Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары, пасьляслоўе: вынікі і рэакцыі. Жывы блог


Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў на «ўчастку 000-179»

Коратка

У нядзелю, 18 лютага ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Паводле ЦВК, датэрмінова прагаласавалі рэкордныя 34,95%, але сумарная яўка недацягнула да рэкорду: 77,05%.

Выбары адбыліся, паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, на 18 110 акругах — усіх, акрамя адной, дзе адзіны кандыдат зьняў кандыдатуру яшчэ да пачатку выбараў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што выбары прайшлі «спакойна і нават талерантна», незалежныя назіральнікі адзначалі разнастайныя парушэньні і перашкоды ў працы. Самы гучны скандал выбараў — «сакрэтны код 000-179», які нібыта дазваляў галасаваць аднаму чалавеку на некалькіх участках (Ярмошына назвала гэта «трызьненьнем»).

За кратамі на ноч пасьля выбараў правёў апэратар «Белсату» і давераная асоба кандыдата Мікалая Казлова Андрусь Козел. Ён заявіў, што яго зьбілі міліцыянты. Судзьдзя вярнуў ягоную справу на дапрацоўку. Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы раскрытыкаваў зьбіцьцё Козела.

Усё пра асноўны дзень галасаваньня >>

Першы «выбарчы» прысуд: назіральніка асудзілі за лаянку

Сем сутак арышту прысудзіў 19 лютага суд Менскага раёну назіральніку на выбарах у мясцовыя саветы Арцёму Скарабагатаму, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Мясцовыя выбары — 2018: што гэта было? ВІДЭА

У Судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся працэс над апэратарам «Белсата» Андрусём Козелам.

Судзьдзя — Іван Касьцян. Андрусь кажа, што ў яго баліць галава, просіць дазволіць не ўставаць на пытаньні судзьдзі.

Андрусь Козел у міліцэйскай машыне
Андрусь Козел у міліцэйскай машыне

18 лютага Андрусь Козел быў зьбіты на 27-м выбарчым участку падчас здымак выбараў у Менскі гарсавет.

Паводле пратаколу аб адміністрацыйным парушэньні, які зачытаў судзьдзя, Андрусь Козел адмовіўся пакінуць выбарчы ўчастак на загад міліцыянта, «хапаўся за вопратку міліцыянта, працягваў рабіць відэаздымкі» з участку пасьля забароны здымаць.

Козелу пагражае адміністрацыйны арышт да 15 сутак альбо штраф да 50 базавых велічынь.

Паводле Андруся Козела, міліцыянты не патлумачылі, чаму яму нельга здымаць на выбарчым участку і ўжылі сілу.

«Спачатку два міліцыянты мяне схапілі і павялі з участку, каля выхаду з памяшканьня ўдарылі галавой аб дзьверы, потым павалілі на падлогу, працягнулі па ёй, некалькі разоў ударылі па нырках і па рэбрах», — апавёў Андрусь Козел.

Андрусь Козел у судзе
Андрусь Козел у судзе

Ён паведаміў, што ў Цэнтральным РУУС у яго адабралі нататнік, куды ён напісаў заяву аб зьбіцьці, забралі ўсе рэчы і праігнаравалі просьбу аб аказаньні мэдычнай дапамогі.

«У мяне цякла кроў, уся куртка была ў крыві, але міліцыянты ніяк не рэагавалі на просьбу аб дапамозе».

Андрусь Козел сказаў, што пры складаньні пратаколу аб адміністрацыйным парушэньні, яму не задавалі пытаньняў: «Пратакол міліцыянт складаў пад дыктоўку свайго начальніка».

Міліцыянт, які затрымліваў Андруся Козела
Міліцыянт, які затрымліваў Андруся Козела

Жывая трансьляцыя тэлеканалу «Белсат» з суду

Палітоляг: Апазыцыя «ўдзельнічае ў выбарчым фарсе» і «падтрымлівае існую лёгіку палітычнага рэжыму»

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў лічыць, што ў ацэнцы ўдзелу апазыцыі ў апошніх мясцовых выбарах трэба адштурхоўвацца ад таго, што ў Беларусі любыя выбары не з’яўляюцца дэмакратычнымі. Пра гэта ён сказаў у камэнтары Свабодзе.

Кампанія «Права выбару»: «Усё дэпутаты мясцовых саветаў не зьяўляецца законна выбранымі»

Арганізацыі-заснавальнікі кампаніі «Права выбару» — АГП, БНФ, БСДП(Г), БХД, «Зялёныя», РЭП, рух «За свабоду», ПСП — апублікавалі супольную заяву (тэкст на сайце БХД).

Пасьля пераліку шматлікіх парушэньняў яны заяўляюць ня толькі пра тое, што мясцовыя выбары былі несвабоднымі і несумленнымі, але і пра тое, што «ўсе дэпутаты мясцовых саветаў не зьяўляецца законна выбранымі прадстаўнікамі народу, але фактычна прызначаныя выканаўчай уладай»

«Падчас бягучай выбарчай кампаніі Беларусь ня толькі не наблізілася да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў, а нават пагоршыла ўзровень сваёй адпаведнасьці крытэрам АБСЭ», — гаворыцца ў заяве.

У Ельску арыштавалі праўладнага кандыдата, які быў адзіным у акрузе. Выбары не адбыліся

У Ельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 3, адзінай у Беларусі, не адбыліся выбары ў раённы савет. Пра гэта паведаміў Цэнтрвыбаркам.

Берасьцейскія сацыял-дэмакраты не прызналі вынікі выбараў

Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), кандыдаты ў Берасьцейскі гарсавет Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс накіравалі скаргі ў гарадзкую выбарчую камісію і пракуратуру.

У сваіх скаргах кандыдаты заяўляюць аб «нематывіраваным неўключэньні» іх прадстаўнікоў у склад участковых камісій, несупадзеньні ў зьвестках яўкі паводле назіральнікаў і пратаколаў камісіі, аб непразрыстым падліку галасоў, калі «назіральнікі знаходзіліся за 3-4 мэтры».
Апроч таго, кажа Маслоўскі, пасьля падліку галасоў камісія не правяла паседжаньне з разглядам пададзеных скаргаў.

Сацыял-дэмакраты просяць прыцягнуць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці «вінаватых у парушэньнях сябраў участковых камісіяў».

У сувязі з выяўленымі парушэньнямі Маслоўскі і Канюс просяць прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў на ўчастках № 38 і № 39 у Берасьцейскі гарадзкі савет дэпутатаў.

Ці можна было здымаць фота і відэа на выбарчых участках?

Неаднаразова ў час мясцовых выбараў назіральнікаў выдалялі з участкаў праз тое, што яны здымалі фота і відэа, а камісія ім гэта забараняла. Фільмаваньне відэа стала нагодай да затрыманьня і зьбіцьця Андруся Козела — даверанай асобы кандыдата Мікалая Казлова.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае ў камэнтары Свабодзе, што ані дазволу, ані забароны на фота- і відэаздымкі падчас падліку галасоў у законах няма. Таму ён лічыць, што забароны на фільмаваньне, з прычыны якіх у час мясцовых выбараў выдалялі з участкаў шэраг назіральнікаў, незаконныя.

У праваабаронцаў і старшыні ЦВК ёсьць «старая-старая канцэптуальная спрэчка», кажа ён. Паводле ЦВК, калі ў кодэксе няма дазволу на фота- і відэаздымкі, то здымаць нельга. Праваабаронцы лічаць, што калі няма забароны на фота і відэа, то здымаць можна, бо «пералік забаронаў заўсёды закрыты», а пералічыць усё дазволенае немагчыма: так, кодэкс не дазваляе пісаць у нататніку алоўкам або выходзіць у прыбіральню.

Лукашэнка адчайна змагаецца за статус міратворцы

Пра выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра ролю роля Беларусі ва ўрэгуляваньні канфлікту вакол Украіны​ — ​у новым блогу аналітыка Свабоды Валера Карбалевіча.

Міліцыя пракамэнтавала зьбіцьцё даверанай асобу кандыдата: «Аказаў актыўнае непадпарадкаваньне», шкло разьбіў сам

На сайце ГУУС Менгарвыканкаму зьявілася паведамленьне пра затрыманьне 18 лютага Андруся Козела — даверанай асобы кандыдата Мікалая Казлова і апэратара «Белсату».

Паводле міліцыі, падставай для затрыманьня «паслужылі задзірлівыя дзеяньні назіральніка і яго адмова выканаць законныя патрабаваньні старшыні выбарчай камісіі па спыненьні відэаздымкі падчас падліку вынікаў галасаваньня». Міліцыя абгрунтоўвае законнасьць патрабаваньняў тым, што Козел трумачыў сваё права фільмаваць працэс тым, што належыць да «аднаго з замежных СМІ», а гэтае СМІ «не акрэдытаванае ў Беларусі». Сьцьвярджаецца, што прадстаўнік выбарчай камісіі зьвярнуўся да міліцыянтаў, тыя растлумачылі Козелу, што ён парушае парадак.

Козел, гаворыцца на сайце міліцыі, звароты міліцыянтаў «праігнараваў», «аказаў актыўнае непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі, хапаў супрацоўніка за форменнае абмуньдзіраваньне».

«Для спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да назіральніка была ўжытая фізычная сіла, — сьцьвярджаецца на міліцэйскім сайце. — Падчас выправаджэньня Козел нагой пашкодзіў шкленьне дзьвераў выбарчага ўчастку».

Жонка затрыманага Вольга Чайчыц сьцьвярджала раней, што Козела на ўчастку зьбілі чацьвёра міліцыянтаў, сам ён пісаў, што яму «нанесьлі чатыры ўдары па галаве», разьбілі яго галавой дзьверы.

Андруся Козела маюць судзіць сёньня, 19 студзеня. Верагодна, працэс адбудзецца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску, судзіць будуць за «непадпарадкаваньне міліцыі», за што пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (490–1225 рублёў на момант публікацыі) або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 дзён. Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы раскрытыкаваў зьбіцьцё Козела.

Шушкевіч пра няўдзел у мясцовых выбарах: «Мы ўсё зрабілі правільна»

Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (БСДГ), якую ачольвае Станіслаў Шушкевіч, не ўдзельнічала ў апошніх мясцовых выбарах. Гэта прынцыповая пазыцыя партыі. Шушкевіч кажа, вынікі апошніх выбараў сьведчаць, што няўдзел — гэта правільна, і абураецца: «Колькі яшчэ трэба такіх выбараў, каб урэшце ўсе зразумелі, што ў нашай краіне свабодных выбараў не бывае?»

Мясцовыя выбары былі «максымальна бруднымі», — назіральнікі

Паводле кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», гэтая выбарчая кампанія, які і папярэднія, не была ні свабоднай, ні справядлівай. Апазыцыі ў камісіях амаль не было, усё больш кандыдатаў ад працоўных калектываў (як у СССР), у дзяржаўных СМІ была цэнзура, кіраваў адмінрэсурс, зьявіліся «каруселі», у час падліку галасоў назіральнікам паказалі збольшага сьпіны чальцоў камісіяў.

У Гомлі на ўчастку назіральнікі налічылі 389 выбарнікаў, камісія запісала 892

Галасаваньне ў Гомлі
Галасаваньне ў Гомлі

На выбарчым участку № 7 Савецкага раёну Гомля, як сьцьвярджаюць назіральнікі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, афіцыйная яўка ўдзелу ў галасаваньні гараджанаў завышана нават больш як у два разы.

«Па нашых падліках, датэрмінова на ўчастку прагаласавалі 85 выбарнікаў. Камісія падала ў выніковым пратаколе нашмат большую лічбу — 409. У асноўны дзень колькасьць прагаласаваўшых таксама істотна адрозьніваецца: па нашых падліках, галасавалі 389 выбарнікаў, участковая камісія запісала — 892. Апроч таго, 498 выбарнікаў з дзьвюх з паловай тысяч нібыта прагаласавалі дома», — заявіў Свабодзе Палякоў намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў.

Чытайце цалкам тут >>

«Яшчэ больш парушэньняў», — кампанія «За справядлівыя выбары»

Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка заявіў, што ў Беларусі яшчэ не было «больш бруднай» выбарчай кампаніі за тую, што была на мінулых мясцовых выбарах, піша БелаПАН.

Кампанія адзначыла ў ліку парушэньняў «каруселі», выказала сумнеў у тым, што ў дэпутаты «прапусьцяць» хоць бы невялікую колькасьць апазыцыі, прыйшла да высновы аб неадпаведнасьці афіцыйных вынікаў выбараў рэальнаму волевыяўленьню народу.

У кампаніі бралі ўдзел 12 палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянскіх ініцыятываў, яны выставілі 789 назіральнікаў на 54 участках 22 населеных пунктаў ва ўсіх абласьцях (7 назіральнікаў – доўгатэрміновае назіраньне, 114 – на датэрміновым галасаваньні, 668 – на асноўным дні галасаваньня).

Мясцовыя выбары — трэніроўка перад прэзыдэнцкімі,— апазыцыя пра вынікі галасаваньня

Вынікі ўчорашніх выбараў у мясцовыя саветы камэнтуюць лідэры БНФ, БХД і руху «За свабоду».

Ілюстрацыйнае фота. Выбары ў мясцовыя саветы. Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. Менск, школа № 20. 18 верасьня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ў мясцовыя саветы. Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. Менск, школа № 20. 18 верасьня 2018 году

Зьверка сьпісаў. У бабруйскіх рабочых выпытваюць, ці хадзілі яны галасаваць

У Бабруйску на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў апытваюць работнікаў, ці хадзілі тыя на выбары. З чым зьвязаны такі інтарэс, казаць адмаўляюцца. Начальства гаворыць, што такі загад нібыта прыйшоў «зьверху».

Пра апытаньне паведаміў работнік прадпрыемства, які назваўся Мікалаем. Паводле яго, старшыя майстры са складзенымі сьпісамі абыходзяць кожнага чальца працоўнага калектыву.

Цалкам чытайце тут >>

На мясцовых выбарах сярод партый лідзіруюць камуністы

Сярод новаабраных дэпутатаў абласных і менскага гарадзкога саветаў — 35 чальцоў розных палітычных партыяў. Гэта найвышэйшы ўзровень на мясцовых выбарах. Канкрэтнае іх прадстаўніцтва выглядае так:

  • Камуністычная партыя Беларусі — 16.
  • Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 11.
  • Беларуская сацыяльна-спартовая партыя — 3.
  • Лібэральна-дэмакратычная партыя — 2.
  • Сацыял-дэмакратычная партыя («Народная згода») — 1.
  • Беларуская аграрная партыя — 1.
  • Беларуская патрыятычная партыя — 1.

У рэгіёнах партыйнае прадстаўніцтва выглядае так:

  • Менск — 19.
  • Гомельская вобласьць — 6.
  • Берасьцейская — 4.
  • Віцебская — 2.
  • Менская — 2.
  • Горадзенская — 1.
  • Менская — 1.

Палітоляг Чавусаў: «Гэта доказ прызначальнага фармату так званых выбараў»

1%

У Менскі гарадзкі савет балятаваўся сярод іншых Дзяніс Ціханенка, памочнік дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганны Канапацкай. Паводле афіцыйных зьвестак, яму дастаўся 1% галасоў. Канапацкая пытае пра давер уладам (у асобе памочніка дэпутата), Ціханенка адзначае дзіўнае супадзеньне лічбаў датэрміновага галасаваньня.

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG