Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфан Скот, адзіны перакладчык Васіля Быкава на швэдзкую мову – на беларускай Свабодзе


Аляксей Дзікавіцкі, Прага На швэдзкую мову перакладзены толькі адзін твор Васіля Быкава “Кар’ер”, па-швэдзку “Grustaget”. Кніга, якую пераклаў вядомы швэдзкі пісьменьнік, навуковец-славіст і журналіст Стэфан Скот яшчэ ў савецкія часы, атрымала бліскучыя рэцэнзіі, але прадавалася ня вельмі добра, бо Быкаў ня быў добра вядомы ў тагачаснай Швэцыі. Сёньняшні госьць на Свабодзе – Стэфан Скот, зь якім ў Стакгольме пра творчасьць Быкава, пераклад ягонага твору і асаблівасьці ягонага пісьменьніцкага таленту размаўляў наш карэспандэнт.

Стэфан Скот – аўтар дзесяткаў уласных кніг, а таксама перакладаў на швэдзкую мову клясычных і сучасных твораў расейскай и ангельскай літаратуры, у тым ліку і п’ес, якія шмат гадоў пасьпяхова ставяць у тэатрах Швэцыі.

Спадар Скот зацікавіўся славянскай культурай яшчэ ў гімназіі, хаця не плянаваў быць славістам. Потым гэта працягнулася ва ўнівэрсытэце, як дадатковыя заняткі. Але з часам Стэфан Скот зразумеў, што хоча займацца менавіта гэтым. Цяпер ён выкладае, перакладае і піша.

Дадаткова, спадар Скот ужо больш за 35 гадоў працуе ў найбуйнейшай швэдзкай штодзённай газэце “Dagens Nyheter”.

Упершыню перакладчыка Быкава я сустрэў у Стакгольме на беларускай вечарыне, што ладзілі швэды, якія сымпатызуюць Беларусі. Спадар Скот жыве на ўскрайку Стакгольму – у ягонай хаце тысячы кніг і сярод іх пераклад рамана Васіля Быкава “Кар’ер”. 60-ці гадовы навуковец пачаў размову з даволі нечаканай інфармацыі.

(Скот: ) “Быкава, канечне, недастаткова добра ведалі ў Швэцыі – усяго адзін пераклад на швэдзкую мову. Але я маю дакладную інфармацыю, што Быкаў быў адным з 50-100 пісьменьнікаў сьвету, у справе якіх Швэдзкая акадэмія, яка прысуджае Нобэлеўскую узнагароду, запрасіла падрабязную інфармацыю”.

Стэфан Скот упершыню наведаў Беларусь у 1965 годзе і, як ён кажа, адразу закахаўся ў Беларускія ляндшафты, бо яны вельмі падобныя да швэдзкіх. Пра творчасьць Васіля Быкава спадар Скот даведаўся выпадкова.

(Скот: ) “Я пабачыў, што Быкава хваляць такія людзі, як Салжаніцын, кажуць, што гэта варта чытаць і я зь першай кнігі закахаўся ў творчасьць Быкава. Я, канечне, чытаў яго па-расейску, але аднойчы, калі мы сустрэліся ў Мінску Васіль Уладзіміравіч вельмі зьдзівіўся, калі пабачыў, што я, седзячы ў кавярні, чытаю беларускія газэты. Але для славіста гэта ня цяжка. Я лепш за ўсё ведаю расейскую мову, але вывучаў таксама чэскую, сэрбскую, польскую. Ведаеце, мне вельмі падабаюцца фанэтычныя прынцыпы, артаграфія беларускай мовы – гэта вельмі цікавая і мілагучная мова”.

Стэфан Скот прачытаў амаль усе творы Быкава і яшчэ ў 80-я гады прапаноўваў розным выдавецтвам зрабіць для іх пераклады некаторых зь іх, але зацікавіць выдаўцоў амаль невядомым пісьменьнікам вельмі цяжка.

(Скот: ) “Потым выпадкова ў майго аднаго сябра запыталіся, што ён думае пра творчасьць Быкава, а ў прыватнасьці пра раман “Кар’ер”. Ён тады адказаў, што ведае Стэфана Скота, які звар’яцеў на Быкаве і няхай ён лепш скажа. Так што мой калега высакародна саступіў мне пераклад – не скажу, што я шмат на ім зарабіў, але вельмі ўдзячны яму. Чаму “Кар’ер”? Ня ведаю, гэта вырашала выдавецтва. Так заўсёды робіцца – агенты папросту вырашылі, што будзе “Кар’ер”, а на меркаваньне перакладчыкаў менш увагі зьвяртаюць. Я пераклаў раман і атрымаў бліскучыя рэцэнзіі. У слове да чытача я патлумачыў, у якой сытуацыі апынуўся беларускі народ у часе другой Сусьветнай вайны і дадаў, што Быкаў адзін з найвялікшых празаікаў сучаснасьці і заслугоўвае на найвышэйшыя ўзнагароды – я, канешне, меў на ўвазе Нобэлеўскую ўзнагароду. І шэраг крытыкаў сказалі – так, безумоўна”.

Стэфан Скот кажа, што калі б яму давялося выбіраць, якую кнігу перавесьці на швэдзкую мову, ён зрабіў бы іншы выбар.

(Скот: ) “Калі б мне дазволілі выбраць першы пераклад Быкава на швэдзкую мову, дык я б выбраў невялікі, але геніяльны твор “У тумане”. Літаратуразнаўцы падкрэсьліваюць важнасьць такіх твораў, як “Сотнікаў” і “Абэліск”. Натуральна, што тэма здрады, адказнасьці вельмі важная, але яна, я б сказаў, больш даступная людзям, якія вырасьлі ў Савецкім Саюзе. А што тычыцца “У тумане”, дык цяжка сабе ўявіць, як можна лепш перадаць жорсткасьць лёсу звычайнага чалавека ў часе вайны”.

А наколькі проза Быкава зразумелая для швэдаў, якім, магчыма, нялёгка ўявіць сытуацыю, у якой апынуліся беларусы ў часе другой Сусьветнай вайны? Працягвае Стэфан Скот.

(Скот: ) “Гэта залежыць ад таго, пра якіх швэдаў мы гаворым. Ёсьць у нас людзі, якія вельмі цікавяцца былымі краінамі Савецкага Саюза, у тым ліку і Беларусьсю, хаця, пэўна, у Беларусі людзі больш ведаюць пра Швэцыю, чым швэды пра Беларусь. Ведаеце, мы жывем без вайны ўжо амаль 200 гадоў і многія мае суайчыньнікі наіўна думаюць, што так і трэба і не разумеюць, які гэта цуд. Мне ў пэўным сэнсе цяжка адказаць на вашае пытаньне – я магу пераацаніць сваіх суайчыньнікаў, бо сам ўвесь час кантактую са славістамі, якія напэўна прозу Быкава разумеюць. Дадам, што пасьля 1991 году ў Швэцыі ўзьнік значны інтарэс да Беларусі ў тым ліку і на дзяржаўным узроўні. Я, напрыклад, выступаў на мітынгах ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, расказваў пра Быкава. Шмат іншых выступала людзей, які цікавяцца лёсам Беларусі”

Нярэдка здараецца, што некаторыя моманты ў літаратуры патрабуюць дадатковых тлумачэньняў, каб яны былі зразумелыя для чытачоў у іншых краінах. Я запытаўся ў спадара Скота, ці шмат ў кнізе Васіля Быкава ён сустрэў месцаў, якія, каб іх зразумеў швэд, трэба было дадаткова тлумачыць. Наколькі з гэтага пункту гледжаньня Быкава было цяжка перакладаць?

(Скот: ) “Я ўжо казаў, што на ўсялякі выпадак я напісаў пасьляслоўе. Але, як і большасьць вялікіх пісьменьнікаў, Быкаў не патрабуе дадатковых тлумачэньняў. Калі мы чытаем Талстога, Дастаеўскага ці Чэхава, тлумачэньні нам непатрэбныя. Камэнтары ці зноскі, канешне карысныя, але Быкава няцяжка зразумець. Ён адзін з рэдкі “вялікіх расказчыкаў”, умее расказаць проста, кранальна і адначасова ашаламляльна”.

Спадар Скот асабіста пазнаёміўся з Васілём Быкавым у Менску яшчэ ў 1980-я гады, быў у яго на кватэры. Потым яны яшчэ некалькі разоў сустракаліся – і ў Беларусі і ў Швэцыі. Перакладчык кажа, што быў уражаны асобай беларускага пісьменьніка.

(Скот: ) “Ён быў вельмі сьціплы чалавек зь вельмі цьвёрдым характарам, але адначасова вельмі прыемны чалавек. Я сустракаў шмат пісьменьнікаў з Усходу – ад Айтматава да Акуджавы, Трыфанава ды іншых. Быкаў быў адным з найвялікшых прадстаўнікоў інтэлігенцыі той часткі сьвету. Ведаеце, ў Швэцыі словы нацыяналіст і патрыёт ня вельмі папулярныя. А ў Расеі, напрыклад, слова патрыёт цяпер значыць ледзь ня тое самае, што антысэміт – гэта вельмі непрыемна. Канечне, патрыёт, гэта чалавек, які ацэньвае тую спадчыну, якую дала яму ягоная краіна, клапоціцца пра лёс сваёй краіны і хоча для яе толькі найлепшага. Усе вакол Быкава адчувалі, што ён патрыёт. Гэта была вельмі моцная асоба. Ён вельмі сур’ёзна ставіўся да цяжкай гісторыі беларусаў, да цяжкіх умоваў, у якіх апынулася цяперашняя Беларусь. Але не закахацца ў яго было немагчыма”.

Апошнія гады свайго жыцьця Васіль Быкаў вымушаны быў жыць за мяжой. Што думе пра гэта Стэфан Скот?

(Скот: ) “Гэта сумна. Я ведаю, што ягоная жонка – а гэта чалавек жыцьцярадасны – калі яны былі разам на кніжным кірмашы ў Гётэборгу, аддзялілася ад групы пісьменьнікаў і перакладчыкаў і сама хадзіла па горадзе, глядзела Гётэборг. Я бачыў, што яна цешыцца з таго, што нарэшце можа пабачыць іншыя краіны. Думаю, што спадарыня Ірына дапамагала Васілю пабачыць і іншы бок выгнаньня – мець магчымасьць жыць у іншых краінах. Калі ўзяць пад увагу сытуацыю ў сёньняшняй Беларусі, дык тое, што Васіль быў вымушаны жыць не на Бацькаўшчыне, гэта ня самае вялікае няшчасьце. Там здараюцца рэчы значна больш жахлівыя. Прызнаюся, што пра гэта мы амаль не размаўлялі. Але я бачыў, што тое, што адбываецца ў Беларусі для яго было вялізнай трагедыяй. Няма сумневу”.

Швэдзкі пераклад рамана Васіля Быкава “Кар’ер” выйшаў у 1990-м годзе. Ад таго часу ў Швэцыі Быкава больш не перакладалі. Чаму?

(Скот: ) “Пасьля Салжаніцына вельмі цяжка чым-небудзь швэдаў зацікавіць з расейскай ці беларуска літаратуры. Некаторыя кнігі, напрыклад Радзінскага ці Акуніна больш-менш папулярныя, але ўсё адно гэта ня тое. Я зьвяртаўся да выдаўцоў, але безвынікова. Увесь час паўтараю, што першы швэдзкі пераклад Быкава, гэта павінен быў быць раман “У тумане”, ён быў бы больш папулярны”.

А якіх пісьменьнікаў Стэфан Скот лічыць найвялікшымі?

(Скот: ) “Чэхаў і яшчэ раз Чэхаў разам з Быкавым. У іх, дарэчы, шмат агульнага што тычыцца мовы расповеду”.

Спадар Скот пераклаў дзесяткі кнігаў і нямала напісаў сам. Дарэчы, сярод найбольш пасьпяховых ягоных кнігаў – “Даведнік для тых, хто любіць езьдзіць на ровары” – гэтая кніга перавыдавалася ў Швэцыі некалькі разоў, а ровар гэта ўлюбёнае хобі самога навукоўца. Але калі вярнуцца да перакладаў – што хочацца перакласьці больш за ўсё?

(Скот: ) “Натуральна Быкава “У тумане!”. Як нехта сказаў, што гэта лёс захаваў жыцьцё Васіля Быкава, ў час, калі столькі ягоных аднагодкаў загінулі ў тыя страшныя часы. Захаваў дзеля таго, каб ён са сваім геніем мог расказаць наступным пакаленьням пра лёс няшчаснага беларускага народу ў часе вайны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG