Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Радыеактыўны попел» на БТ: тэлефонныя праслухоўваньні, пагрозы Майданам і тэрактамі


Ілюстрацыйнае фота. «Марш абураных беларусаў» супраць дэкрэту № 3 аб «дармаедах» у Менску, 17 лютага 2017 году

У панядзелак увечары Беларускае тэлебачаньне паказала прапагандысцкі фільм «Званок сябру» пра апошнія пратэсты супраць дэкрэту № 3 аб «дармаедах», пра Міколу Статкевіча і анархістаў, якія бяруць актыўны ўдзел у гэтых пратэстах.

Бастунец: БТ «рыпіць па шкле»

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец у камэнтары Свабодзе параўнаў гэты фільм з ранейшымі ўзорамі прапаганды афіцыйных СМІ:

«Мы ўжо адвыклі ад падобных фільмаў Беларускага тэлебачаньня. Нават падчас выбараў нічога падобнага даўно не было. А цяпер зьявілася нешта падобнае да «Жалезам па шкле». Як толькі ў краіне нешта пачынае адбывацца, актывізуюцца пэўныя сілы, Беларускае тэлебачаньне ўспамінае пра старыя лекалы і пачынае «шыць на скорую руку».

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Асабіста мяне ўразіў ня толькі сэнс гэтага фільму, а тое, як непрафэсійна ён быў зроблены. Зноў мы бачым матэрыялы праслухоўваньня.

Прычым зь беларускай мовы чамусьці ідзе пераклад на расейскую. Адчуваецца, што фільм зроблены вельмі хутка. Зробленая нарэзка з розных жудасных кадраў з Украіны, выкарыстаныя здымкі беларускіх незалежных СМІ. Зноў няма тытраў і аўтараў гэтага фільму. Нават ня верыцца, што зноў вяртаюцца часы, калі з нашых тэлевізараў вылазяць пацукі і зноў БТ «рыпіць па шкле».

Увечары 6 сакавіка на дзяржаўным Першым беларускім тэлеканале выйшаў 25-хвілінны «спэцыяльны рэпартаж» пад назвай «Звонок другу». На тле пратэстаў супраць дэкрэту пра «дармаедаў» тэлеканал прыводзіць «запісы тэлефанаваньняў» аднаго зь лідэраў апазыцыі Міколы Статкевіча, настойліва нагадвае пра наступствы ўкраінскай «Рэвалюцыі годнасьці». Свабода прыводзіць яскравыя моманты «рэпартажу».

«Я пасівеў ад гэтай справы», — бацька «анархіста Сяргея Раманава»

У вячэрнім эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» ў праграме «Спэцыяльны рэпартаж» пра масавыя акцыі пратэсту супраць дэкрэту пра «дармаедзтва» вядоўца нечакана заявіў, што перад 3 ліпеня 2014 году ў Бабруйску быў затрыманы «анархіст Сяргей Раманаў», які накіроўваўся ў Менск на сьвяткаваньне афіцыйнага Дня Незалежнасьці. У ягоным заплечніку нібыта знайшлі 155 грамаў тратылу.

«Што за глупствы? Тэракт? Я таму башку скручу, хто гэта ўсё прыдумаў. Так яму і перадайце — прыеду і скручу. Я былы вайсковец і цярпець гэтую гадасьць ня буду. Нічога падобнага не было», — заявіў бацька Раманава Аляксандр Сяргеевіч. (чытаць цалкам)

Зьміцер Дрозд: «Званок сябру» ня будзе мець вялікага прапагандысцкага эфэкту

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

Мэта фільму — зьбіць хвалю вулічных пратэстаў, палохаючы Майданам і тым, што «можа быць, як ва Украіне». Але я думаю, што гэты фільм ня дасьць вялікага прапагандысцкага выніку. Людзі хочуць выходзіць на акцыі не за Статкевіча ці за кагосьці іншага, а таму, што ня могуць заплаціць «падатак на дармаедзтва», — былы палітвязень Зьміцер Дрозд пра фільм БТ «Званок сябру». (чытаць цалкам)

«Кроў, сьмерць, полымя, дым — вяртаемся ў 2010 год», — Някляеў пра фільм «Званок сябру»

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў, адзін зь лідэраў аргкамітэту Беларускага нацыянальнага кангрэсу, лічыць, што пасьля выхаду фільму «Званок сябру» ўлады могуць актывізаваць ранейшыя мэханізмы затрыманьняў і арыштаў актывістаў.

«Гэты рэпартаж — другая сэрыя „Жалезам па шкле“. Але калі першая рабілася больш-менш з разуменьнем таго, чаго хочуць яе стваральнікі, то „Званок сябру“ зроблены без аніякага разуменьня, абы выканаць загад, які паступіў зьверху, хутчэй за ўсё з адміністрацыі Лукашэнкі. Абсалютна непрафэсійная праца, наскрозь ілжывая і правакацыйная». (чытаць цалкам)

«Распальваньне нянавісьці», — актывіст анархісцкага руху Касінераў пра прапагандысцкі фільм на БТ

Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

«Бачыў фільм, але скажу, што камэнтаваць яго цяжка, бо гэта нейкае цемрашальства і трызьненьне. Паглядзіце камэнтары да гэтага фільму — 90% пагаджаюцца, што гэта трызьненьне. Проста за тое, што людзі паднялі істотныя для грамадзтва праблемы, іх называюць нацыстамі і невядома яшчэ кім. Мяне ўразіла канцэнтрацыя нянавісьці, якая вылілася зь дзяржаўнага тэлеканалу праз гэты фільм», — актывіст анархісцкага руху, фігурант былой справы «графіцістаў» Вячаслаў Касінераў пра фільм «Званок сябру». (чытаць цалкам)

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG