Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфарм заблякаваў сайт «Беларускі партызан» за публікацыю «забароненай інфармацыі»


Сайт навінаў “Беларускі партызан»

Міністэрства інфармацыі пацьвердзіла, што рашэньне аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу belaruspartisan.org сыходзіла ад ведамства.

«У рамках ажыцьцяўленьня кантролю за выкананьнем заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі на падставе падпункту 1.2 пункта 1 артыкулу 511 закону Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“ прынята рашэньне абмежаваць доступ да інфармацыйнага рэсурсу belaruspartisan.org», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце Мінінфармацыі.

Далей удакладняецца, што рашэньне прынятае па выніках маніторынгу рэсурсу, які выявіў «сыстэматычнае парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».

У прыватнасьці, на інфармацыйным рэсурсе, разьмешчаным за межамі нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт, рэгулярна разьмяшчаюцца матэрыялы, у якіх утрымліваецца «забароненая інфармацыя».

Міністэрства інфармацыі зьвяртае ўвагу ўсіх суб’ектаў інфармацыйнай сфэры, у тым ліку прадстаўнікоў замежных СМІ, акрэдытаваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пра неабходнасьць «няўхільнага выкананьня заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».

Заснаваны Паўлам Шараметам. Гісторыя «Беларускага партызану», заблякаванага Мінінфармам

Начальнік аддзелу інфармацыйных тэхналёгіяў БелДІЭ Аляксандр Сімановіч адмовіўся даць камэнтар Свабодзе адносна блякаваньня «Партызану» па тэлефоне: «Зьвяртайцеся пісьмова, дасылайце запыт, будзем адказваць». На пытаньне, ці сапраўды БелДІЭ адказнае за блякаваньне сайту «Партызана», паўтарыў: «Камэнтаваць ня буду, дасылайце зварот».

Блякаваньне заўважылі 14 сьнежня

Увечары 14 сьнежня некаторыя карыстальнікі хатняга інтэрнэту ад velcom паведамлялі пра праблемы з доступам да сайту belaruspartisan.org. Некаторым паказвалася паведамленьне пра ўнясеньне адрасу ў «сьпіс абмежаванага доступу» паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 60 2010 году. Паведамленьняў пра блякаваньне праз уключэньне ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў тады нікому з карыстальнікаў не паказвалася.

Карыстальнікі іншых правайдэраў раз-пораз таксама паведамлялі пра недасяжнасьць «Беларускага партызану». Калі ў Twitter адзін з карыстальнікаў напісаў, што да сайту няма доступу праз МТС, афіцыйны акаўнт «МТС Беларусь» папрасіў удакладніць нумар дамовы і імя карыстальніка — але іншы абанэнт МТС неўзабаве заявіў, што доступ да сайту не блякуецца. Карстальнікі найбуйнейшага дзяржаўнага правайдэра byfly («Белтэлекам») пра блякаваньні не паведамлялі.

«Указ 60», на які спасылаліся спачатку, дазволіў ладзіць блякаваньні шэрагу сайтаў у дзяржаўных установах, а таксама ўстановах адукацыі і культуры, выкарыстоўваўся ў тым ліку для блякаваньня палітычных і інфармацыйных рэсурсаў, у ліку якіх «Хартыя-97» і «Беларускі партызан». Ня раз з часовымі блякаваньнямі названых сайтаў сутыкаліся карыстальнікі па-за межамі дзяржаўных установаў.

Як змагаюцца са свабодай інтэрнэту і як сацсеткі выкарыстоўваюць супраць дэмакратыі: даклад Freedom House

Першае блякаваньне СМІ новага міністра і новага кіраўніка ААЦ

28 верасьня​ Аляксандар Лукашэнка зьмяніў міністраў інфармацыі і культуры. Пра новага міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча казалі, што ён «беларускамоўны, вайсковы, дзяржаўны чалавек». Лукашэнка забараніў яму памыляцца. Сам Карлюкевіч нядаўна заяўляў, што інфабясьпека Беларусі — у адзінай мэдыяпрасторы з Расеяй.

Аляксандар Карлюкевіч, архіўнае фота
Аляксандар Карлюкевіч, архіўнае фота

Гэта першае блякаваньне СМІ пры новым міністры — пасьля яго прызначэньня блякаваўся шэраг сайтаў, але СМІ сярод іх не было: толькі махлярства, продаж наркотыкаў і іншыя незаконныя рэчы.

Два месяцы таму Лукашэнка адхіліў ад пасадаў усё кіраўніцтва ААЦ, а 11 сьнежня ААЦ узначаліў экс-кіраўнік Службы бясьпекі Лукашэнкі Андрэй Паўлючэнка.

Што будуць рабіць далей журналісты сайту, што яны прапануюць рабіць чытачам?

Галоўная рэдактарка сайту «Беларускі партызан» Сьвятлана Калінкіна паведаміла Свабодзе, што «пакуль ніякіх паведамленьняў, тлумачэньняў, папярэджаньняў ад Міністэрства інфармацыі» яны не атрымлівалі.

Сьвятлана Калінкіна, архіўнае фота
Сьвятлана Калінкіна, архіўнае фота

«Па-першае, паспрабуем разабрацца, якое пэўнае парушэньне знайшло ў нас міністэрства і як яго можна выправіць. І ў залежнасьці ад гэтага будзем дзейнічаць, — сказала Калінкіна. — Ёсьць лёгкія спосабы абыходу любога блякаваньня. І я асабіста цудоўна заходжу на сайт. У сучасным сьвеце блякаваць сайты гэта тое самае, што нейкай паперай затыкаць вадаправодную трубу. Гэта бессэнсоўна, так ці іначай „Беларускі партызан“ будзе працаваць».

БАЖ: Гэта злоўжываньне паўнамоцтвамі і парушэньне свабоды слова

«На дадзены момант мы ня ведаем, якія менавіта матэрыялы сталі падставай для блякаваньня сайту, — піша старшыня «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Андрэй Бастунец. — Акрамя гэтага, мы ня ведаем нават, які падпункт артыкулу 38 закону „Аб СМІ“ парушыла рэдакцыя. Дастаткова толькі сказаць, што дадзены артыкул закону скачваецца тым, што забараняе распаўсюд „інфармацыі, забароненай іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь“.

Андрэй Бастунец, архіўнае фота
Андрэй Бастунец, архіўнае фота

Таксама Беларускую асацыяцыю журналістаў абурае пазасудовы характар такога блякаваньня. Атрымліваецца, што дзяржаўны орган сам праводзіць маніторынг і сваім рашэньнем блякуе сайт выданьня. Нават не папярэджваючы рэдакцыю. Такое блякаваньне яскрава дэманструе абмежавальны характар заканадаўства і, на мой погляд, злоўжываньня Міністэрствам інфармацыі сваімі паўнамоцтвамі.

На мой погляд, блякаваньне сайту „Беларускі партызан“ парушае прынцыпы свабоды слова».

Беларусафобы, Пракаповіч і Kyky. Як у Беларусі блякавалі сайты

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG