Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары, пасьляслоўе: вынікі і рэакцыі. Жывы блог


Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў на «ўчастку 000-179»

Коратка

У нядзелю, 18 лютага ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Паводле ЦВК, датэрмінова прагаласавалі рэкордныя 34,95%, але сумарная яўка недацягнула да рэкорду: 77,05%.

Выбары адбыліся, паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, на 18 110 акругах — усіх, акрамя адной, дзе адзіны кандыдат зьняў кандыдатуру яшчэ да пачатку выбараў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што выбары прайшлі «спакойна і нават талерантна», незалежныя назіральнікі адзначалі разнастайныя парушэньні і перашкоды ў працы. Самы гучны скандал выбараў — «сакрэтны код 000-179», які нібыта дазваляў галасаваць аднаму чалавеку на некалькіх участках (Ярмошына назвала гэта «трызьненьнем»).

За кратамі на ноч пасьля выбараў правёў апэратар «Белсату» і давераная асоба кандыдата Мікалая Казлова Андрусь Козел. Ён заявіў, што яго зьбілі міліцыянты. Судзьдзя вярнуў ягоную справу на дапрацоўку. Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы раскрытыкаваў зьбіцьцё Козела.

Усё пра асноўны дзень галасаваньня >>

Апазыцыйныя партыі не прайшлі ў абласныя і Менскі гарадзкі саветы

ЦВК апублікаваў папярэднія «афіцыйныя» вынікі галасаваньня, прыводзяцца сьпісы пераможцаў у абласных саветах і Менскім гарадзкім. Сярод іх — ніводнага прадстаўніка апазыцыйных партыяў.

У Менскі гарадзкі савет па выніках выбараў будуць прызначаныя 57 дэпутатаў. Згодна папярэдніх вынікаў, там будзе абсалютная большасьць беспартыйных дэпутатаў, 6 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі, 4 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, 3 — Сацыяльна-спартыўнай партыі, па адным — Лібэральна-дэмакратычнай, Аграрнай і Патрыятычнай партыяў.

У абласныя саветы маюць прызначыць 352 дэпутатаў. Папярэднія вынікі падобныя: большасьць беспартыйных, 9 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі, 5 — партыі Працы і справядлівасьці, 1 — Лібэральна-дэмакратычнай, 2 — Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды.

Вынікі выбараў у гарадзкія, пасялковыя і сельскія саветы пакуль не апублікаваныя.

Вольга Чайчыц — жонка затрыманага ўчора Андруся Козела — зранку паехала ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Апэратар «Белсату» Козел быў даверанай асобай кандыдата Мікалая Казлова.

Пра мужа ёй не паведамілі новых падрабязнасьцей, яна наняла адваката. Козела, як паведамлялася раней, зьбілі на ўчастку чацьвёра міліцыянтаў, даставілі спачатку ў РУУС, затым у ЦІП на Акрэсьціна, дзе ён правёў ноч.

Козела могуць абвінаваціць ці то ў «непадпарадкаваньні міліцыі», ці то ў «нападзе на міліцыянта».

Апазыцыянэр Білібуха пераабраны ў сельсавет у Бярозаўскім раёне

Валер Білібуха
Валер Білібуха

У Бярозаўскім раёне Берасьцейшчыны, паводле папярэдніх дадзеных, паўторна выбралі ў Першамайскі сельсавет кандыдата ад незарэгістраванай Партыі БХД Валера Білібуху.

Валер Білібуха быў адзіным апазыцыйным дэпутатам у Беларусі ў сельскіх саветах мінулага скліканьня. На гэтых выбарах супраць яго ў сельсавет быў выстаўлены вэтэрынарны ўрач, аднак, як перадалі назіральнікі, Валер Білібуха перамог «са значным адрывам». У камісіі на ўчастку Білібухі быў прадстаўнік ад Партыі БНФ.

«Таму і не сфальсыфікавалі, бо мае людзі і ў камісіі былі, і ў назіраньні. А калі ў роўных умовах — вы ж ведаеце, тут у вёсках большасьць людзей за мяне», — заявіў Валер Білібуха.

У Берасьці сябра ўчастковай камісіі ад БНФ падала скаргу на дзеяньні старшыні камісіі

18 лютага ў Берасьці сябра выбарчай камісіі ўчастка № 15 ад Партыі БНФ Юлія Валынчук падала ў пракуратуру і ў гарадзкую камісію скаргу на дзеяньні старшыні гэтай камісіі Ганны Валынец.

Падставай для скаргі сталі дзеяньні старшыні ўчастковай камісіі ва ўтойваньні сьпісаў выбарнікаў: насуперак патрабаваньням часткі 6 артыкулу 37 Выбарчага кодэксу, тая не дала Валынчук магчымасьці азнаёміцца са спісамі выбарнікаў.

«Дзеяньні старшыні камісіі Валынец Ганны Пятроўны груба парушаюць Выбарчы кодэкс, парушаюць мае правы як сябра выбарчай камісіі, гарантаваныя часткай 6 артыкулу 37 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, перашкаджаюць мне выконваць мае абавязкі» — гаворыцца ў скарзе.

Загрузіць яшчэ

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG