Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «У слаўным летапісе КДБ ёсьць нямала яркіх старонак»


Жалобная акцыя каля менскага будынку КДБ у гадавіну «чорнай ночы» 1937 году

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў 20 сьнежня беларускі Камітэт дзяржаўнай бясьпекі са 100-годзьдзем (хоць 100 год споўнілася не беларускай, а расейскай спэцслужбе).

«У слаўным стогадовым летапісе нацыянальнай спэцслужбы ёсьць нямала яркіх старонак, напоўненых легендарнымі імёнамі, прыкладамі сапраўднага патрыятызму, крышталёвай сумленнасьці, бездакорнага выкананьня службовага абавязку і гатоўнасьці да самаахвяраваньня, — напісаў Аляксандар Лукашэнка ў афіцыйным віншаваньні КДБ. — Перакананы, што цяперашняе пакаленьне супрацоўнікаў годна выконвае свой абавязак, забясьпечваючы надзейную абарону беларускай дзяржавы. Заклад посьпеху — прафэсіяналізм і сталасьць кадраў, высокі інтэлектуальны і тэхнічны патэнцыял органаў дзяржаўнай бясьпекі».

Чатырма днямі раней Лукашэнка казаў, што за мінулае «чэкістаў» беларусам «саромецца няма чаго».

Юбілей беларускага КДБ адзначаецца ў гадавіну ўтварэньня «Ўсерасейскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам пад кіраўніцтвам» Фэлікса Дзяржынскага. Толькі пазьней, у 1918 годзе было створанае заходняе аддзяленьне камісіі.

У 1922 годзе ў БССР было ўтворанае ўласнае, але падкантрольнае Крамлю Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленьне («ГПУ») — выключна палітычная спэцслужба. У 1934 годзе ягоным пераемнікам стаў Народны камісарыят унутраных справаў БССР («НКВД»). У 1946 годзе ён быў перайменаваны ў Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі («МГБ»), у 1953 годзе «МГБ» аб’ядлналі зь Міністэрствам унутраных справаў, а ў 1954-м вылучылі зь яго Камітэт дзяржаўнай бясьпекі СССР («КГБ») і ўтварылі асобны (але таксама падкантрольны Крамлю) беларускі КДБ.

Асобны нацыянальны беларускі КДБ, незалежны ад Крамля, быў утвораны ў верасьні 1991 году пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

«Продкі» беларускага КДБ пастаянна, ад самага 1917 году ўдзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях супраць беларусаў. Пад рэпрэсіі трапілі ня меней за 600 тысяч беларусаў (а то і 1,4 мільёна), але дакладныя лічбы не вядомыя гісторыкам — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Беларусы нярэдка заяўляюць пра катаваньні ў сучасным беларускім КДБ.

Сёлета КДБ адзначылася фальшывай «справай партыётаў»: фігурантаў вызвалілі пасьля зьняволеньня ў СІЗА КДБ і большасьці ня выставілі новых абвінавачаньняў, але КДБ адмовілася кампэнсаваць зьняволеньне па «фэйкавай» справе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG