Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 фактаў, якімі запомнілася Лілія Ананіч на пасадзе міністра інфармацыі


Лілія Ананіч

Лілія Ананіч прабыла на пасадзе міністра інфармацыі з 30 чэрвеня 2014-га па 28 верасьня 2017 году.

Прыгадваем, чым яна запомнілася на гэтай пасадзе.

Стрыт-арт-праект Signal - графіці з выявамі беларускіх чыноўнікаў. Лілія Ананіч
Стрыт-арт-праект Signal - графіці з выявамі беларускіх чыноўнікаў. Лілія Ананіч

Лічыла, што БТ законна апублікавала праслухоўваньне прыватнай тэлефоннай размовы

Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец накіраваў тагачаснай міністарцы зварот аб публікацыі тэлеканалам «Беларусь-1» ягонай тэлефоннай размовы зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам у прапагандысцкім фільме «Звонок другу». Лілія Ананіч адказала, што «Беларусь-1» не парушала ніякіх законаў, у тым ліку не парушала права на абарону ад умяшаньня ў прыватнае жыцьцё і замах на тайну карэспандэнцыі, бо «самастойна не рабіла захадаў для атрыманьня запісу», брала матэрыялы «ў адкрытым доступе ў інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі», а таксама матэрыялы, «перададзеныя праваахоўнымі органамі і органамі дзяржаўнай бясьпекі».

Ухваліла прапагандысцкі фільм пра справу «Белага легіёну»

Лілія Ананіч на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Менску, 2015 год
Лілія Ананіч на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Менску, 2015 год

​«Лічу, што гэта вельмі варты ўвагі грамадзтва фільм, бо грамадзтва павінна ня толькі бачыць сёньняшнія крокі тых, хто імкнецца да дэстабілізацыі, але бачыць і тое, што можа заўтра быць», — сказала Лілія Ананіч карэспандэнту Свабоды.

Некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя па так званай справе «Белага легіёну» ў канцы сакавіка 2017 году. 30 чэрвеня ўсе яны былі вызваленыя, аднак сьледзтва ў гэтай справе працягваецца.

Падтрымала затрыманьне аўтараў Regnum

«Мы не дапусьцім, каб інфармацыйная прастора нашай сувэрэннай дзяржавы стала арэнай супрацьстаяньня і канфліктаў. Зь якога б вэктару нам ні падкідвалі гэтыя ідэі — ці з Захаду, ці з Усходу», — заявіла Ананіч, маючы на ўвазе аўтараў расейскіх сайтаў: Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі, якія супрацоўнічалі з сайтамі Regnum, Lenta.ru і Eurasia Daily. Сьледчы камітэт распачаў супраць затрыманых крымінальныя справы аб распальваньні міжнацыянальнай варожасьці.

Лічыла, што выданьне кніг Сьвятланы Алексіевіч «неактуальнае ў сьвятле нацыянальнага кнігавыданьня»

Лілія Ананіч і Мікалай Чаргінец (зьлева) на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Менску, 2014 год
Лілія Ананіч і Мікалай Чаргінец (зьлева) на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Менску, 2014 год

​Так Лілія Ананіч адрэагавала на пытаньне, калі кнігі нобэлеўскай ляўрэаткі будуць выдавацца ў беларускіх выдавецтвах.

«Ня думаю, што гэтае пытаньне актуальнае ў сьвятле нацыянальнага кнігавыданьня. Беларуская кніга годна прадстаўленая ў сьвеце», — сказала тагачасная міністарка.

Не заступілася за журналіста Паўла Дабравольскага ў канфлікце

з МУС«Мы атрымалі афіцыйны адказ зь Міністэрства ўнутраных спраў, які яскрава сьведчыць аб парушэньні працэсуальнага заканадаўства і ўжываньні законных мераў узьдзеяньня на ўдзельнікаў гэтага інцыдэнту, — казала Ананіч. — Журналіст ня можа быць актыўным бокам канфлікту. Калі такое атрымліваецца, значыць, гэта не журналістыка, значыць, гэта нейкія дзеяньні, скіраваныя на дыскрэдытацыю прафэсіі, а не на атрыманьне інфармацыі».​

Павал Дабравольскі сьцьвярджаў, што быў зьбіты супрацоўнікамі міліцыі пры затрыманьні актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка. У яго былі зафіксаваныя лёгкія цялесныя пашкоджаньні.

Заблякавала kyky.org

Лілія Ананіч
Лілія Ананіч

​15 чэрвеня 2015 году загадам № 233 абмежавала доступ да сайта kyky.org. Падставай для незадаволенасьці стаў зьмест чатырох артыкулаў: тэкст рэдактара Паўла Сьвярдлова «Парад перамогі над сабой» і тры калёнкі бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча: «Пост дня. Подзьвіг аднаго — заўсёды злачынства іншага», «Чаму ня трэба хадзіць у царкву», «Мы яшчэ будзем рабіць трактары, але гэта ўсё ўжо будзе без эрэкцыі». На месцы гэтых артыкулаў стаялі «заглушкі».

Выносіла папярэджаньні незалежным выданьням

У 2015 папярэджаньні атрымалі «Газета Слонімская», Intex-Press, «Ганцавіцкі час». У 2017 — «Наша Ніва» і Tut.by

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG