Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя пра зьбіваньне назіральніка Козела: «Аказаў актыўнае непадпарадкаваньне», шкло разьбіў сам


Ілюстрацыйнае фота

На сайце ГУУС Менгарвыканкаму зьявілася паведамленьне пра затрыманьне 18 лютага Андруся Козела — даверанай асобы кандыдата Мікалая Казлова і апэратара «Белсату».

Паводле міліцыі, падставай для затрыманьня «паслужылі задзірлівыя дзеяньні назіральніка і яго адмова выканаць законныя [не зусім, чытайце ніжэй. — РС] патрабаваньні старшыні выбарчай камісіі спыніць відэаздымкі падчас падліку вынікаў галасаваньня».

На відэа Козела ня бачна «задзірлівых паводзінаў» (яно абрываецца на моманце, калі рука чалавека ў міліцэйскай форме цягнецца да камэры), але бачна, што побач зь ім міліцыянт стаяў прынамсі паўгадзіны, некалькі хвілін пераконваў Козела спыніць відэаздымкі, не растлумачыўшы законных падставаў — проста «вам забаранілі».

ГУУС абгрунтоўвае законнасьць патрабаваньняў тым, што Андрусь Козел тлумачыў сваё права фільмаваць працэс тым, што належыць да «аднаго з замежных СМІ», а гэтае СМІ «не акрэдытаванае ў Беларусі». Жонка Козела выказвала сумневы ў тым, што Козел на ўчастку меў нагоду прадставіцца прадстаўніком СМІ, а не даверанай асобай кандыдата (на відэа такога няма).

Сьцьвярджаецца, што прадстаўнік выбарчай камісіі зьвярнуўся да міліцыянтаў, тыя растлумачылі Козелу, што ён парушае парадак. Козел, гаворыцца на сайце міліцыі, звароты міліцыянтаў «праігнараваў», «аказаў актыўнае непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі, хапаў супрацоўніка за форму».

«Для спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні назіральніка была ўжытая фізычная сіла, — сьцьвярджаецца на міліцэйскім сайце. — Падчас выправаджэньня Козел нагой пашкодзіў шыбу дзьвярэй выбарчага ўчастку».

Жонка затрыманага Вольга Чайчыц сьцьвярджала раней, што Козела на ўчастку білі чацьвёра міліцыянтаў, сам ён пісаў, што яму «нанесьлі чатыры ўдары па галаве», разьбілі ягонай галавой дзьверы, дастаўлялі ў аддзяленьне скрываўленага.

Андруся Козела маюць судзіць 19 лютага. Верагодна, працэс адбудзецца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пасьля абеду, судзіць маюць за «непадпарадкаваньне міліцыі», за што пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (490–1225 рублёў на момант публікацыі) або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 дзён. Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы раскрытыкаваў зьбіваньне Козела.

Ці можна забараняць фота- і відэаздымкі назіральнікам і давераным асобам на ўчастку. Тлумачыць Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота
Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», экспэрт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч адзначае ў камэнтары Свабодзе, што ані дазволу, ані забароны на фота- і відэаздымкі падчас падліку галасоў у законах няма. Таму ён лічыць, што забароны на фільмаваньне, з прычыны якіх у час мясцовых выбараў выдалялі з участкаў шэраг назіральнікаў, незаконныя.

«Наш падыход такі, што назіральнік мае права ажыцьцяўляць фота- і відэаздымкі, гэта цалкам адпавядае прынцыпам галоснасьці ў час правядзеньня выбараў», — адзначае Стэфановіч.

Паводле артыкулу 13 Выбарчага кодэксу Беларусі, на ўчастку для галасаваньня могуць знаходзіцца акрэдытаваныя на ўчастку назіральнікі, давераныя асобы кандыдатаў (падчас падліку галасоў таксама сам кандыдат) і СМІ.

Але ў праваабаронцаў і старшыні ЦВК ёсьць «старая-старая канцэптуальная спрэчка», кажа Стэфановіч. Паводле ЦВК, калі ў кодэксе няма дазволу на фота- і відэаздымкі, то здымаць нельга.

Праваабаронцы лічаць, што калі няма забароны на фота і відэа, то здымаць можна, бо «пералік забаронаў заўсёды закрыты», а пералічыць усё дазволенае немагчыма: так, кодэкс не дазваляе пісаць у нататніку алоўкам або выходзіць у прыбіральню.

Стэфановіч кажа, што на гэтых выбарах Лідзія Ярмошына «давяла да абсурду» прынцып «калі не дазволена, то забаронена»: на скаргу кандыдата Юрася Губарэвіча аб несупадзеньні зьвестак назіральнікаў і камісіі аб яўцы яна адказала, што назіральнік ня можа весьці візуальны падлік выбарнікаў, бо гэта не пазначана ў Выбарчым кодэксе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG