Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія плюсы і мінусы пераходу на зімовы час?


Галіна Жарко, Менск Беларусь перайшла на зімовы час. У тры гадзіны ночы ў нядзелю, згодна з сыгналамі дакладнага часу, ізноў стала дзьве гадзіны. Суткі такім чынам набылі працягласьць 25-ці гадзінаў. Ці заўважылі лішнюю гадзіну людзі, як ёю скарысталіся, і як яны ўвогуле ставяцца да пераводу стрэлак?

Стрэлкі гадзіньніка беларусы перавялі ўжо 46-ы раз. Калі лічыць па два разы на год, пачынаючы з 1981-га – тады краіна ўпершыню перайшла на “летні час”. Але напярэдадні апошняе нядзелі кастрычніка вельмі часта гучалі пытаньні: калі трэба будзе падкруціць стрэлкі і ў які бок? А сэктар часу й частотаў Інстытута мэтралёгіі, дзе захоўваецца эталён часу, дагэтуль атрымлівае лісты з патрабаваньнямі тлумачэньняў. Адна з супрацоўніц гэтага сэктару расказала аб тым, што непакоіць людзей:

(Супрацоўніца: ) “Чаму пераводзяць час? Калі гэта адменяць? Чаму ў Польшчы такі час, а ў нас іншы? У Польшчы добра, а ў нас – не. Чаму ў нас не маскоўскі час? На кожны ліст мы павінныя адказаць. Кажуць, што і на здароўе ўплывае. І эканоміі ніякае няма. Мы далі запыт у міністэрства энэргетыкі, міністэрства аховы здароўя. Ніхто ад гэтага не адмовіўся. Тое, што гэта добра, яны нам не сказалі, але подпісы ўсе паставілі”.

Дык ці падлічаны эфэкт ад пераводу стрэлак гадзіньніка то назад, то ўперад? Наконт эканамічнае эфэктыўнасьці я запыталася ў Яраслава Раманчука, і ён сказаў, што, наколькі яму вядома, у Беларусі спэцыяльных падлікаў не рабілі. А вось расейскія энэргетыкі напярэдадні сёлетняга пераходу на зімовы час нагадалі, што эканомія ад гэтага складае 2-2,5% агульнага штогадовага спажываньня электраэнэргіі ў Расеі.

Што да ўплыву на здароўе, дык тут увогуле цікавая рэч атрымліваецца. Экспэрты па біярытмах вынайшлі, што біялягічны гадзіньнік чалавека разьлічаны так, каб суткі складалі 25 гадзін. Гэтак бы й было, каб людзі падпарадкоўваліся ўласнаму рытму. Але падпарадкоўваемся мы чамусьці 24-гадзіннаму цыклу. Вось чаму, аказваецца, аднае гадзіны ніколі не хапае. І ў выніку – пастаянны стрэс. Якраз у апошнюю нядзелю кастрычніка часу быццам бы павінна хапіць на ўсё. Ці гэта так, я запыталася ў людзей.

(Карэспандэнтка: ) “Вы заўважылі, што ў сутках сёньня 25 гадзін?”

(Галасы: ) “Так, заўважыў. Болей часу стала”.

“Па-праўдзе сказаць, час праходзіць незаўважна. Хаця, здаецца, дзень стаў больш доўгі”.

(Карэспандэнтка: ) “На што вы патрацілі дадатковую гадзіну?”

(Галасы: ) “На сон. Выспалася”.

“На працу”.

“На базар зьбіралася”.

“Я за часам не сачу. Мне аднолькава. А што, хіба болей часу стала?..”

“Цямнее раней. Кепска дадому дабірацца”.

“Стала горш. Устаеш, як і раней, а час іншы”.

Адны ставяцца да пераводу стрэлак станоўча, іншыя – адмоўна. Меркаваньні мэдыкаў таксама спрэчныя. Ёсьць досьледы і аб шкоднасьці пераходу на “летні час” і аб карыснасьці. Існуе нават расейскі сайт “Нет летнему времени!”, прысьвечаны, як там пішуць, “штучнай праблеме – гульні са стрэлкамі гадзіньніка”. Сярод інфармацыі пра нэгатыўны ўплыў “летняга часу” прыводзіцца й аргумэнт са спасылкаю на вучоных зь пецярбурскага НДІ акушэрства імя Ота, якія зьвязалі зьніжэньне нараджальнасьці зь неабходнасьцю летам уставаць на гадзіну раней.

Лічыцца, быццам найбольш клопату перавод стрэлак складае транспартнікам – але тут усё якраз наадварот. У Інстытуце мэтралёгіі, у сэктары часу й частотаў, адкуль паступае сыгнал дакладнага часу, сказалі так:

(Супрацоўнік: ) “Яны навучыліся пераводзіць час і кажуць, што ня дай бог гэта будзе адменена. Бо ўся сусьветная сыстэма дзейнічае ў адзіным рытме. Мы дзейнічаем так, як і ўся Эўропа”.

Прыбалтыйскія краіны, якія было адмовіліся ад пераходу на “летні час”, пасьля ўваходжаньня ў Эўразьвяз ізноў пераводзяць стрэлкі гадзіньніка. А ўпершыню “летні час” быў уведзены ў Вялікай Брытаніі яшчэ ў 1908 годзе. Хутка гэтаму “новаўвядзеньню” будзе 100 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG