Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тое самае, што паперай затыкаць водаправодную трубу», — Калінкіна пра блякаваньне «Беларускага партызана»


Сьвятлана Калінкіна, архіўнае фота

Міністэрства інфармацыі Беларусі апублікавала 15 сьнежня рашэньне аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу belaruspartisan.org. «Беларускі партызан» заблякавалі нібыта за «сыстэматычнае парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».

Галоўная рэдактарка сайту «Беларускі партызан» Сьвятлана Калінкіна паведаміла Свабодзе, што «пакуль ніякіх паведамленьняў, тлумачэньняў, папярэджаньняў ад Міністэрства інфармацыі» яны не атрымлівалі.

«Па-першае, паспрабуем разабрацца, якое пэўнае парушэньне знайшло ў нас міністэрства і як яго можна выправіць. І ў залежнасьці ад гэтага будзем дзейнічаць, — сказала Калінкіна. — Ёсьць лёгкія спосабы абыходу любога блякаваньня. І я асабіста цудоўна заходжу на сайт. У сучасным сьвеце блякаваць сайты — гэта тое самае, што нейкай паперай затыкаць водаправодную трубу. Гэта бессэнсоўна».

Паводле журналісткі, «так ці іначай „Беларускі партызан“ будзе працаваць».

***

Сайт навінаў грамадзка-палітычнай скіраванасьці «Беларускі партызан» быў заснаваны з ініцыятывы Паўла Шарамета ў лістападзе 2005 году. З кантэнтам дапамагалі журналісты ў Беларусі, а таксама тыя, хто з розных прычынаў вымушана зьехалі з краіны, найперш у Расею.

Улады неадкладна занесьлі сайт у «чорны сьпіс», доўгі час ён быў першым сярод незалежных сайтаў, доступ да якіх правайдэры абавязваліся абмяжоўваць. Падчас апазыцыйных акцыяў і важных палітычных кампаніяў «Партызан» цярпеў ад атак разам зь іншымі незалежнымі сайтамі. Былі і папярэджаньні Міністэрства інфармацыі Беларусі, якія ніяк не падзейнічалі на рэдакцыю. Ладзіліся нават «антыпартызанскія» пікеты — дарэчы, такой увагі не заслужыў ніводзін іншы СМІ ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG