Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Былі гісторыі, пасьля якіх мне рабілася дрэнна». Ілюстратарка дзіцячых кніг зрабіла праект пра катаваньні


«Пасьля сустрэчы з роднымі ахвяр выкінула ўсе ранейшыя эскізы», — як прымусіць людзей адчуваць чужы боль, расказвае Радыё Свабода менская мастачка Стася Сакалоўская.

«Мы паехалі ў Ніжні Ноўгарад, дзе знаходзіцца Камітэт па прадухіленьні катаваньняў. І там былі людзі, над гісторыямі якіх мы працавалі. Журналіст размаўляў зь імі, а я рабіла эскізы, — кажа Стася Сакалоўская. — Былі такія гісторыі, пасьля якіх мне станавілася дрэнна. Самая складаная — гісторыя Аляксея Міхеева, зь якой пачалася гісторыя Камітэту. Мы сустракаліся ў ягонай маці. І яна расказвала, як бегла ў паліцэйскі пастарунак да сына. Акурат у той момант, калі ён выкінуўся ў вакно. Маці знайшла на асфальце частку скуры зь яго чэрапа і падабрала. Бо ёсьць прыкмета, што нельга птушкам пакідаць чалавечыя валасы... Я калі гэта слухала, то было вельмі складана. Не магу нават уявіць, што маці ў такія моманты можа адчуваць».

Стася Сакалоўская — ілюстратар, стварае малюнкі для дзіцячых кніг. Вясной яна атрымала прапанову паўдзельнічаць у праскай рэзыдэнцыі — своеасаблівым месячным зьезьдзе мастакоў. Для свайго праекту трэба было абраць тэму, прапанаваную адной зь недзяржаўных арганізацый зь іншай краіны. Мастачцы даслалі сьпіс зь пяці арганізацый. Спачатку яна выбрала тры, сярод якіх быў расейскі Камітэт па прадухіленьні катаваньняў.

«Раней я нічога пра гэты камітэт ня ведала. Але калі бліжэй пазнаёмілася зь яго дзейнасьцю, то вырашыла, што мне працаваць зь імі будзе цікава», — кажа мастачка.

Сакалоўскай прапанавалі праілюстраваць пяць гісторый расейцаў, якія сутыкнуліся з катаваньнямі.

З гісторыі, пра якую расказвае Сакалоўская, фактычна і пачаўся расейскі Камітэт па прадухіленьні катаваньняў. Арганізацыю стварылі ў 2000 годзе. Нагодай для гэтага стала гучная справа жыхара Ніжняга Ноўгараду Аляксея Міхеева, якога затрымалі па падазрэньні ў згвалтаваньні і забойстве і гвалтам змусілі прызнацца ў злачынстве. У выніку Міхееў у нейкі момант выкінуўся з вакна аддзяленьня паліцыі, атрымаў пералом хрыбетніка і шэраг іншых сур’ёзных траўмаў, застаўся інвалідам і дагэтуль знаходзіцца пад наглядам маці, чый аповед так уразіў беларускую мастачку.

Пасьля сустрэчы з роднымі ахвяр катаваньняў Стася Сакалоўская выкінула ўсе ранейшыя напрацоўкі па тэме і стварыла зусім новыя эскізы і ілюстрацыі. Кажа, што калі чытала пра гісторыі сваіх герояў, то зусім іначай уяўляла, якім павінен быць яе мастацкі праект.

«Я ня ведаю, ці спадабаліся мае ілюстрацыі героям матэрыялу»

«Калі сустракаесься з чалавекам, то складаецца яго вобраз. Яго характар раскрываецца. Ты фармуеш у сваім уяўленьні яго плястыку, форму. Прыкідваеш, колькі прасторы на лісьце паперы ён можа займаць, — кажа Сакалоўская пра тэхніку стварэньня ілюстрацый. — Важна вылучыць галоўныя эмоцыі, за якія можна зачапіцца. Стылізацыя адбываецца. У некага я моцна павялічыла рукі, каб можна было самому сябе абняць. Таму што іншай дапамогі няма, чалавек у такой сытуацыі застаецца адзін, толькі сам сябе можа падтрымаць».

Мастачка працуе выключна алоўкамі. Ілюстрацыя ствараецца на паперы, пасьля скануецца. Падчас працы над праектам для Камітэту па прадухіленьні катаваньняў Сакалоўская ня бачыла канчатковага тэксту, напісанага журналістам.

Яна кажа, што самой было цікава пабачыць, наколькі яе ўражаньні ад гісторый супалі з тэкстам або яго дапоўнілі.

«Я ня ведаю, якія эмоцыі выклікалі мае ілюстрацыі ў герояў публікацыі. Ня ведаю, спадабалася ім ці наадварот. Што яны адчувалі, калі іх пабачылі. Ці было б цікава даведацца? Але я дакладна ведаю, што не рабіла б гэтыя ілюстрацыі па-іншаму».

«Калі сутыкаесься з такімі сытуацыямі, то пачынаеш вастрэй на іх рэагаваць. Становісься больш адчувальным», — кажа Стася Сакалоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG