Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка дазволіў студэнтам быць вальнадумнымі, а міністру інфармацыі забараніў памыляцца


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 28 верасьня зьмяніў міністраў інфармацыі і культуры, а таксама прызначыў чатырох рэктараў унівэрсытэтаў.

Падчас абвяшчэньня новых рэктараў Лукашэнка сказаў, што ён ня супраць «вальнадумства» студэнтаў.

«Студэнты — вальнадумцы, — заявіў Лукашэнка. — Мы самі такімі былі. Ня ведаю, як вы, а я дык дакладна. Таму ня трэба ў іх гэтую жылку і струнку душыць. Але іх трэба выхоўваць патрыётамі нашай краіны, каб не атрымалася так, што мы трацім тут грошы на іхнае выхаваньне, а заўтра яны завярнуліся, працуюць невядома дзе і толку ад гэтага краіне няма».

Раней студэнтаў ня раз каралі адлічэньнем акурат за вальнадумства.

Лукашэнка таксама сказаў, што зайздросьціць рэктарам ВНУ, бо «гэта самая цудоўная пасада для чалавека», але папярэдзіў рэктараў, што ў іх не павінна быць «карупцыйных праяваў» кшталту «сяброў у пляне „я зраблю табе, ты мне“».

Новага міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, які заняў пасаду Ліліі Ананіч, Лукашэнка загадзя абвінаваціў у магчымых недахопах міністэрства:

«Права на памылку ў вас няма. Горш працаваць у Міністэрстве інфармацыі мы не павінны. Калі там ёсьць нейкія недахопы, гэта і ваша віна: вы ня простым чалавекам там былі, а працавалі намесьнікам».

Ананіч жа ён ня стаў выстаўляць «нейкія надзвычайныя прэтэнзіі» і папрасіў у Карлюкевіча прапанаваць, куды працаўладкаваць былую начальніцу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG