Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нацягнулі мяшок на галаву і закінулі ў машыну». Актывіст Сяргей Кулініч паскардзіўся ў Генэральную пракуратуру на супрацоўнікаў КДБ


Сяргей Кулініч
Сяргей Кулініч

Адзін зь фігурантаў справы «аб рыхтаваньні масавых беспарадкаў» Сяргей Кулініч накіраваў скаргу ў Генэральную пракуратуру, патрабуючы праверыць факты жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня з боку супрацоўнікаў КДБ.

Таксама актывіст зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт, каб той вынес пастанову аб кампэнсацыі шкоды за ўтрыманьне пад вартай.

Актывіст лічыць сваё затрыманьне формай жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня, прыніжэньнем чалавечай годнасьці, што забаронена Канвэнцыяй ААН супраць катаваньняў.

Сяргей Кулініч адзначае, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс не прадугледжвае такога захаду, як надзяваньне чорнага мяшка на галаву пры затрыманьні. Гэта сьведчыць, што супрацоўнікі КДБ перавысілі свае паўнамоцтвы.

Кулініч заяўляе, што пры затрыманьні ён не супраціўляўся, а таксама не ўчыняў дзеяньняў, якія вымушаюць ужываць фізычную сілу і спэцыяльныя сродкі.

Таму зьбіцьцё кулакамі і надзяваньне кайданкоў былі незаконныя і парушылі права затрыманага на асабістую недатыкальнасьць.

Сяргей Кулініч расказаў, што яго брутальна затрымалі 24 сакавіка, калі ён ішоў з кватэры, дзе быў Мікалай Статкевіч.

«Выйшаў з крамы на вуліцы Адзінцова і неўзабаве пачуў тупат, быццам хтосьці бяжыць за мной. Я павярнуўся і ўбачыў за паўтара мэтра ад сябе некалькі чалавек. Яны мяне схапілі і некалькі разоў ударылі кулакамі, спрабуючы пацэліць у жывот. Затым надзелі кайданкі, нацягнулі мяшок на галаву і закінулі ў машыну. Памятаю, што мяне кінулі на падлогу ці ў гэтай машыне, ці ў аўтобусе, у які мяне потым перацягнулі. Я быў у стане шоку. Я адчуваў сябе чалавекам, усе дзеяньні якога могуць кантралявацца, з якім могуць рабіць што заўгодна».

Сяргей Кулініч прасядзеў дзесяць дзён у СІЗА КДБ, а дапытвалі яго толькі на пяты дзень арышту.

«Прычым падчас допыту мне задавалі пытаньні, якія ня мелі ніякага дачыненьня да справы аб рыхтаваньні масавых беспарадкаў. Усё, што хацелі зрабіць стасоўна мяне, — гэта запужаць і псыхалягічна зламіць», — распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна» Кулініч.

Зь СІЗА КДБ Сяргея Кулініча выпусьцілі 3 красавіка, а напачатку чэрвеня супраць яго спынілі крымінальны перасьлед у справе аб рыхтаваньні масавых беспарадкаў.

Раней актывіст Сяргей Кунцэвіч накіраваў у Сьледчы камітэт заяву, у якой просіць правесьці праверку што да катаваньняў у СІЗА КДБ і ў СІЗА № 1 Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG