Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец лібэралізацыі


Паўтара года (пачаўся з вызваленьнем палітвязьняў летам 2015-га) у Беларусі адбываецца працэс, які назвалі мяккай лібэралізацыяй. Удзельнікаў апазыцыйных акцый ня білі, не цягнулі ў кутузку, а толькі штрафавалі. У Палаце прадстаўнікоў зьявіліся два дэмакратычныя дэпутаты. На перадачы дзяржаўных тэлеканалаў пачалі запрашаць прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва. Лукашэнка падчас «Вялікай размовы з народам» 3 лютага дэманстраваў шырату поглядаў, не адрынаў з парога ідэі апанэнтаў. Ён нават сустрэўся з галоўным рэдактарам «Народнай волі» Ёсіфам Сярэдзічам. Загаварылі пра гістарычны круглы стол. Здавалася, яшчэ крыху, і краіна пяройдзе да нейкай іншай, больш лібэральнай мадэлі кіраванай дэмакратыі.

І тут нечакана для ўсіх здарыліся маршы недармаедаў, якія абудзілі грамадзтва. Прычым, здаецца, упершыню ў найноўшай беларускай гісторыі рэй вядзе правінцыя, а не сталіца. Гэтыя маршы паказалі, што ў краіне пачынаюцца працэсы, якія выходзяць з-пад кантролю ўладаў.

Сярод экспэртаў адразу ж пачаліся дыскусіі наконт таго, як будзе паводзіць сябе палітычнае кіраўніцтва, апынуўшыся ў новай, нязвыклай сытуацыі. Самым лягічным выйсьцем было б скасаваньне гэтага скандальнага дэкрэту № 3. Паводле віцэ-сьпікера Палаты прадстаўнікоў Баляслава Пірштука, рыхтуюцца зьмены ў гэты дакумэнт.

Аднак, гледзячы па ўсім, на народнае незадаволеньне ўлады рэагуюць традыцыйна. Ад сваёй прыроды нікуды ня дзецца. Падчас першага зьяўленьня на публіцы пасьля вяртаньня з Сочы Лукашэнка заявіў, што дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне імкнуцца ворагі, за якімі стаяць нейкія замежныя сілы.

І пачалося. Нядзельнай вулічнай акцыі ў Берасьці спадарожнічалі арышты актывістаў. Упершыню зь лета 2015 году.

6 сакавіка, у панядзелак, дзяржаўныя тэлеканалы выбухнулі цэлым залпам прапагандысцкай «чарнухі» супраць палітычных апанэнтаў. На «Беларусь 1» паказалі фільм «Званок сябру», які павінен быў выкрыць арганізатараў акцый пратэсту супраць дэкрэту № 3, найперш Міколу Статкевіча і анархістаў. Нічога сэнсацыйнага гледачы там ня ўбачылі. Традыцыйныя для дзяржаўных мэдыя абвінавачваньні. Як звычайна, пужалі Майданам, казалі пра замежныя грошы.

Шукаць лёгіку ў прапагандысцкіх фільмах не выпадае. Яна там і не патрэбна. Чорны антыпіяр не павінен зьвяртацца да рацыянальных аргумэнтаў. Ён з дапамогай відэашэрагу закліканы ствараць пэўнае міталягічнае поле, узьдзейнічаць на эмоцыі. Галоўнай пужалкай стаў кіеўскі Майдан. Аўтары фільму адкінулі ўсялякую паліткарэктнасьць у дачыненьні Ўкраіны, паўтарылі ўсе тэзісы расейскай прапаганды.

Мяне найбольш уразіла сума, патрэбная, аказваецца, для беларускай рэвалюцыі. У фільме гаворка ішла пра 500 ці 1 тысячу даляраў. Усяго толькі. Калі за такія грошы ў Беларусі можна арганізаваць Майдан, то гэта значыць, што ў краіне нешта ня так. Што ў грамадзтве назапасіўся такі патэнцыял незадаволеньня, такі гаручы матэрыял, што дастаткова запаветных 500 баксаў, каб успыхнуў пажар.

Пра анархіста Раманава, які нібыта рыхтаваў выбух, увогуле нейкая недарэчнасьць, з сэрыі дохлых пацукоў, якімі, нібыта, апазыцыянэры хацелі атруціць ваду ў Менску. Чым закончылася гэтая справа? Дзе гучны судовы працэс над тэрарыстам?

У краіне, дзе дзейнічаюць дзевяць спэцслужбаў і структур з правам апэратыўна-вышукавай дзейнасьці, не змаглі знайсьці нічога больш пераканаўчага, каб выкрыць палітычных апанэнтаў.

Адначасова на АНТ у перадачы «Справа прынцыпу», у якую гэтым разам не запрасілі ніводнага прадстаўніка незалежнага грамадзтва, праўладныя палітолягі заклікалі да рэпрэсій супраць апазыцыі. Даўно ўжо на дзяржаўных тэлеканалах мы ня чулі такога клікунства.

Дарэчы, пра дэкрэт № 3 таксама згадвалі крытычна. Але прыдумалі, як ім здаецца, тонкі ход, каб вывесьці з-пад крытыкі ягонага аўтара. Маўляў, дэкрэт добры, выканаўцы дрэнныя, сказілі выдатную ідэю. Якая знаёмая лёгіка!

З усёй гэтай гісторыі можна зрабіць простую выснову: калі ў Беларусі і будзе Майдан, то галоўным віноўнікам яго стане ўлада, якая сваімі няўклюднымі дзеяньнямі выштурхала на вуліцы і плошчы абураных людзей. Бо, каб дапячы маўклівых беларусаў, трэба вельмі моцна пастарацца.

Рэжым ня вытрымаў выпрабаваньня лібэралізацыяй. Бо яна для яго ненатуральная.

Але варта зьвярнуць увагу яшчэ на адзін момант. Пасьля «Арабскай вясны», кіеўскага Майдану ў асяродзьдзі заходніх палітыкаў і экспэртаў загучала думка, што для сьвету лепшы стабільны аўтарытарызм, чым нестабільная дэмакратыя. Апошнія падзеі ў Беларусі паказваюць, што стабільнасьць аўтарытарных рэжымаў — гэта міт.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG