Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармулюючы пытаньні пра мову для перапісу 2019 году, Белстат не зьвяртаўся да мовазнаўцаў


У 2019 годзе ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва. Свабода высьветліла, хто адказвае за перапіс, фармулюе пытаньні перапіснога ліста, як будуць сфармуляваныя пытаньні пра мову, нацыянальнасьць, стаўленьне да рэлігіі.

Хто адказны за перапіс насельніцтва? Як часта праводзяцца перапісы?

Рэспубліканскі орган, адказны за падрыхтоўку і правядзеньне перапісу насельніцтва, — Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь. Белстат і Савет Міністраў зацьвярджаюць форму перапіснога ліста.

Якія пытаньні будуць задавацца рэспандэнтам падчас перапісу насельніцтва 2019 году, стане вядома толькі пасьля зацьвярджэньня праграмы перапісу насельніцтва, то бок за год да яе правядзеньня (не пазьней за кастрычнік 2018 году).

Праект праграмы перапісу накіроўваецца на ўзгадненьне 22 арганізацыям, а зацьвярджае дакумэнт Савет Міністраў, сказалі ў прэс-службе Белстату.

Колькі перапісаў насельніцтва было ў Беларусі?

Перапіс насельніцтва 2009 году
Перапіс насельніцтва 2009 году

​Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі краіна ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі.

Пасьля ўваходжаньня Беларусі ў склад СССР перапісы праводзіліся ў 1926, 1937, 1939 гадах.

Засакрэчаны перапіс 1937-га

З 1959 году перапісы насельніцтва ў Беларусі праводзяцца 1 раз на 10 гадоў.

Апошні перапіс праводзіўся з 14 па 24 кастрычніка 2009 году. Паводле дадзеных перапісу 2009 году, у Беларусі пражывала 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек. Беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).

Якія дзяржаўныя арганізацыі, інстытуты фармулююць пытаньні для перапіснога ліста?

​Прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэту паведаміла, што пытаньні складаюцца на падставе рэкамэндацый дзясятка розных міжнародных і айчынных інстытутаў, установаў:

  • канфэрэнцыі эўрапейскіх статыстыкаў па правядзеньні перапісаў насельніцтва 2020 году;
  • рэзалюцыі аб статыстыцы працоўнай дзейнасьці, занятасьці і выкарыстаньні працоўнай сілы, прынятай Міжнароднай канфэрэнцыяй статыстыкаў працы;
  • пераліку паказьнікаў для ўключэньня — праграмы нацыянальных перапісаў, зацьверджаных Радай кіраўнікоў статыстычных службаў краінаў СНД;
  • рэкамэндацый калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі;
  • прапановаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, мясцовых уладаў, а таксама грамадзянаў.

Якія новыя пытаньні зьявяцца ў перапісным лісьце 2019 году ў параўнаньні зь перапісам 2009 году?

Узор перапіснога ліста 2009 году
Узор перапіснога ліста 2009 году

Зьмяніліся блёкі пытаньняў па міграцыі, адукацыі. Напрыклад, падчас пробнага перапісу насельніцтва 2017 году рэспандэнту прапаноўвалі адказаць на пытаньні, ці плянуе ён зьехаць зь Беларусі, на які тэрмін, зь якой прычыны. Таксама пыталіся, ці атрымлівае чалавек на гэты момант адукацыю, прасілі назваць прычыну, чаму чалавек не працуе.

У жанчын пыталіся, колькі дзяцей і ці плянуе нараджаць яшчэ.

Акрамя таго, для пробнага перапісу падрыхтаваны блёк пытаньняў пра сельскагаспадарчую дзейнасьць для сельскіх жыхароў: колькі зямлі апрацоўвае чалавек, якія культуры вырошчвае, ці ёсьць сад, колькі там дрэваў, якую жывёлу трымае.

Як будуць сфармуляваныя пытаньні пра нацыянальнасьць, рэлігію?

​Дакладных фармулёвак пакуль няма, яны павінны быць зацьверджаныя да кастрычніка 2018 году. Але сёлета ў кастрычніку быў праведзены пробны перапіс насельніцтва ў Маладэчне. Апытвалі жыхароў аднаго мікрараёну і некалькіх вёсак. Узор перапіснога ліста зьмешчаны на афіцыйным сайце Белстату.

Што да нацыянальнай прыналежнасьці, пытаньне было сфармулявана такім чынам:

«Да якой нацыянальнасьці вы сябе адносіце?»

Прапанаваныя варыянты адказу: беларус, рускі, паляк, украінец, не паведаміў, іншыя адказы.

Пытаньні пра веравызнаньне, стаўленьне да рэлігіі ня будуць уключаныя ў праграму перапісу 2019 году, сказалі Свабодзе ў Белстаце.

«Згодна з рэкамэндацыямі Канфэрэнцыі эўрапейскіх статыстыкаў, пытаньні пра рэлігію і веравызнаньне не зьяўляюцца асноўнымі, яны адносяцца да катэгорыі дадатковых», — сказала прэс-сакратар Белстату Тацяна Лапкоўская.

Моўныя пытаньні: з рэкамэндаваных чатырох выбралі два

Ілюстрацыйнае фота. Білборд у падтрымку беларускай мовы ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Білборд у падтрымку беларускай мовы ў Горадні

У перапісным лісьце, які запаўнялі падчас пробнага перапісу ў Маладэчне, было два пытаньні, якія тычыліся мовы:

  • Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?
  • На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?

І прапанаваныя 5 варыянтаў адказаў: беларуская, руская, польская, украінская, іншая.

Чаму былі выбраныя гэтыя два пытаньні, Свабодзе патлумачыла прэс-сакратарка Белстату Тацяна Лапкоўская.

Яна спасылаецца на матэрыялы «Канфэрэнцыі эўрапейскіх статыстыкаў». У дакумэнце ёсьць разьдзел 12 — «Этнакультурныя характарыстыкі». Прапануюцца чатыры канцэпцыі. Кожная краіна можа выбіраць альбо ўсе чатыры, альбо дзьве.

  • А — родная мова, якая вызначаецца як першая мова, засвоеная ў раньнім дзяцінстве.
  • В — асноўная мова, якая вызначаецца як мова, якой асоба валодае лепш за ўсё.
  • С — звычайна ўжываная мова, якая вызначаецца як найчасьцей ужываная дома, на працы
  • D — веданьне мовы (моваў), што вызначаецца як уменьне размаўляць, пісаць на адной або некалькіх мовах.

Беларусь выбрала дзьве пазыцыі — А і С. Дарэчы, такія ж самыя фармулёўкі моўных пытаньняў былі і на перапісе 2009 году.

Такім чынам, выходзіць, што Белстат спасылаецца толькі на міжнародныя рэкамэндацыі.

Міжнародныя арганізацыі аўтарытэтныя, беларускія — не?

Мовазнаўца Вінцук Вячорка заўважае, што рэкамэндацыі міжнародных структураў завуцца рэкамэндацыямі, бо да іх трэба прыслухоўвацца, але не забывацца, што ў кожнай краіне моўная сытуацыя ўнікальная.

«У эўрапейскіх краінах ці рэгіёнах са складанай моўнай сытуацыяй (а ў Беларусі яна вельмі складаная) моўны разьдзел перапісу разгорнуты і мае да паўтара дзясятка пытаньняў: пра актыўнае і пасіўнае (на ўзроўні разуменьня) валоданьне пэўнаю моваю, пра выкарыстаньне дыялектнай мовы і г.д. Гэтак у Швайцарыі, Ірляндыі, Уэльсе. Так у адказных за свой народ дзяржавах здабываюць важныя зьвесткі пра стан моваў, якія раней цярпелі ад уціску, і адпаведна выпрацоўваюць захады для адраджэньня пацярпелых моваў і забесьпячэньня права народаў на родную мову», — кажа мовазнаўца.

Інстытут мовазнаўства гатовы дапамагчы, але Белстат да адмыслоўцаў не зьвяртаўся

Ці раіліся арганізатары перапісу зь беларускімі інстанцыямі, інстытутамі?

Дырэктар Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў сказаў Свабодзе, што Нацыянальны статыстычны камітэт ніколі з мовазнаўцамі ня раіўся і не ўзгадняў моўныя пытаньні падчас перапісу насельніцтва.

Ігар Капылоў
Ігар Капылоў

Ігар Капылоў кажа, што цягам многіх гадоў у Інстытуце мовазнаўства праводзіліся сацыялінгвістычныя дасьледаваньні моўнай сытуацыі, дасьледаваліся розныя сацыяльныя зрэзы, распрацоўваліся анкеты, рабіліся высновы.

«Праўда, гэтыя высновы не на карысьць нацыянальнай мовы, таму мы іх не друкавалі для шырокай грамадзкасьці. Але досьвед ёсьць у спэцыялістаў. Мы толькі за тое, каб падключыцца, пракансультаваць, дапамагчы сфармуляваць пытаньні. Таму што гэта ня проста пытаньні дзеля голых статыстычных лічбаў, а за гэтымі пытаньнямі стаіць і далейшая дзяржаўная моўная палітыка, і праблемы, якія трэба вырашыць. Я лічу, што, безумоўна, нам трэба падключыцца.

Мы гатовыя прапанаваць дапамогу, пакуль ёсьць яшчэ час, бо гэта агульная справа», — кажа дырэктар Інстытуту мовазнаўства Ігар Капылоў.

Вінцук Вячорка: «У Беларусі паняцьце „родная мова“ зьвязанае з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй»

У 2009 годзе ўпершыню ў гісторыі беларускіх перапісаў была зьмененая фармулёўка пытаньня пра родную мову. Паняцьце было расшыфраванае як «мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве». І адразу ж колькасьць тых, хто назваў першай мовай беларускую, зьменшылася на 20%.

Мовазнаўца Вінцук Вячорка кажа, што фармулёўку «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)» яшчэ ў 2009 годзе крытыкавалі і лінгвісты, і профільныя грамадзкія арганізацыі:

«У Беларусі паняцьце „родная мова“ шырэйшае, традыцыйна зьвязанае з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй. Многія людзі чулі ад бацькоў ужо не беларускую мову, але лічаць яе роднай. У тым перапісе 2009 году беларусаў і грамадзян Беларусі, хто назваў беларускую мову роднай, паменела на 20-25%.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Калі ў 2009 годзе статыстычнае ведамства пачало за беларусаў тлумачыць, што яны павінны разумець пад роднай мовай, гэта прывяло да разгубленасьці апытаных і паспрыяла, акрамя вядомай дзяржаўнай моўнай палітыкі, радыкальнаму спаду адноснай колькасьці тых, хто назваў беларускую мову роднаю. Відаць, тыя, хто зноў заклаў такую фармулёўку пытаньня ў новы перапіс, чакаюць далейшага зьніжэньня гэтага працэнту і ператварэньня беларускамоўных у фармальную меншыню ў сваёй краіне».

Лявон Баршчэўскі: «Я б задаў ня два рэкамэндаваныя моўныя пытаньні, а ўсе чатыры, і сфармуляваў пятае»

На думку лінгвіста Лявона Баршчэўскага, у цяперашняй моўнай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, трэба было б усе чатыры пытаньні ўключыць у перапісны ліст. І дадаць іншыя, у прыватнасьці, зьвязаныя з культурай:

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

«Калі б было пытаньне, зьвязанае з культурай, былі б іншыя адказы. А паколькі пытаньне зьвязанае з домам — „На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?“, ня дзіва, што вынікі будуць несуцяшальныя. Вёска русыфікавалася моцна, а ў горадзе даўно ўжо людзі першай чуюць расейскую мову (прынамсі, яны думалі, што расейскую). Русыфікацыя прасунулася.

Так што я б задаў ня два пытаньні, а ўсе чатыры, рэкамэндаваныя эўрапейскімі статыстыкамі, і сфармуляваў пятае — з улікам нашай складанай моўнай сытуацыі».

Пётра Садоўскі: «Перапісчык павінен зьвяртацца да людзей на беларускай мове»

Мовазнаўца Пётра Садоўскі зьвярнуў увагу на тры важныя моманты: некарэктную фармулёўку моўнага пытаньня ў перапісным лісьце; тое, каб перапісчыкі абавязкова зьвярталіся да рэспандэнтаў менавіта на беларускай мове; і неабходнасьць дадаць пытаньне пра самаідэнтыфікацыю:

«З улікам таго, што ў нас масавая зьява — людзі сябе ідэнтыфікуюць як беларусы ўжо ў сталым узросьце, пажадана ўвесьці такі пункт: „мова актуальнай самаідэнтыфікацыі на момант правядзеньня перапісу“. То бок каб чалавек адказаў на пытаньне, кім ён сам сябе лічыць».

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі

Што тычыцца фармулёўкі «На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?», Пётра Садоўскі лічыць яе некарэктнай:

«Я ведаю людзей гадоў 25-30, якія дома размаўляюць з бацькамі па-расейску, каб не ствараць атмасфэру адчужэньня (бо нават у сем’ях пісьменьнікаў дома размаўляюць збольшага па-расейску). Але ў аўтобусе, тралейбусе, у кавярні, часьцяком і на працы, зь сябрамі гэтыя маладыя людзі гавораць па-беларуску. Так што другое пытаньне — наконт мовы, на якой чалавек размаўляе дома, — сфармуляванае не зусім карэктна».

І абавязаць перапісчыка зьвяртацца да людзей на беларускай мове: ня «здравствуйте», а «добры дзень», перакананы Пётра Садоўскі:

«Калі перапісчык зьвяртаецца да чалавека па-расейску, ён адразу ж псыхалягічна настройвае чалавека — бо нашы людзі ветлівыя, асабліва ў вёсцы. Калі да іх зьвернуцца па-расейску, яны па-расейску і адкажуць. І гэтыя нюансы вельмі істотныя пры апытаньні, у гутарцы з чалавекам».

Такой жа пазыцыі прытрымліваецца і мовазнаўца Вінцук Вячорка:

«Мова першага кантакту прадстаўніка дзяржавы з грамадзянінам непазьбежна праграмуе пэўныя моўныя паводзіны і моўныя адказы апытанага».

Паколькі перапіс насельніцтва адбудзецца ў кастрычніку 2019 году, а перапісны ліст і ўсе адпаведныя дакумэнты павінны быць зацьверджаныя не пазьней як за год да перапісу, яшчэ ня позна памяняць і дапоўніць моўную анкету перапісу, скарыстаўшы міжнародны досьвед краінаў з блізкай моўнай сытуацыяй.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG