Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туркмэністане журналісты Радыё Свабода знайшлі магілу зьніклага блогера, які крытыкаваў улады


Журналісты туркмэнскай службы Радыё Свабода знайшлі месца пахаваньня зьніклага блогера Дзідара Амансахатава, пацьвердзіўшы тым самым інфармацыю аб яго сьмерці.

34-гадовы Дзідар Амансахатаў публікаваў матэрыялы ў сацыяльных сетках пад псэўданімам Хітроўскі. Ён крытыкаваў у сетцы TikTok улады Туркмэністану, эканамічную сытуацыю ў краіне і высокія цэны на прадукты харчаваньня.

Амансахатаў зьнік у канцы лістапада 2025 году. 18 сьнежня журналісты туркмэнскай службы Радыё Свабода са сваіх крыніц даведаліся пра затрыманьне Амансахатава супрацоўнікамі сілавых структур Туркмэністану і пра яго верагодную сьмерць у выніку катаваньняў сілавікамі. Аднак улады не камэнтавалі месцазнаходжаньне блогера і прычыны яго затрыманьня.

Жыхар Туркмэністану, які пажадаў застацца невядомым, распавёў Радыё Свабода, што яго самога забралі на допыт — пасьля таго, як ён выказаў спачуваньні на старонцы Хітроўскага ў сувязі са сьмерцю блогера. Супрацоўнік Службы бясьпекі Туркмэністану на допыце прыгразіў мужчыну, заявіўшы, што лёс блогера павінен паслужыць урокам для любога крытыка туркмэнскага ўраду.

У адным з апошніх відэа Хітроўскі ў прыватнасьці раскрытыкаваў рэзкае павышэньне цэнаў на мяса, напісаўшы, што гэты прадукт недаступны для жыхароў Туркмэністану. Пра тое, што ў краіне харчовы крызіс, раней паведамлялі і Радыё Свабода, і іншыя незалежныя СМІ. Пры гэтым улады Туркмэністану ніколі не камэнтуюць цэны на прадукты харчаваньня ў краіне, а таксама пытаньні беспрацоўя ці нізкага ўзроўню жыцьця насельніцтва.

Праваабарончыя арганізацыі называюць Туркмэністан адной з самых закрытых і рэпрэсіўных краін сьвету, у якой няма палітычных і асабістых свабодаў, а таксама свабоды прэсы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG