Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары былі «максымальна бруднымі», — назіральнікі


Падлік галасоў на выбарчым участку ў Менску. 18 лютага 2018 году

Арганізатары грамадзкай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падвялі вынікі кампаніі выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў 28-га скліканьня.

Маніторынг ажыцьцяўлялі Беларускі Хэльсынскі камітэт (каардынатар Алег Гулак) і праваабарончы цэнтар «Вясна» (каардынатар Уладзімер Лабковіч). Назіраньне адбывалася цягам трох месяцаў.

Паводле назіральнікаў, гэтая выбарчая кампанія, які і папярэднія, не была ні свабоднай, ні справядлівай.

Мясцовыя выбары, пасьляслоўе: вынікі і рэакцыі. Жывы блог

Апазыцыі ў камісіях амаль не было

Асноўная крытыка папярэдніх выбарчых кампаній — практычная адсутнасьць у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазыцыйных партый.

Ня стала выключэньнем і сёлетняя: 97,8% — гэта прадстаўнікі афіцыйных прафсаюзаў, праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь», «Саюзу жанчын» і розных вэтэранскіх арганізацый.

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч

«Калі раней ЦВК заяўляла пра ўвядзеньне крытэраў для ўвядзеньня прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі паводле іх дзелавых якасьцяў, то на практыцы нічога падобнага не адбылося», — канстатаваў Уладзімер Лабковіч.

Усё больш кандыдатаў ад працоўных калектываў, як у СССР

Старшыня БХД Алег Гулак заявіў, што пашыраецца практыка вылучэньня кандыдатаў ад працоўных калектываў і грамадзкіх арганізацый. У такім выпадку дзяржава мае магчымасьць пры неабходнасьці адсейваць асобаў, якія ня ўпісваюцца ў фармат патрабаваньняў паводле ляяльнасьці да ўлады. Апазыцыя апрыёры знаходзіцца ў пройгрышы, паколькі бальшыня іх кандыдатаў крытычна ставіцца да цяперашняга палітычнага рэжыму.

Алег Гулак
Алег Гулак

Паводле Гулака, захоўваецца перадузятае стаўленьне да кандыдатаў, зарэгістраваных шляхам збору подпісаў. Так, ад руху «За свабоду» ў выніку забракавалі 71% вылучэнцаў, ад БХД — 33%.

Як адзначыў Алег Гулак, у параўнаньні зь мінулымі выбарамі дэпутатаў мясцовых саветаў, падчас сёлетняй выбарчай кампаніі кандыдаты ў дэпутаты больш актыўна выкарыстоўвалі магчымасьць стварэньня выбарчага фонду для фінансаваньня выдаткаў па перадвыбарчай агітацыі. Тым ня менш доля кандыдатаў, якія стварылі выбарчыя фонды, застаецца невысокай — усяго 10,4%.

У дзяржаўных СМІ была цэнзура

Толькі 35% назіральнікаў у рэгіёнах паведамілі, што мясцовыя СМІ надрукавалі праграмы ўсіх кандыдатаў. У большасьці дзяржаўных мэдыя пераважалі матэрыялы пра кандыдатаў ад улады — дзейных дэпутатаў, чыноўнікаў ці дырэктараў прадпрыемстваў. Пры гэтым практычна адсутнічала інфармацыя пра кандыдатаў ад апазыцыі або дзейнічала непрыхаваная цэнзура. У старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва выразалі зьвесткі пра партыйную прыналежнасьць і ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.

Кіраваў адмінрэсурс

Як згадаў Уладзімер Лабковіч, напярэдадні выбараў старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абяцала, што ўсё будзе «стэрыльна».

«Стэрыльна не атрымалася, атрымалася максымальна брудна, — канстатаваў Лабковіч. — Адміністрацыйны рэсурс па-ранейшаму застаецца асноўным чыньнікам яўкі і галасаваньня».

Ілюстрацыйнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прагаласавала на выбарах у мясцовыя саветы датэрмінова
Ілюстрацыйнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прагаласавала на выбарах у мясцовыя саветы датэрмінова

Зьявіліся карусэлі

Непрыемным сюрпрызам, паводле праваабаронцаў, стала практыка так званага «карусэльнага галасаваньня». Раней гэта мела адзінкавыя выпадкі, але цяпер набывае ўсё большыя маштабы. Сыгналы пра людзей, якія ходзяць па розных участках і галасуюць за патрэбных кандыдатаў, паступаюць усё часьцей.

Пашыранай зьявай стала выдаленьне незалежных назіральнікаў з участкаў, калі тыя спрабавалі зафіксаваць спробы падтасоўкі вынікаў галасаваньня. Таксама ня мае законнай падставы спроба паставіць на канвэер так званае датэрміновае галасаваньне з выездам на дом. Перадусім гэта тычыцца сельскай мясцовасьці, дзе ў асобных вёсках такім чынам прагаласавала больш, чым на выбарчых участках.

Сьпінамі да назіральнікаў

Падлік галасоў на выбарчым участку ў Менску. 18 лютага 2018 году
Падлік галасоў на выбарчым участку ў Менску. 18 лютага 2018 году

​«Самае сумнае — гэта падлік галасоў, — заявіў Уладзімер Лабковіч. — Па-ранейшаму дзейнічала старая схема, калі ад назіральнікаў адгароджваліся сьпінамі, не даючы сачыць за „магіяй лічбаў“, якая ствараецца падчас працэдуры падліку».

Лабковіч заявіў пра вялізныя разрывы паміж зьвесткамі назіральнікаў і выбарчых камісій — у асобных выпадках розьніца сягала 10 разоў.

Праваабаронцы заявілі, што па ўсіх прыкметах цяперашнія выбары не зьяўляюцца свабоднымі, дэмакратычнымі і празрыстымі. Іншымі словамі, улады толькі на словах заяўляюць пра лібэралізацыю выбарчага заканадаўства, аднак на справе гайкі толькі закручваюцца.

«На жаль, цяперашнія выбары не былі скарыстаныя дзеля таго, каб набіраць досьвед працы паводле дэмакратычных стандартаў, — перакананы Алег Гулак. — Сыстэме больш важна прадэманстраваць, што яна працуе ў аўтаномным рэжыме і кантралюе ўвесь „тэхналягічны працэс“ ад пачатку і да яго канца».

Мясцовыя выбары — трэніроўка перад прэзыдэнцкімі. Апазыцыя пра вынікі галасаваньня

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG