Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: «Кампанія супраць рэстарану „Поедем поедим“ актывізуецца зь верасьня»


Павал Сяверынец (у цэнтры) падчас пратэсту актывістаў супраць рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах. 18 ліпеня 2018 году

На пачатку верасьня абаронцы Курапатаў прэзэнтуюць адмысловы сайт, дзе будуць выкладзеныя ўсе матэрыялы наконт байкоту рэстарану «Поедем поедим». У першай дэкадзе верасьня плянуецца мітынг у Курапатах.

Такое рашэньне прынята ў пятніцу на штотыднёвым апэратыўным сходзе. Яго правёў сустаршыня БХД Павал Севярынец, які 16 жніўня выйшаў на волю пасьля 10 сутак арышту.

«Пакуль кампанія байкоту ідзе мэтава, адрасна, паціху, але зь верасьня мы актывізуемся», — запэўніў Севярынец.

У сьпісе актыўных пастаўшчыкоў і вытворцаў рэстарацыі «Поедем поедим» — фірма «Марозпрадукт» з Мар’інай Горкі, які пастаўляе марозіва «Плямбір 20 капеек»; Слуцкі хлебазавод, які вырабляе хлеб пад назвай «Бульбаш» (менскія хлебазаводы пасьля тлумачальнай працы адмовіліся ад паставак); «Е-дастаўка» — структура «Эўраопта», якая дастаўляе прадукты па Менскай вобласьці; «Бабруйскі бровар» (Лідзкі піўзавод пастаўляць піва адмовіўся), Vino&Vino, некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў.

Павал Севярынец пасьля адбыцьця 10-суткавага арышту за акцыі ў Курапатах. 16 жніўня 2018 году
Павал Севярынец пасьля адбыцьця 10-суткавага арышту за акцыі ў Курапатах. 16 жніўня 2018 году

«Мы агучваем фірмы па чарзе, бо пасьля таго, як іх заўважылі каля рэстарацыі, мы дасылаем ім ліст з тлумачэньнямі і просьбай адмовіцца пастаўляць сваю прадукцыю ў „Поедем поедим“. Калі яны цягам тыдня не адказваюць, абаронцы ўключаюць іх у сьпіс байкоту. Мы вытрымліваем „час прыстойнасьці“, даем ім магчымасьць падумаць, адказаць нам і адмовіцца», — кажа Павал Севярынец.

У сьпісе асобаў, якім актывісты абвясьцілі «пэрсанальны байкот», застаюцца тыя ж 35 прозьвішчаў, што былі ўнесеныя два тыдні таму. Ёсьць іх біяграфіі, фатаздымкі. Па чарзе зьвесткі пра іх будуць выстаўляцца на сайт байкоту.

Павал Севярынец паведаміў таксама, што была праблема з вартай у чацьвер, бо пасьля сыходу партыі БНФ з Курапатаў складана было закрыць гэты дзень. Але зьявілася ініцыятыўная група, якая ўзяла дзяжурства ў чацьвер на сябе.

«Зараз задача — дзень прастаяць і ноч пратрымацца, бо жнівень — вельмі цяжкі месяц, людзі ў адпачынках, на вакацыях. Так што просім неабыякавых людзей далучацца да варты ў Курапатах», — запрашае Севярынец.

Прынята рашэньне з тых ахвяраваньняў, якія людзі пералічвалі на рахунак ці перадавалі на абарону Курапатаў, дапамагчы асобным актывістам, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным стане (некаторым паадключалі сьвятло, газ, інтэрнэт).

«Што да пазову Ізраілевіча да газэты „Новы час“ на 40 тысяч рублёў, будзем падключаць юрыстаў. Грамадзтва на нашым баку, думаю, што яны прайграюць гэты суд калі не ў адміністрацыйным сэнсе, то ў маральным дакладна», — кажа Севярынец.

Паводле Севярынца, у будзённыя дні наведнікаў бывае максымум 10 чалавек, у выходныя 15–20, пра рэнтабэльнасьць і прыбытак размова не ідзе.

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

Адна з акцыяў пратэсту супраць рэстарану ў Курапатах. 25 чэрвеня 2018 году
Адна з акцыяў пратэсту супраць рэстарану ў Курапатах. 25 чэрвеня 2018 году

  • ​Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG