Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 да 205. Права беларускамоўных на адукацыю ў лічбах. Да Міжнароднага дня матчынай мовы


У Міжнародны дзень матчынай мовы мы прыпомнілі статыстыку і параўналі шанцы расейскамоўных і беларускамоўных працягнуць адукацыю ва ўнівэрсытэце тою моваю, на якой яны вучыліся ў школе.

Праграма да Дня матчынай мовы 2016 г.

21 лютага пад эгідай UNESCO з 1999 году адзначаецца Міжнародны дзень матчынай мовы. У сетках весткі пра яго пад пазнакай #MotherLanguageDay, у юнэскаўскім твітэры яго сутнасьць тлумачыцца сьцісла: #Languages are who we are. Protecting this identity is a matter of human rights! Мовы — гэта тое, кім мы ёсьць. Абарона гэтай тоеснасьці — пытаньне правоў чалавека.

Дзень менавіта „матчынай мовы“, па-ангельску International Mother Language Day. І ў мове, зь якой зьвязаны пачатак традыцыі, у бэнгальскай, мова называецца матчынаю: মাতৃভাষা [mātr̥bhāṣā] — чуваць корань matr-, ‘мацярынскі’, агульны для ўсіх моваў індаэўрапейскай сям’і.
Беларускі выраз „матчына мова“ супольны для многіх моваў сьвету — ад ангельскай ці гішпанскай да бэнгальскай і кітайскай. На расейскую ён не перакладаецца з захаваньнем вобразнасьці, што пацьвярджаюць нашыя вулічныя апытаньні:


Міжнародны дзень матчынай мовы 21 лютага ўшаноўвае памяць студэнтаў трох унівэрсытэтаў гораду Дакi, цяперашняй сталіцы Бангладэш, якія ў 1952 годзе выступілі за прызнаньне бэнгальскае мовы як дзяржаўнай у тагачасным Усходнім Пакістане і былі расстраляныя пакістанскай паліцыяй.

Манумэнт у Дацы ў памяць забітых падчас дэманстрацыі Руху за бэнгальскую мову ў 1952 г. Фота Mostaque Ahammed
Манумэнт у Дацы ў памяць забітых падчас дэманстрацыі Руху за бэнгальскую мову ў 1952 г. Фота Mostaque Ahammed


UNESCO і ўся ААН адзначае гэты дзень як напамін пра крытычную важнасьць моўнай і культурнай разнастайнасьці сьвету для прагрэсу, роўнасьці, забесьпячэньня фундамэнтальных правоў.
2008 год быў абвешчаны Міжнародным годам моваў. Генэральная Асамблея прапанавала
„дзяржавам-сябрам, сыстэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў і ўсім іншым адпаведным зацікаўленым бакам распрацаваць, падтрымаць і актывізаваць захады дзеля спрыяньня павазе да ўсіх моваў, а таксама дзеля падтрымкі й абароны ўсіх моваў (асабліва моваў, якія знаходзяцца на мяжы зьнікненьня), лінгвістычнай разнастайнасьці і шматмоўя“.

Нагадаю, што Рэспубліка Беларусь — сябра ААН, а значыць, і да яе зьвернутая гэтая рэзалюцыя. Тым ня менш беларуская мова, паводле клясыфікацыі атлясу моваў сьвету ў небясьпецы UNESCO, ужо даведзеная ў Беларусі да стану vulnerable (аслабленай, уразьлівай). Гэта так званая „белая“ ступень небясьпекі, першая зь пяці прыступак уніз — да поўнага зьнішчэньня мовы.


Штогод Міжнародны дзень матчынай мовы прысьвячаецца пэўнай тэме, зьвязанай з моваю. Сёлетняя тэма — „Да ўстойлівай будучыні праз шматмоўную адукацыю“. Генэральны дырэктар арганізацыі Ірына Бокава выступіла з пасланьнем, дзе нагадала:
Магчымасьць атрымліваць адукацыю і інфармацыю на роднай мове мае найважнейшае значэньне для забесьпячэньня якасьці навучаньня, умацаваньня даверу і павышэньня самаацэнкі як магутных чыньнікаў разьвіцьця.

Як жа адпавядае гэтаму бясспрэчнаму пастуляту найбольш аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, куды ўваходзіць і Беларусь, моўная сытуацыя ў нашай адукацыйнай сыстэме?

Перакуленая піраміда

Так выглядае адпаведная дыяграма. Паводле апошняга дзяржаўнага перапісу насельніцтва, праведзенага ў 2009 годзе, 53,2% жыхароў Беларусі назвалі беларускую мову роднаю. Прызналіся, што ўжываюць яе як гутарковую, 23,4%. Здавалася б, дзяржаўная адукацыйная палітыка павінна грунтавацца на гэтых лічбах. (Папраўдзе яны спрэчныя, перапісная анкета недасканалая, бо чалавек можа гаварыць на дыялекце, на гарадзкім піджыне і ня лічыць яго беларускаю моваю, але іншых лічбаў ня маем.)
А вось найноўшы даступны публіцы тэматычны зборнік Нацыянальнага статыстычнага камітэту апісвае адукацыйную статыстыку 2014/15 навучальнага году. Тады ў дзіцячых садках па-беларуску выхоўваліся толькі 10,5% дзяцей (у 2010 было яшчэ 12,8%). У Менску ўтрая меней — 3,2%.

Вучняў беларускамоўных сярэдніх школаў ці клясаў было 14,5% ад агульнай колькасьці вучняў дзённых сярэдніх школаў, або 135,1 тыс. з 931,3 тыс.

Дынаміка колькасьці школьнікаў, што вучацца па-беларуску (паводле крыніцаў ТБШ), за апошнія 6 гадоў асабліва красамоўная:

2010/11 — 178,4 тыс. (19%)
2011/12 — 163,4 тыс. (17,8%)
2012/13 — 150,7 тыс. (16,6%)
2013/14 — 142,0 тыс. (15,5%)
2014/15 — 135,1 тыс. (14,5%)
2016/17 — 128,6 тыс. (13,1%)
У Менску, дзе штогод беларускамоўныя бацькі марна шукаюць сваім дзецям беларускае школы ня надта далёка ад дому, толькі для 2,3% школьнікаў забясьпечана права вучыцца па-беларуску.

У сярэдніх спэцыяльных навучальных установах па-беларуску займалася 0,23% (300 чалавек з 129 тысячаў; відаць, гэтыя 10-12 групаў — выключна навучэнцы пэдагагічных каледжаў, і то ня ўсіх).

І ўрэшце, вышэйшая адукацыя. На беларускай мове навучаліся 300 студэнтаў — гэта 0,08% ад агульнай колькасці (362,9 тыс.) і ў 9 разоў менш, чым пяць гадоў таму.

(Я ня браў да ўвагі колькасьць тых, што, паводле міністэрства адукацыі, „обучались на белорусском и русском“ у каледжах і ўнівэрсытэтах, а прыплюсоўваў гэты працэнт да працэнту расейскамоўнага навучаньня. Бо гэта фікцыя, задача якой — зьмякчыць уражаньне ад красамоўнай статыстыкі. Сям-там ва ўнівэрсытэтах яшчэ чытаецца аднасэмэстравы курс беларускай мовы, у пэдагагічных каледжах таксама яе выкладаюць — вось і маеш „двумоўе“, яшчэ больш уяўнае, чым у расейскамоўнай сярэдняй школе.)

Чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым больш радыкальна — да нуля — звужаюцца магчымасьці вучыцца па-беларуску. Толькі палова дзяцей зь беларускамоўных сем’яў можа вучыцца па-беларуску ў школе (да таго ж пераважна ў вёсцы, а ў гарадах гэты працэнт куды меншы ды часта імкнецца да нуля).

Хто „волен”, а хто не

Дамагчыся канстытуцыйнага права вучыць сваіх дзяцей па-беларуску мы ня можам, нават непасрэдна плоцячы дзяржаве грошы. Колькі гадоў таму мы з дачкой вырашылі, што ёй для паступленьня варта падвучыцца профільным прадметам — біялёгіі ды хіміі — на платных курсах у Ліцэі БДУ. БДУ ў нас адзін, Ліцэй БДУ зь ягонымі курсамі таксама адзін на ўсю краіну, а значыць, ён і для тых 15-16% школьнікаў, што вучыліся на той момант па-беларуску. На кожны прадмет там набіраюць па некалькі групаў. Ну дык аб’явіце загадзя, што 5 групаў хіміі расейскамоўныя, а адна беларускамоўная.

Аднак я атрымаў ад тагачаснага дырэктара Ліцэю БДУ такі адказ:
„Паколькі мы не атрымлівалі заяў, апрача Вашай, аб беларускамоўным навучанні на падрыхтоўчых курсах, то ўсе сфарміраваныя групы хіміка-біялагічнага кірунку навучання рускамоўныя“.
Іронія ў тым, што ніхто не падаваў заяваў і на расейскамоўнае навучаньне, бо ў стандартным блянку заявы не палічылі патрэбным мець такую графу. Інакш кажучы, апрыёры моўныя правы гарантаваліся толькі расейскамоўным.

Дырэктара звалі Вадзім Матуліс. Я знайшоў яго адказ на тутбаеўскую анкету „Быць беларусам — што гэта значыць?“
— Белорус без знания языка — белорус?
— Да. У нас в стране два языка: русский и белорусский. Пока никто не отменял этого. Человек волен разговаривать на том, на каком захочет. Конечно, хорошо, если он знает белорусский язык.
Размаўляць, значыць, кожны „волен“, дзякуй. А вось вучыць дзяцей не атрымаецца „на каком захочет“, тут ужо сп. В. Матуліс, маючы пэўную над намі ўладу, „волен“ указваць, на якой мове гэта рабіць, — дарэчы, за нашыя ж грошы.

Вадзіма Матуліса я ўспомніў, калі на моўную тэму выказаўся намесьнік міністра гандлю Эдвард Матуліс, той самы, які заяўляў, што пераклад этыкетак на беларускую мову падвысіць сабекошт прадукцыі і што інфармацыя на таварах па-беларуску „павінна быць эканамічна абгрунтаваная“. Правы беларускамоўных спажыўцоў для Эдварда Браніслававіча значаць гэтулькі сама, колькі правы беларускамоўных вучняў — для Вадзіма Эдвардавіча.

У 205 разоў меней шанцаў


Вернемся да адукацыі. Параўнайма шанцы беларускамоўных і расейскамоўных прадоўжыць навучаньне на сваёй мове — у сярэдняй спэцыяльнай або ў вышэйшай вучэльні. У 2014/15 навучальным годзе ў нас было 135100 школьнікаў, якія вучыліся па-беларуску. Іх чакала 300 месцаў і ў коледжах, і ва ўнівэрсытэтах (вядома, паступаюць найперш сёлетнія выпускнікі, але мы супастаўляем агульныя лічбы). Адпаведна па-расейску вучылася 795300 школьнікаў. На іх разьлічана 128100 навучэнцкіх месцаў у ССНУ і 362600 — у вышэйшых школах.


Няхітры падлік прапорцыяў паказвае, што расейскамоўны школьнік мае ў 73 разы больш шанцаў прадоўжыць навучаньне на мове школы, чым беларускамоўны. А што да ўнівэрсытэтаў, то беларускамоўны школьнік мае ў 205 (!) разоў менш магчымасьцяў вучыцца там на мове сваёй школы, чым вучань расейскамоўнай установы сярэдняй адукацыі.
Гэта нечуваная дыскрымінацыя, у параўнаньне зь якой не ідуць ніякія апартхайды.

Cui prodest?


Такая перакуленая піраміда статусу мовы і яе пэрспэктывы. Піраміда, якая сваім вастрыём б’е ў сэрца беларускае мовы. На чыю карысьць?

Шчыры адказ я знайшоў у працах Аляксандра Арэф’ева, намесьніка дырэктара Цэнтру сацыялягічных дасьледаваньняў Міністэрства адукацыі і навукі Расейскай Фэдэрацыі. У цыклі публікацыяў пад агульнай назвай „Сжимающееся русскоязычие“ сацыёляг біў трывогу з прычыны таго, што расейская мова імкліва траціць міжнародны статус.
Але ёсьць і выключэньні з трывожных, на ягоную думку, тэндэнцыяў.
Апублікаваныя параўнальныя табліцы ўдзельнай вагі школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў, якія вучыліся па-расейску ў нерасейскіх былых „рэспубліках“ СССР у 2010/2011 навучальным годзе, вельмі красамоўныя.
Тут скажу толькі пра вышэйшую адукацыю. Паводле завышаных зьвестак, якімі карыстаўся расейскі аўтар, у тым навучальным годзе па-расейску ў беларускіх ВНУ вучыліся 90,4%. Ва Ўкраіне — 10,2%, у Грузіі — 0,9%, у Эстоніі — 7,9%, у Літве 1,5%. Зь іншага боку, у Кіргізіі 96%, у так званым „Прыднястроўі“ 94,9%, а ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі па 100% пэтэвэшнікаў і студэнтаў вучацца па-расейску.
(Трэба памятаць, што ў расейскіх крыніцах акупаваныя Расеяй так званае Прыднястроўе — частку Малдовы, часткі Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю Крэмль фармальна лічыць асобнымі дзяржавамі.)


Выснова А. Арэф’ева:


Такім чынам, „апірышчам“ [у арыгінале „оплотом“] расейскамоўнай адукацыі на былой постсавецкай прасторы зьяўляюцца сёння Беларусь, Паўднёвая Асэтыя, Абхазія і Прыднястроўе.

Вось у якой кампаніі мы апынуліся і вось на чыю стратэгічную мэту, аказваецца, працуе наша адукацыйная сыстэма.

(Дарэчы, ня думаю, што ідэя так званага Нацыянальнага ўнівэрсытэту спрыяе разьвязаньню праблемы. У кожным унівэрсытэце кожнага гораду, на кожнай спэцыяльнасьці мае быць рэальная магчымасьць вучыцца па-беларуску.)
  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG