясьціла вынікі конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку ва ўрочышчы Курапаты. Пераможцам названы аўтарскі калектыў скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыя Маркаўцова і Вольга Ярмоліна.

Як выглядае работа, на сайце Міністэрства культуры не паведамляецца. Свабодзе не ўдалося апэратыўна высьветліць у міністэрства, які варыянт помніка перамог у конкурсе.

Адзін з аўтараў праекту Сяргей Аганаў расказаў Свабодзе, што выбраны варыянт з чатырма слупамі ў «іржавым» мэтале.

Паводле Аганава, аўтары маюць прынцыповую пазыцыю «максымальна захаваць Народны мэмарыял, які цяпер існуе»:

«Для нас важныя усе плястычныя аб’ёмы і ўсе крыжы і помнікі, якія ёсьць. Мы ставілі сабе задачу максымальна інтэграваць свой знак у існы мэмарыял».

Паводле скульптара, «іржавы» колер знаку спалучаецца з курапацкімі соснамі, а вэртыкальная форма знаходзіцца ў гармоніі з існымі крыжамі, якія сьведчаць пра неабыякавасьць людзей, што іх паставілі.

На мэмарыяльным знаку прадугледжаныя словы «маці, сын, бацька, дзед», бо ўсе ахвяры палітычных рэпрэсіяў 1930–40-х гадоў былі нейчымі роднымі.

«Цяпер ідуць перамовы аб фінансаваньні, у чацьвер адбудзецца паседжаньне мастацкай рады манумэнтальнага і дэкаратыўнага мастацтва пры Савеце міністраў, на якім будуць зацьвярджаць праект», — дадаў Аганаў.

Нячай: Павінна захавацца ўсё, што ўжо ёсьць ва ўрочышчы

Скульптар Вольга Нячай, адна з аўтарак мэмарыяльнага знаку ахвярам расстрэлаў у Курапатах, таксама пацьвярджае: у працэсе рэалізацыі праекту на першым месцы было захаваньне народнага мэмарыялу.

«Самае першае, з чаго сыходзіў наш аўтарскі калектыў, — увесь ляндшафт урочышча павінен захавацца ў тым самым выглядзе, у якім існуе зараз. Гэта наша асноўная і прынцыповая пазыцыя, — падкрэсьліла суразмоўца. — Мы разумеем: гэта сапраўды народны мэмарыял, які досыць працяглы час ужо існуе, і галоўная задача — паставіць знак, на які быў абвешчаны конкурс, максымальна так, каб захаваць цяперашні ляндшафт. Мы ня хочам нічога чапаць, перадусім крыжы — павінна захавацца ўсё, што ўжо ёсьць. Паўтаруся, такая пазыцыя ў аўтарскага калектыву была адпачатку».

Нягледзячы на тое, што сумесны праект Вольгі Нячай, Сяргея Аганава, Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай ужо зацьверджаны пераможцам конкурсу, 30 жніўня на адмысловае паседжаньне зьбярэцца Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада па манумэнтальным мастацтве. Мэтай — унесьці апошнія карэктывы ў эскіз мэмарыяльнага знаку.

«Конкурсны эскіз — гэта адна справа, а канчатковая праца — усё ж крыху іншае, — адзначае Вольга Нячай. — Таму манумэнтальная рада, у якую ўваходзяць вядучыя спэцыялісты ў сваіх галінах — гісторыкі, скульптары, мастакі — уносяць свае пажаданьні. Бо здараецца, што аўтар проста ня бачыць уласных хібаў. І чальцы рады скіраваныя на тое, каб дапамагчы заўважыць нейкія памылкі. 30 жніўня павінна адбыцца паседжаньне рэспубліканскай рады, на якім будзе абмяркоўвацца эскізны праект, дапрацаваны з улікам ранейшых пажаданьняў. Тады ўжо будзе нейкая канкрэтыка».

Знак мяркуюць ставіць у Курапатах на пагорку, дзе цяпер стаяць вялікія крыжы і дзе звычайна адбываюцца мітынгі, але за 10 мэтраў убок ад цэнтру, бо там праходзіць газаправод.

Аўтарскі калектыў мае і праект мэмарыялізацыі ўсіх Курапатаў, ад уваходу і да «Галгофы», але пра гэта пакуль мова ня йдзе, паведаміў Свабодзе Аганаў.

Вольга Нячай і Сяргей Аганаў — таксама аўтары помніка князю Гедзіміну ў Лідзе (таго, на якім князь стаў звацца Гедзімінам).

Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадзкасьці.

Пасьля таго як у лютым 2017 году паўстаў кругласуткавы лягер абароны Курапатаў супраць будаўніцтва офіснага цэнтру, у газэце «СБ. Беларусь сегодня» адбыўся круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас абʼядноўваць». Яго матэрыялы паказалі па БТ.

Празь некаторы час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. 24 сакавіка 2017 году Міністэрства культуры абвясьціла конкурс эскізаў памятнага знаку «Курапаты».

Ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч заявіў, што да мэмарыялізацыі Курапатаў на ўсіх этапах маюць быць далучаныя ўсе прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Узначаліць камісію, якая будзе вызначаць пераможцаў курапацкага конкурсу, было прапанавана ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлане Алексіевіч. Яна адмовілася, сказаўшы, што гэта мусіць быць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. У сваю чаргу палітык, які з 1996 году не жыве ў Беларусі, лічыць, што Народны мэмарыял у Курапатах ужо створаны.

У сьнежні 2017 году старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў Свабодзе, што ўсе вызначаныя тэрміны для падвядзеньня вынікаў конкурсу ўжо даўно прайшлі, вынікаў няма. Павал Якубовіч сказаў, што прычынаў затрымкі некалькі. Адна зь іх — «неабходнасьць вызначыць гістарычныя межы мэмарыялу, каб не было непаразуменьняў накшталт усялякіх будаўніцтваў побач з Курапатамі».

У чэрвені 2018 году журы выбрала тры варыянты эскізных праектаў памятнага знаку. Ніводзін не задаволіў незалежных экспэртаў. Ці цяпер выбраны адзін з тых трох, ці нейкі іншы, невядома.

Адзін з эскізаў, выбраны журы ў ліку трох «фіналістаў»
Адзін з эскізаў, выбраны журы ў ліку трох «фіналістаў»

Прозьвішчы іншых «фіналістаў» невядомыя
Прозьвішчы іншых «фіналістаў» невядомыя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG