Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А правільная ж назва — Дзень матчынай мовы. І беларусы выдатна ведаюць гэты выраз. ВІДЭА


Доля беларускай мовы як роднай у перапісах 1897–2009 г.
Доля беларускай мовы як роднай у перапісах 1897–2009 г.

Выраз «матчына мова» зразумелы беларусам. А як перакласьці яго на расейскую? Многія спытаныя на вуліцы гэтага зрабіць не маглі. Такая розьніца паміж мовамі паўплывала нават на вынікі перапісу насельніцтва.​

Міжнародны дзень матчынай мовы 21 лютага адзначаецца пад эгідай UNESCO з 1999 году. Па-ангельску гэта International Mother Language Day . У сетках ён пад пазнакай #MotherLanguageDay, юнэскаўскі твітэр тлумачыць: #Languages are who we are. Protecting this identity is a matter of human rights! ‘Мовы — гэта тое, кім мы ёсьць. Абарона гэтай тоеснасьці — пытаньне правоў чалавека’.

Гістарычна гэта дзень памяці студэнтаў трох унівэрсытэтаў гораду Дакi, цяперашняй сталіцы Банглядэш, якія ў 1952 годзе выступілі за прызнаньне бэнгальскае мовы як дзяржаўнай у тагачасным Усходнім Пакістане і былі расстраляныя пакістанскай паліцыяй.

І па-бэнгальску ж таксама матчына мова: মাতৃভাষা [mātr̥bhāṣā] — з агульнаіндаэўрапейскім коранем matr- ‘мацярынскі’. Наагул гэты выраз супольны для многіх моваў сьвету — ад ангельскай і гішпанскай да бэнгальскай і кітайскай.

І для нашай. Прыгадайма філязофскі верш Генадзя Бураўкіна і песьню на яго Лявона Барткевіча. „Я ня гáню землі чужыя“, сьпяваюць Лявон Барткевіч і Данчык. Рэфрэн:

Гэта ўсё, безумоўна, ня нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?

У двух радках вобразы-архетыпы, каштоўнасьці, якія вякамі фармавалі беларускі мэнталітэт. Сям’я, праца і родная зямля, свой дом на ёй і — матчына мова.

Ці ведаюць гэты выраз мінакі на менскай вуліцы?

Як перакласьці выраз «матчына мова»?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:24 0:00

— Матчына мова, да.
— Матчына мова. Наша родная беларуская мова.

Выраз вядомы практычна ўсім беларусам. А як перакласьці яго на расейскую? Нібы нічога надзвычайнага: цёплыя шкарпэткі або хуткі цягнік перакладаюць лёгка і адразу. Але з матчынай мовай задача аказалася нечаканая:

Матчына мова... Ня ведаю... Родная... Не знаю!
— Матчына мова? Материнская речь, наверное... Так?
— Это... Материнское слово (усьмешка)… Материнский язык...

Людзі, перакананыя, што яны валодаюць расейскаю, у разгубленасьці:

— Нет, я не слышал такого.
— Матчына мова? (сьмех) Без понятия...
— Што такое мова?
— Мова — это язык.
— А матчына?
— Матчына... Материнский язык? (сьмех)

Бо выраз матчына мова для беларуса не вымагае тлумачэньня, але на расейскую адэкватна не перакладаецца: губляецца вобразнасьць, а калька (даслоўны пераклад) гучыць нязвыкла і штучна.

Матчына мова — моцны і глыбока асабісты паэтычны вобраз. Гэта і прынятая ўсёй нацыяй мэтафара менавіта для беларускае мовы. Выраз толькі прыблізна адпавядае расейскім „родная речь“ або „родное слово“. Яны таксама эмацыйныя, але ж у іх закладзеныя іншыя асацыяцыі, няма беларускай блізкасьці вобразаў мовы і маці.

У расейскай сацыялінгвістыцы ўжываецца выраз „материнский язык“, аднак гэта вузкі канкрэтны навуковы тэрмін, скапіяваны з заходніх моваў.

Пра ўплыў перапісу на сьвядомасьць

Бяда, калі такіх сэмантычных нюансаў не адчуваюць беларускія сацыёлягі, што дасьледуюць моўную сытуацыю, і беларускія дэмографы, што праводзяць перапісы насельніцтва.

Ізноў нагадаю вынікі апошняга перапісу — 2009 году — у параўнаньні з 1999-м: працэнт жыхароў Беларусі, якія лічаць беларускую мову роднаю, абваліўся з 74% да 52%. Доля этнічных беларусаў, якія лічаць роднаю мову свайго народу, упала яшчэ больш строма — з 86% да 60%.

Такіх прэцэдэнтаў — каб за дзесяць год гэтак радыкальна мяняліся моўныя паводзіны і каштоўнасьці — сьвет, бадай, ня ведаў з пачатку падобных дасьледаваньняў.

Прычына ня толькі ў адмоўным стаўленьні дзяржавы да беларускае мовы, да якога прыстасоўваюцца несвабодныя людзі. Зьмяніліся фармуляваньні ў перапісных анкетах!

У перапісным блянку 1999 году (і ў ранейшых перапісах) быў просты пункт: „Родная мова“, і людзі адказвалі на пытаньне як яго адчувалі.

А ў 2009 годзе анкету памянялі, у дужках прыпісаўшы тлумачэньне: родная мова — гэта „мова, засвоеная першаю ў раньнім дзяцінстве“. Фармальны „материнский язык“, карацей кажучы. І калі статыстычнае ведамства пачало за беларусаў тлумачыць, што яны павінны разумець пад роднай мовай, гэта прывяло да разгубленасьці апытаных, паспрыяла радыкальнаму спаду адноснай колькасьці тых, хто назваў беларускую мову роднаю.

Але ж у нас многія перажылі моўны разрыў пакаленьняў: іхныя бацькі, самі з маленства беларускамоўныя, размаўлялі зь дзецьмі як умелі па-расейску, каб не ўскладняць ім жыцьця.

У нашым апытаньні хлопец зь дзяўчынай, спрабуючы перакласьці выраз матчына мова на расейскую, самі сабе дзівяцца і апраўдваюцца:

(Дзяўчына:) Матчына мова... Это материнская… язык?
— Якая ваша матчына мова?
(Дзяўчына:) — Беларуская...
(Хлопец:) — Но почему-то разговариваем на российской!
(Дзяўчына:) — Ну мы привыкли… Нужно как-то с людьми находить общий язык…

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:06 0:00

Мы ня ведаем, ці сапраўды для нашых суразмоўцаў беларуская — гэта першая мова іхнага сямейнага ўзгадаваньня. Але яны яе называюць матчынай, роднай. І так многія. Маюць права.

Кажучы высокім стылем, мова народу — як маці, яе не выбіраюць і яна застаецца роднаю, нават калі зь ёю часова разлучыў лёс. Пасьля кольківекавога адміністрацыйнага выцісканьня беларускае мовы з грамадзкага ўжытку (якое працягваецца і цяпер) тым ня менш мноства людзей называюць беларускую мову роднаю. Пра беларускую скажуць „матчына мова“ і тыя, з кім маці ўжо не гаварыла па-беларуску — але зь ёю магла гаварыць ейная маці, гавораць іншыя родзічы — і выраз у такім выпадку значыць „традыцыйна свая“. У нашай традыцыі паняцьці матчына мова, родная мова — адна з пазнакаў нацыянальнай прыналежнасьці. Так беларус маніфэстуе, што для яго беларуская мова ёсьць каштоўнасьцю, а таксама сьведчыць гатоўнасьць вярнуцца да яе самому або вярнуць сваіх дзяцей (каб жа яшчэ спрыяльныя ўмовы былі!).

А як трэба рабіць на добры лад?

Каб не забіраць у чалавека права на ідэнтычнасьць, каб бачыць моўныя каштоўнасьці народу і ў залежнасьці ад гэтага распрацоўваць адэкватную моўную палітыку, трэба адпаведныя пытаньні ў перапісных анкетах.

У эўрапейскіх краінах ці рэгіёнах са складанай моўнай сытуацыяй (а ў Беларусі яна вельмі складаная) моўны разьдзел перапісу мае да паўтара дзясятка пытаньняў: пра родную мову, пра актыўнае і пасіўнае (на ўзроўні разуменьня) валоданьне пэўнаю моваю, пра выкарыстаньне мясцовых гаворак і г.д. Гэтак у Ірляндыі, Уэльсе, Швайцарыі. У адказных за свой народ дзяржавах здабываюць важныя зьвесткі пра стан моваў, якія раней цярпелі ад уціску, і адпаведна выпрацоўваюць захады для забесьпячэньня права народаў на родную мову.

Набліжаецца чарговы перапіс. У ім зноў будзе моўнае пытаньне, якое на гэты момант зьбіраюцца паўтарыць паводле ўзору 2009 году. Але яшчэ ня позна памяняць і дапоўніць — скарыстаўшы міжнародны досьвед краін з падобнымі праблемамі — моўную анкету перапісу.

P. S. А назвы міжнародных арганізацыяў, падзеяў і сьвятаў зусім неканечне перакладаць з расейскай.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG