Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курыць і паліць


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Як больш натуральна па-беларуску: цыгарэту, люльку курыць ці паліць? Відавочна, і ў народна-дыялектнай нашай мове, і ў літаратурнай у гэтым выпадку часьцейшае, звычнейшае даўняе, з індаэўрапейскім коранем, слова курыць. “Гаспадар, пад’еўшы, не сьпяшаючы, закурыў люльку, сказаў цану, катора панічу проці гарадзкіх паказалася зусім малой”, – чытаем у абразку Каруся Каганца. “Пакуль курылі, грэліся, жартавалі – буран заціх, спыніўся”, – гэта ўжо сказ з успамінаў Ўладзімера Дубоўкі.

Шматзначны дзеяслоў паліць у значэньні ‘курыць’ пачаў ужывацца ў беларускай мове на ўзор польскага palić. У сучасным маўленьні такое ўжываньне даволі частае, прычым сёй-той з карыстальнікаў мовы шчыра думае, што якраз так лепей па-беларуску. Вядома, так можна гаварыць па-беларуску, але няма ніякае патрэбы высьцерагацца традыцыйнага беларускага слова курыць: курыць цыгарэту, цыгарку, люльку курыць. Той, хто курыць, – курэц. Сыноніма курцу ад дзеяслова паліць у агульнаўжывальнай мове няма, а гэта таксама сьведчаньне большай традыцыйнасьці ўжываньня ў разгляданым значэньні слова курыць. Ад курца ёсьць і прыметнік курэцкі. “Кончыў дзед сваё сьнеданьне, – чытаем у Коласа, – і дастаў курэцкія прылады – па ядзе добра й закурыць”.

І пры канцы яшчэ жменя сынонімаў. Пра чалавека, які курыць, можам часам сказаць эмацыйна, з ацэнкаю – цыгарэты і смаляць, і смокчуць, імі дымяць, люльку пацягваюць, смокчуць, папыхкваюць ёю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG