Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфарм расказаў, за што заблякаваў «Хартыю-97»


На сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі зьявілася публікацыя пра блякаваньне сайту charter97.org і яго «люстэрак» charter97.eu і charter97.info.

Канкрэтнай прычыны не называецца, але гаворыцца, што рашэньне было прынятае на падставе падпункту 1.2 артыкулу 511 закону «Аб СМІ» (распаўсюд забароненых матэрыялаў або абмежаваных да распаўсюду) праз разьмяшчэньне матэрыялаў, забароненых артыкулам 38 таго ж закону.

Артыкул 38 забараняе распаўсюджваць:

  • Зьвесткі ад незарэгістраваных або ліквідаваных арганізацыяў, для якіх абавязковая рэгістрацыя.
  • Прапаганду наркотыкаў і псыхатропных рэчываў, зьвесткі пра спосабы іх вырабу.
  • Прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Прапаганду гвалту, жорсткасьці і парнаграфіі, а таксама «іншай інфармацыі, распаўсюд якой здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам».
  • Для аўдыё- і відэаматэрыялаў — «прыхаваных уставак, якія ўплываюць на падсьвядомасьць людзей ці аказваюць уплыў на іх здароўе».

Што менавіта — наркотыкі, парнаграфія, «экстрэмізм» ці нешта іншае — стала прычынай блякаваньня «Хартыі», не ўдакладняецца.

Супрацоўнік Міністэрства інфармацыі, які прадставіўся «тэхнічным работнікам», сказаў Свабодзе, што «ўся інфармацыя на сайце» і камэнтаваць яе ён ня можа, а тых, хто змог бы даць камэнтар, «няма на месцы».

«Міністэрства інфармацыі чарговы раз зьвяртае ўвагу ўсіх суб’ектаў інфармацыйнай сфэры на неабходнасьць няўхільнага выкананьня заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі», — гаворыцца на сайце Мінінфарму.

Сайт charter97.org быў заблякаваны ў Беларусі 24 студзеня.

«Адбываецца канчатковая зачыстка свабоды слова ў Беларусі». Натальля Радзіна пра блякаваньне сайту «Хартыя-97»

У сьнежні 2017 году са спасылкай на тую ж «забароненую інфармацыю» быў заблякаваны сайт «Беларускі партызан». Але з заблякаванага адрасу belaruspartisan.org сайт неўзабаве «пераехаў» на дамэн belaruspartisan.by, а зь нядаўняга часу зноў стаў адкрывацца на старым дамэне, хоць аб скасаваньні блякаваньня публічна не абвяшчалася.

БАЖ: Мінінфарм робіць усё, каб сапсаваць стасункі з Захадам

Паводле беларускіх законаў, забараняецца доступ ня толькі да заблякаваных сайтаў, але і сродкі доступу да такіх сайтаў. Але ж фактычна забароненая мізэрная доля такіх сродкаў.

Справа ня толькі ў тым, што саміх гэтых сродкаў (VPN, proxy-сэрвэраў і гэтак далей) незьлічоная колькасьць, і ня толькі ў тым, што блякаваньне Tor толькі падвысіла колькасьць ягоных карыстальнікаў, але і ў тым, што некаторыя буйныя кампаніі даюць шляхі абыходу блякаваньняў. Напрыклад, праз функцыю Opera Turbo ў папулярным браўзэры Opera і яе аналяг у расейскім «Яндэкс.Браўзэры», або праз Google Translate, у якім можна «перакласьці» забаронены адрас і нават прагледзець «неперакладзены» арыгінал.

Беларусафобы, Пракаповіч і Kyky. Як у Беларусі блякавалі сайты

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG