Лінкі ўнівэрсальнага доступу

„Іншамаркі“ і „блізкае замежжа”. Як словы праграмуюць сьветапогляд


Беласток — „далёкае замежжа“, затое Магадан блізка. А яшчэ „іншамарка“, „Закаўказьзе“, „рэспубліканскі саюз моладзі“... Мы часам не заўважаем абсурднасьці пэўных выразаў у беларускай рэальнасьці, а між тым яны ўплываюць на наша бачаньне сьвету.

Сьцісла:

  • Словы нясуць у сабе сьветапогляд: тэрміны „Прыбалтыка“ або „Закаўказьзе“ вымушаюць глядзець на адпаведныя краіны расейскім вокам.
  • Тэрміны „далёкае / блізкае замежжа“ абсурдныя з гледзішча адэкватнага беларуса, але яны могуць сьведчыць пра рэваншысцкія настроі Крамля што да суседніх дзяржаваў.
  • І слова „іншамарка“ недарэчнае ў Беларусі — „іншая марка“ адносна каторай?
  • „Айчынныя выканаўцы“ vs „заходнія“ — якая айчына тут маецца на ўвазе?

У нашым рэгіёне ўжо пару стагодзьдзяў ідзе моўны экспэрымэнт, аб’ектам якога сталі і беларусы. Пры дапамозе моўных сродкаў імпэрская Расея, а потым СССР спрабавалі мяняць ідэнтычнасьць цэлых народаў. Гэта і замена тапаніміі, і расейскія мадэлі асабовых імёнаў, і навязваньне гістарычнае тэрміналёгіі, урэшце, гэта русыфікацыйныя „рэформы“ літаратурных моваў і маргіналізацыя іх — зьявы, якія немагчыма не заўважыць. Менш заўважны ўплыў на сьветапогляд штодзённых выразаў.

„Наша советская Прибалтика

Тэрміны накшталт „Прыбалтыкі“ або „Закаўказьзя“ чалавеку без расейска-савецкага досьведу слаба зразумелыя.

„За-каўказьзе“ — яно за Каўказам для каго? Скажам, для нас Грузія — за Чорным морам (як і для старажытных грэкаў). І грузіны, і армяне, і азэрбайджанцы — нацыі старажытныя і самадастатковыя, могуць паспрачацца, па каторы бок Каўкаскіх гораў цывілізацыя ўзьнікла раней. І ёсьць геаграфічна бесстароньні тэрмін Паўднёвы Каўказ.

Балтыйскае ўзьбярэжжа займаюць дзевяць дзяржаваў, а „Прыбалтыкай“ завуць толькі тры зь іх — Эстонію, Літву, Латвію. Чаму? Гэта рэха выразу „савецкая Прыбалтыка“, якім называлі адпаведныя „саюзныя рэспублікі“ (акупаваныя Савецкім Саюзам у 1940 годзе). Слова „савецкая“ адсохла, а „Прыбалтыка“ засталося, прычым многія ў Расеі ня маюць комплексаў, блытаючы або не вылучаючы асобна гэтыя тры зусім розныя краіны: „Хорошо в советское время было отдыхать в Прибалтике!“.

Ці выпадае нам пераймаць у вялікага (памерамі) усходняга суседа такую моўную оптыку? Маем іншую традыцыю — паважаць адметнасьць кожнага і пагатоў выразна адрозьніваць міжсобку нашых суседзяў.

Беласток далёка, затое Магадан блізка

Дарэчы, суседзі, суседнія краіны — натуральнае і пазытыўнае слова для сумежных народаў і дзяржаваў. Але яго апошнімі дзесяцігодзьдзямі ў прасторы расейскае мовы выціснулі грувасткім наватворам: „ближнее зарубежье“ (адпаведна ёсьць і „дальнее“). Абодва выразы афіцыйна фігуруюць у расейскім заканадаўстве, у навуцы, у эканоміцы. „Русский язык в странах ближнего зарубежья —цэлая далёкасяжная праграма „Россотрудничества“.

У Беларусі, выглядае, гэтых выразаў усё ж менш. Але ёсьць. Прыкладам, у ведамасных інструкцыях, прычым нават па-беларуску. У БДУ да нядаўняга часу былі курсы „Гісторыя літаратуры блізкага замежжа“, “Геалёгія Беларусі і краін блізкага замежжа” (зазначу, што па-беларуску менавіта блізкае, як і Блізкі Ўсход; „ближний“ — расейскі царкоўнаславянізм).

Формулы гэтыя — зусім не сынонімы старога добрага „суседзтва“. Украінскі паэт і публіцыст Мікола Рабчук піша:

„...Ня можа асьвечаны, надзелены лёгікай чалавек не разумець, што формула „блізкае / далёкае замежжа“ мае перадусім ідэалягічны, а не выключна геаграфічны характар: Польшча і Фінляндыя ня толькі для нас, а і для Расеі „бліжэйшыя“ за Кіргізію ці Таджыкістан, аднак на гэтыя краіны Крэмль (пакуль што) не прэтэндуе, таму і да „блізкага замежжа“ іх не залічвае“.

Артыкул Рабчука называецца „Самаправінцыялізацыя“. Сапраўды, калі мы ці ўкраінцы сьлепа пераймаем такія выразы, то разам зь імі добраахвотна пагаджаемся на статус, які нам адвялі.

Удзельнікі расейскага клюбу байкераў „Ночные волки“ каля польскага памежнага пункту „Тарэспаль“. 1 траўня 2016 г.
Удзельнікі расейскага клюбу байкераў „Ночные волки“ каля польскага памежнага пункту „Тарэспаль“. 1 траўня 2016 г.

Беларусь не маленькая, але і не гіганцкая. І калі рэйсавы цягнік давозіць вас за 18 хвілін зь берасьцейскага вакзалу ў Тарэспаль (які гістарычна быў забужанскім прадмесьцем Берасьця), то выадчуваеце абсурднасьць для беларуса чужых „тэрмінаў“, калі Казахстан і Магадан „блізкае замежжа“, а тарэспальскі вакзальчык — „далёкае“.

Куды там „местным“ да сталіцаў

У 1990-я гады пэўная менская газэта (выходзіць дагэтуль з крыху зьмененай назвай) пасьлядоўна ўжывала ў дачыненьні да беларускіх зьяваў прыметнік „местный“: „местная оппозиция“, „местная пресса“, „местные музыканты“ і г. д. „Мясцовае“ проціпастаўляецца „цэнтральнаму“, „сталічнаму“. А паколькі газэта (якая сябе „местной“ чамусь не называла) расейскамоўная — то ясна, дзе той „цэнтар“.

Праўда, у беларускамоўнай прасторы гэты эпітэт (у форме „мясцовы“) у такім значэньні, здаецца, не прыжыўся ўвогуле. У нас ёсьць яму слова-канкурэнт тутэйшы — з нашымі ўласнымі гістарычна-філязофскім зьместам і адценьнямі.

Каторая марка „іншая“?

Расейскае „иномарка“ —складанаскарочанае слова: „ино(странная) марка“ (аўтамабіля). Дарэчы, няясна, калі яно зьявілася ў расейскай; здаецца, упершыню фіксуецца ў слоўніку Ожэгава йШведавай 1992 году. У расейскай шмат падобных абрэвіятураў: „иновещание“, „инофирма“, „интуристы“, „инъяз“…

А слова „іншамарка“ па-беларуску выглядае дзіўна. Яно мае быць калькаю з расейскага: „інша(земная) марка“. Але ў нас проста няма аналягічных складанаскарочаных словаў з такой першай часткай інша-. Ёсьць звычайныя складаныя словы — іншабыт, іншаверац, іншадумец, іншаземец. Іншае веры, зь іншае зямлі. На беларускае вуха і „іншамарка“ — гэта, пэўна, нейкая „іншая марка“. Іншая адносна каторай?

Савецкі аўтамабіль „Жигули“
Савецкі аўтамабіль „Жигули“

Беларусі, як вядома, у савецкі час не далі „разнарадкі“ на выраб легкавых аўтамабіляў. І дагэтуль няма іх беларускіх брэндаў (пра зборку некалі „Форда“, а цяпер іранскіх ды кітайскіх не ідзецца). У нас усе аўтамабілі іншаземных марак, у тым ліку „Лады“ і „Нівы“. Таму слова „іншамарка“, як яго ні расшыфроўвай, — бессэнсоўнае.

Савецкі саюз быў закрытаю дзяржаваю з прэтэнзіяй на самадастатковасьць. Таму амаль усякі тавар быў „айчынны“, а „іншаземны“ калі і здабывалі, то вельмі рэдка, затое ён быў лепшай якасьці.

Расейскія мовазнаўцы сьведчаць, што слова „иномарка“ „пры першай сустрэчы ў мове выяўляецца незразумелым іншаземцам, нават калі яны свабодна валодаюць расейскаю моваю“ (Баско Н. Национально-культурная семантика в языке делового общения, 1997). Для іх „іншаземнасьць“ тавару не вымагае асобнага слова.

І незалежная Беларусь — не самадастатковая эканоміка. Г. зн. „іншаземнасьць“ тавару зь беларускага гледзішча не дыфэрэнцыйная прыкмета. Слова „іншамарка“ нам мэнтальна чужое, калі толькі наша мэнтальнасьць не прырасла да саўка.

„Айчынныя выканаўцы“

У расейскім прастамоўі слову „иномарка“, як аказалася, ёсьць антонім — „отечка“ (г. зн. „отечественный“ аўтамабіль). Нярэдка „отечественными“ называюць расейскія „Лады“ ці УАЗы і спэцыялізаваныя беларускія аўтамабільныя сайты („иномарки“ там да месца). А ў рэкляме пэўныхменскіх ФМ-станцыяў фігуруюць „отечественные исполнители“ як антонім „западных“. Ясна, якое „отечество“ ў тых галовах.

Але па-беларуску прыметнік „айчынны“ ў такім гібрыдным значэньні амаль не фіксуецца, відаць, само ўтваральнае слова „Айчына“ пярэчыць.

Рэспубліканскі імя Д. Трампа саюз моладзі

Згаданыя словы і выразы яўна праграмуюць масквацэнтрычны сьветагляд. Але багата ёсьць іншых моўных інструмэнтаў, якія пярэчаць і беларускаму гістарычнаму дыскурсу, і бачаньню Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Скажам, у гістарычнай тэрміналёгіі гэта выразы „дамангольскі“ (напрыклад, пэрыяд у архітэктуры), „польска-літоўскія фэадалы“, „узьяднаньне з Расеяй“ і падобнае — моўныя штампы расейска-савецкай ідэалягічнай школы.

Саўка ды Грышка пра перамогу Трампа на выбарах у ЗША
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:49 0:00

У дзяржаўнай практыцы ўпарта ўжываюць слова „рэспубліка“ замест „краіна“, асабліва ж прыметнік „рэспубліканскі“ — замест „нацыянальны“, „агульнанацыянальны“, „агульнадзяржаўны“. Гучыць недарэчна і часам сьмешна: прыходзяць у галаву і Рэспубліканская партыя ЗША, і нейкія манархісты як апанэнты рэспубліканцаў...

Адкрыцьцё Алімпійскіх гульняў у Маскве, 1980
Адкрыцьцё Алімпійскіх гульняў у Маскве, 1980

Папраўдзе гэта закансэрваваная тэрміналёгія савецкае пары: „рэспублікамі“ ў СССР зваліся зусім ня Рэчы Паспалітыя свабодных народаў, а абшары, дзе жылі народы паняволеныя, — савецкія правінцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG