Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі папулярызуюць нацыянальную кухню?


Іна Студзінская, Менск Нацыянальная кухня – візытоўка кожнай краіны. Замежнікі, прыяжджаючы ў любую краіну, перш за ўсё цікавяцца менавіта нацыянальнай кухняй. Вельмі шануюць і захоўваюць нацыянальныя традыцыі ў кулінарнай справе суседзі Беларусі – украінцы, літоўцы.

Цяпер у Менску, як пазначана ў шматлікіх даведніках і на сайтах, у 108 кавярнях і рэстарацыях прадстаўлена беларуская кухня. Але такіх, дзе можна пакаштаваць сапраўдныя беларускія нацыянальныя стравы, не набярэцца і дзясятка, кажа Міхаліна Емяльянава, вядоўца рубрыкі “рэстарацыі” Інтэрнэт-парталу “Relax.by”:

“Страўня “Камяніца” пазыцыянуе сябе як кухня ВКЛ. У іх вельмі добры кухар, яна экспэрымэнтуе, сапраўды працуе з рэцэптамі часоў ВКЛ, але там вельмі шмат недасканаласьцяў і складанасьцяў. Там больш страў, якія належыць да эўрапейскай кухні, а менш – да нацыянальнай. Страўня “Талака” ідзе як “беларуская і эўрапейская кухня”. Замаўляеш сабе нейкую нацыянальную страву беларускую, а на сталах у якасьці, так бы мовіць, “развлякалаўкі”, стаяць сушкі...”

Дранікі ў стылі "ф''южн"

Маркетоляг рэстарацыі “Мірскі замак” Ганна Карачун лічыць, што і кліенты ня надта добра арыентуюцца ў беларускіх стравах:

“Напэўна, стэрэатып спрацоўвае: гэта занадта проста, звыкла. Кліент ведае пра беларускую кухню, што гэта толькі дранікі, блінцы, і яму гэта нецікава. Яму больш цікавыя сушы, нешта замежнае, піца, італьянскія стравы”.

Маркетоляг рэстарацыі “Мірскі замак” Ганна Карачун лічыць, што трэба старажытныя стравы падаваць больш па-сучаснаму, як гэта робіць яе рэстарацыя:

“Гэта чыста беларускія стравы, але яны цікава падаюцца. Дранікі, да прыкладу, падаем у вялікім прыгожым блюдзе, упрыгожваньні незвычайныя, такі “ф’южн”. Павінна быць сучасная інтэрпрэтацыя”.

2800 чалавек прыходзіцца ў Беларусі на адну рэстарацыю

У Беларусі рэстарацыі і кавярні ў асноўным дзяржаўныя. Начальнік Упраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Аляксей Багдановіч прызнаецца:

“Страцілі мы нацыянальны калярыт, мала рэстарацыяў беларускай кухні. У Беларусі 2800 чалавек прыходзіцца на адну рэстарацыю, у Маскве – 2 тысячы, у Чэхіі – 140 чалавек на адну рэстарацыю. Таму рыхтуецца новая праграма разьвіцьця грамадзкага харчаваньня. І мэр Менску спадар Паўлаў даў заданьне кожнаму кіраўніку адміністрацыі падабраць па 10 месцаў у кожным раёне ля адкрыцьця кропак грамадзкага харчаваньня”.

Што з гэтага атрымаецца – пакуль цяжка сказаць. Некалі ж спрабавалі зрабіць альтэрнатыву “Мандональдзу” – “Хутка, смачна, па-беларуску”. Задумка хутка і правалілася: у шапіках замест дранікаў – хот-догі ды піца, разагрэтая ў мікрахвалёўцы.

Культуроляг Сяргей Харэўскі перакананы, што ня ўсё так змрочна, бо аб’еліся беларусы ўжо шаўрмой, піцай ды гамбургерамі:

“Што такое нацыянальная кухня? Гэта тая кухня, тыя прадукты, якія можна лёгка даставіць у сьвежым выглядзе: кмен і журавіны, грыбы, сьвініна, бульба. Хочаш-ня хочаш, ніколі наша спажываньне ня будзе нагадваць японскае. Нават не заклікаючы гучна да нацыянальнай самасьвядомасьці, калі проста даць магчымасьць людзям проста зарабляць грошы і разьвіваць свой бізнэс, першае, што зробіць любы дырэктар кавярні ці рэстарацыі – гэта зьвернецца да тутэйшых прадуктаў і тутэйшых традыцыяў”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG