Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асавая на Берасьцейшчыне (фотагалерэя)


Ягор Маёрчык, Асавая, Маларыцкі раён, Берасьцейшчына (эфір 23 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Асавая, Берасьцейшчына На ўезьдзе ў Асавую — абярэг. Ён зусім маленькі — ніжэйшы за мэтар. Крыж абвязаны каляровымі стужкамі, бальшыня зь іх — аранжавыя. Зьявіліся яны ў той час, калі на Майдане незалежнасьці ў Кіеве адбывалася памаранчавая рэвалюцыя. Пра гэтую акалічнасьць стала вядома ад даўняга слухача Радыё Свабода, працоўнага тутэйшай калектыўнай гаспадаркі Паўла Саца. Ягоны ліст — падстава для камандзіроўкі ў Маларыцкі раён Берасьцейшчыны.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі паставіліся да памаранчавай рэвалюцыі?”

(Сац: ) “Усе яе падтрымлівалі. Для нас гэта сымбаль свабоды. Усе ўважліва сачылі за тым, што адбывалася ва Ўкраіне. Людзі цяпер шкадуюць, што такога ў нас не адбылося”.

(Карэспандэнт: ) “Вы актыўны слухач нашага радыё, лісты часам пішаце. Ці даўно слухаеце “Свабоду”?”

(Сац: ) “Ад 69-га году. Мы тады на хутары жылі, і ў нас быў прымач “Іскра”. Некаторыя рэчы трэба мяняць. Трэба стварыць клюб актыўных слухачоў. Я лічу, што такі клюб сяброў мусіць быць абавязкова”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ведаюць людзі ў вёсцы пра выбары 2006 году?”

(Сац: ) “Пэнсіянэры будуць галасаваць за новага прэзыдэнта”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

Асавая, Берасьцейшчына

(Сац: ) “Яны расчараваныя. Праблемаў шмат. Дзецям няма працы. З пэнсіяй падманваюць: скажуць, што налічваюць пэўны працэнт, а фактычна яго і няма”.

(Карэспандэнт: ) “А яны ведаюць пра выбарчыя кааліцыі і кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў?”

(Сац: ) “За выняткам чатырох чалавек, ня ведаюць”.

(Карэспандэнт: ) “А хто гэтыя людзі?”

(Сац: ) “Слухачы Радыё Свабода”.

Асавая стаіць на беларуска-ўкраінскай мяжы. Суседняя краіна тут пачынаецца за тры кілямэтры ад вёскі. Тутэйшае насельніцтва лічыць сябе не беларусамі і не ўкраінцамі, а палескім народам. Гавораць, што яны русіны. У часе другой усясьветнай вайны іхныя дзяды ды бацькі ваявалі па розныя бакі лініі фронту. Старыя памятаюць, што за немцамі тут адчыняліся школы, у якіх выкладалі на роднай мове. А зь вяртаньнем саветаў людзей пачалі заганяць у калгасы.

Аксана Сідар прыйшла сюды ў шлюб з украінскага боку. Мясцовых легендаў яна ня ведала. Разам з мужам паставілі хату, дзе пачалі жыць. І ўсё было б добра, каб не адна акалічнасьць.

(Сідар: ) “Казалі, што немцы тут пахаваныя. Але калі я тут сялілася, мне ніхто не прызнаўся. А пасьля ў мяне нарадзіліся дзеці. Яны крычалі і падоўгу не маглі заснуць. А па сяле пачалі казаць, што пахаваныя немцы спаць не даюць. А пасьля і немцы супакоіліся, і дзеці павырасталі”.

Асавая, Берасьцейшчына

(Карэспандэнт: ) “Можа, варта было б ці іх перахаваць, ці нейкі помнік ім паставіць?”

(Сідар: ) “Там у тых карчах столькі таполяў нарасло, што нічога ўжо не зрабіць. Хай тыя немцы там сядзяць. Мы зь імі разам добра жывем. Двух сыноў маю. Адзін у Казахстане, другі ў Егарцы. Той, што ў мараках, казаў: за тыя грошы, каб прыехаць, ён любую легкавую машыну набудзе. Яго тут ужо дванаццаць гадоў не было. А ў таго, што ў Казахстане, саўгас раскідалі. Ён там пяць гадоў бяз працы сядзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Хай на радзіму вяртаецца”.

(Сідар: ) “Калі ён да мяне вернецца, і яго тут прапісаць, мне скасуюць усе льготы. А той сын апошнюю капейчыну забярэ”.

На сотню насельніцтва Асавой і дзясятка маладых сем’яў не набярэцца. А пэнсіянэраў не турбуе, што апрануць і як выправіць дзяцей вучыцца ў горад. Галоўнае для старых — моц у руках і нагах. Грошай у іх болей, чым у калгасьнікаў, ды толькі паперкі на здароўе не абмяняеш. Сваёй гісторыяй дзеліцца баба Ганна:

(Ганна: ) “У мяне нага баліць. Я ўжо трэці раз да іх прыехала і кажу: “Зрабіце мне здымак”. “Не, жанчына, вы здаровыя. Гэта ў вас радыкуліт”. Я прыйшла і сказала, што так баліць, хоць ты на сьценку лезь. “Міленькая, чым я, хірург, табе магу дапамагчы, калі ў цябе радыкуліт?”

Асавая, Берасьцейшчына (Карэспандэнт: ) “Нагу палячылі?”

(Ганна: ) “Дзе ж яе вылечыш? Здымку так і не зрабілі. Мне сказалі: “Калі пашкоджаньне ёсьць, здымак зробім, а калі не — ня будзем”. А я люблю праўду. Таму і не змагла сказаць, што я ўпала, так бы здымак зрабілі. У нашай вёсцы цяжкае жыцьцё. Трэба гаспадарку даглядаць. А ў горадзе хоць і за кватэру больш плацяць, затое чыста і культурна. А ў нас некультурна! Жывём па-вясковаму!”

На вуліцы я спыніў кабету. На выгляд — пад шэсьцьдзесят. Як і суседкі, у краму ходзіць з роварам. Менавіта ходзіць, а ня езьдзіць. Туды яго коціць паражняком, а назад — нагружаным харчамі. Усё-такі торбы перавозіць лягчэй, чым цягаць на ўласным гарбу.

(Спадарыня: ) “Ой-ёй-ёй! Гэтага не апісаць! Першая праблема, што малака не прымаюць, бо нікому яно не патрэбнае. А я з гэтага малака толькі і жыву. А малако цяпер зусім не прымаюць, сказалі, што яно не патрэбнае”.

(Карэспандэнт: ) “Хто так сказаў?”

(Спадарыня: ) “Старшыня сельсавету”.

(Карэспандэнт: ) “Той жа старшыня сельсавету абяцаў, што гэтая праблема вырашыцца, ці не?”

(Спадарыня: ) “Яны паабяцалі, што наперад папасьвяць калгаснае быдла, а пасьля пусьцяць нашае”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы цяпер з малаком робіце?”

(Спадарыня: ) “А што хочаш, тое і рабі. Хочаш сьвіней кармі,а хочаш на двор вылівай”.

(Спадарыня: ) “Нам і пашы зь сенакосам не даюць. Як хочаш, так і жыві”.

(Карэспандэнт: ) “У вас тут столькі палёў. Узялі ды выгналі”.

(Спадарыня: ) “Мы выганялі, а яны на нас міліцыю выклікалі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ў калгасе працавалі?”

(Спадарыня: ) “23 гады даяркай адрабіла”.

(Карэспандэнт: ) “Вам калгас мусіць дапамагаць, бо вы на яго некалі працавалі”.

(Спадарыня: ) “Правільна, ды толькі цяпер я ім патрэбная. Я ім тэлефанавала, каб далі трактара гной вывезьці. Намесьнік сказаў, каб ніякай дапамогі не чакалі”.

Адзіны на вёску прыватны трактар стаіць на падворку Сьцяпана Качанкі. І я скіроўваюся ў госьці да гэтага пэнсіянэра.

(Карэспандэнт: ) “Трактар ваш?”

(Качанка: ) “Сына”.

Асавая, Берасьцейшчына

(Карэспандэнт: ) “Бабулі скардзяцца, што часам цяжка ўзараць, што калгас тэхнікі не дае”.

(Качанка: ) “А хто цяпер на пэнсіянэра зьвяртае ўвагу? Каму ён патрэбны? Нікому не патрэбны! Нашыя чыноўнікі закапалі б пэнсіянэра жывым. Я да іх не зьвяртаюся. Ня тое, што ў раскошы, але жыць можна. Я нават навучыўся свой хлеб пячы. Некалі мужчыны найлепшымі кухарамі і пекарамі былі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы б ужо свой бізнэс тут адкрылі. Чым той недапечаны, што ў крамах, лепей хатні”.

(Качанка: ) “Мне сорамна пра гэта распавядаць. Тут такія пэнсіянэркі, якія самі могуць пячы, але яны ідуць у краму”.

Выглядае, што пячы хлеб Сьцяпану Качанку стане цяжэй. Да нядаўняга часу ў Асавой працаваў прыватны млын. Андрэй Навумчык малоў усім ахвочым. Адное толькі было дрэнна: калі ўключаўся матор, у некалькіх хатах зьнікала сьвятло. Цярпеньне ў суседа скончылася, і ён паскардзіўся электрыкам. Тыя загадалі ўсталяваць лічыльнік, а гаспадар спадара Навумчык гэтага не зрабіў. Карацей, млына ў Асавой болей няма.

(Навумчык: ) “У мяне млын быў. Людзі так дзякавалі. Адзін дурань напісаў і яго адключылі”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму яны на вас паскардзіліся?”

(Навумчык: ) “Нібыта я шмат зарабляю”.

Асавая, Берасьцейшчына (Карэспандэнт: ) “А вы зь людзей грошы бралі за гэта?”

(Навумчык: ) “На булку хлеба”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, да вас вяскоўцы зьвярталіся, каб млын зноў уключылі?”

(Навумчык: ) “Я ўжо цяпер не хачу малоць. Хай як хочуць, так самі і робяць. Я цяпер аднавяскоўцам малоць ня буду! Калі яны на мяне паскардзіліся, чужым буду малоць, а сваім — не!”

Запытай каго заўгодна ў Маларыцкім раёне, чым выбітная Асавая, нічога цямнага не пачуеш. А на месцы аказалася: што ні размоўца, тое знаходка. І вялікі дзякуй Паўлу Сацу за цікавую інфармацыю пра аранжавыя стужкі на крыжы, бо гэтая акалічнасьць стала нагодай для падарожжа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG