На БелАЭС працуюць колішнія спэцыялісты захопленай у 2022 годзе Расеяй Запароскай АЭС. Некаторыя ўжо маюць пашпарт Беларусі

БелАЭС у часе будаўніцтва ў 2019 годзе
БелАЭС у часе будаўніцтва ў 2019 годзе

На Беларускай АЭС на момант пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Ўкраіны працавала прыблізна 30 спэцыялістаў з Запароскай АЭС. Цяпер яны атрымліваюць беларускае грамадзянства або вяртаюцца на захопленую Расея атамную станцыю ў Энэргадар як супрацоўнікі карпарацыі «Расатам».

Нядаўна раённая газэта «Астравецкая праўда» паведаміла, што 30 кастрычніка «ў пакоі гісторыі» мясцовага РАЎС адбылася ўрачыстая цырымонія прынясеньня прысягі Дзяржаве Беларусь трыма замежнымі грамадзянамі — Ірынай Гасьцявой, Андрэям Палішчуком і Мікалаем Чышчавым. Як высьветліў карэспандэнт Свабоды, апошнія два чалавекі да атрыманьня беларускага грамадзянства былі грамадзянамі Ўкраіны і працавалі на Запароскай АЭС.

«Чамадан, вакзал, БелАЭС»

Інфармаваная крыніца паведаміла Свабодзе, што колішнія супрацоўнікі ўкраінскай станцыі масава пачалі зьяжджаць з Энэргадару Запароскай вобласьці на працу ў Беларусь у 2014 годзе, бо да гэтага шмат іх увогуле ўдзельнічалі ў будаўніцтве станцыі ў Астраўцы.

«Пасьля Майдану і пачатку вайны ў 2014 годзе ў Беларусь паехала дастаткова шмат нашых спэцыялістаў. Гэта былі тыя людзі, якія не змаглі прыняць зьмену ўлады», — сказаў суразмоўнік Свабоды. У 2014 годзе ў выніку Рэвалюцыі годнасьці прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч уцёк у Расею, а новым прэзыдэнтам у выніку выбараў стаў Пятро Парашэнка.

Яшчэ адна крыніца паведаміла Свабодзе, што спачатку на працу на БелАЭС зьехаў начальнік другога блёку Запароскай АЭС Віктар Турэльскі, а за ім — і іншыя.

«І гэта адбылося дастаткова хутка і ціха, пад лёзунгам „Чамадан, вакзал, БелАЭС“. Трэба сказаць, што гэта адбылося без гучных скандалаў і, тым больш, без яўнай абразы на Ўкраіну. І кіраўніцтва станцыі не стварала ім ніякіх перашкодаў», — адзначыў суразмоўнік.

Віктар Турэльскі працаваў на БелАЭС намесьнікам галоўнага інжынэра па эксплуатацыі АЭС, але ў красавіку 2024 году раптоўна памёр. «Ён быў добры спэцыяліст, але меў залежнасьць ад алькаголю. Імаверна, праз гэта заўчасна і памёр», — сказаў суразмоўца Свабоды.

Тады кіраўніцтва Астравецкай станцыі назвала яго «адной з ключавых постацяў БелАЭС», а ягоную сьмерць — вялікай стратай.

Што вядома пра Чышчавога

Астравецкая раёнка шмат разоў пісала пра Мікалая Чышчавога. Вядома, што ён удзельнічаў у будаўніцтве Беларускай АЭС і прыехаў на працу ўжо ў 2014 годзе. Ён мае трох братоў, якія таксама працуюць у атамнай энэргетыцы. Адзін зь іх — Аляксей — пайшоў добраахвотнікам абараняць Украіну ад агрэсіі Расеі і нядаўна загінуў. Другі брат дагэтуль працуе ў сфэры атамнай энэргетыкі ва Ўкраіне.

Колішні супрацоўнік Запароскай АЭС Мікалай Чышчавы. Фота выданьня «Астравецкая праўда»
Колішні супрацоўнік Запароскай АЭС Мікалай Чышчавы. Фота выданьня «Астравецкая праўда»

На Запароскай АЭС ён пачаў працаваць у 2001 годзе, пачынаў, як і ўсе атамшчыкі з машыніста помпавых установак на берагавой помпавай станцыі. Потым стаў апэратарам рэактарнага аддзяленьня, старшым апэратарам, інжынэрам рэактарнага аддзяленьня, вядучым інжынэрам па кіраваньні энэргаблёкам. Калі пачаў праходзіць падрыхтоўку на апошнюю пасаду атрымаў запрашэньне на працу на Астравецкую АЭС.

«Я не шкадую. Бачу, што ў маіх дзяцей у пэрспэктыве можа быць зусім іншая будучыня, чым тая, якая была б там. Плюсы для мяне і ў прафэсійным пляне — гэта ўдзел у новым праекце новага пакаленьня, атрыманьне значнага досьведу», — расказваў Мікалай Чышчавы мясцовым журналістам. Ён таксама выказваў сваю ўдзячнасьць усім, з кім працаваў на Запароскай АЭС.

Мікалай Чышчавы мае жонку і двух сыноў.

Перад працай на АЭС — стажыроўка ў Расеі

Андрэй Палішчук, які цяпер таксама атрымаў беларускі пашпарт, праходзіў стажыроўку ў Расеі, каб працаваць на пасадзе начальніка зьмены турбіннага аддзяленьня.

Андрэй Палішчук перад працай на БелАЭС праходзіў стажыроўку ў Расеі. Фота БелТА
Андрэй Палішчук перад працай на БелАЭС праходзіў стажыроўку ў Расеі. Фота БелТА

Ён прыехаў у Беларусь у 2016 годзе. Як і Мікалай Чышчавы, ён працаваў на Запароскай АЭС, а таксама шэсьць гадоў на АЭС «Бушэр» у Іране. Перад працай на Беларускай АЭС вучыўся ў Новаваронескім навучальна-трэнавальным цэнтры, а потым стажыраваўся на Новаваронескай АЭС. Там жа падрыхтоўку праходзілі 250 супрацоўнікаў Беларускай АЭС.

Яшчэ адна інфармаваная крыніца паведаміла Свабодзе, што ў Расею і Беларусь зьехала шмат запароскага пэрсаналу.

«Спачатку паехалі за доўгім рублём, а пасьля захопу расейскімі войскамі Запароскай АЭС вяртаюцца на станцыю, як акупанты ўжо ад расейскага канцэрну „Росатам“. Супраць такіх сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны завялі крымінальныя справы, а некаторыя ўжо атрымалі і вырак», — паведаміў суразмоўца Свабоды.

У студзені 2023 году дарадца генэральнага дырэктара кампаніі «Расэнэргаатам» Рэнат Карчаа заяўляў аб намерах прывезьці на Запароскую АЭС супрацоўнікаў Беларускай АЭС.

«На Беларускай атамнай станцыі сапраўды працуе прыблізна 40 супрацоўнікаў Запароскай АЭС, якія там падпісалі кантракт яшчэ задоўга да пачатку спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. І гэтыя людзі хочуць вярнуцца дадому — у іх заканчваецца кантракт у канцы лютага гэтага году [2023]», — казаў ён.

Але ці адбылося гэта — пакуль невядома.

14 лістапада стала вядома, што ўлады Беларусі вырашылі пабудаваць у Астраўцы трэці блёк атамнай станцыі.

«Па выніках нарады прынята рашэньне аб разьвіцьці Астравецкай атамнай электрастанцыі, рэалізацыі другой чаргі — збудаваньні трэцяга энэргаблёка. І паралельна будзе арганізаваная праца па дасьледаваньню пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласьці для разьвіцьця атамнай энэргетыкі менавіта ў Магілёўскім рэгіёне», — паведаміў віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч.

​
XS
SM
MD
LG