Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WSJ: ЭЗ прыдумаў плян дапамогі Ўкраіне, каб абысьці вэта Вугоршчыны


Відэавыступ прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага перад удзельнікамі саміту ЭЗ, сьнежань 2023
Відэавыступ прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага перад удзельнікамі саміту ЭЗ, сьнежань 2023

Чыноўнікі Эўрапейскага Зьвязу на гэтым тыдні пачнуць абмяркоўваць новы плян, каб выдзеліць дзясяткі мільярдаў даляраў для падтрымкі Ўкраіны. Праграма вайсковай дапамогі загразла ва ўнутраных рознагалосьсях і патрабуе перазапуску.

Пра гэта піша амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal.

У канцы мінулага году Вугоршчына заблякавала выдзяленьне 50 мільярдаў эўра фінансавай дапамогі Ўкраіне зь бюджэту ЭЗ, а на кампраміс з Будапэштам гатовыя ісьці ня ўсе краіны.

Паводле зьвестак выданьня, прапанаваны плян прадугледжвае выдзяленьне 20 мільярдаў эўра на працягу наступных чатырох гадоў праз новы фонд, які будзе папаўняцца пяцьцю мільярдамі эўра штогод.

Калі новы плян ЭЗ атрымае ўхвалу, то гэтыя 20 мільярдаў эўра сродкаў ЭЗ будуць вернуты дзяржавам-чальцам у якасьці кампэнсацыі за дзясяткі мільярдаў эўра вайсковай дапамогі, якую яны дадуць Украіне на працягу наступных чатырох гадоў. Праект пляну, зь якім азнаёмілася WSJ, быў афіцыйна распаўсюджаны ў пятніцу.

Выданьне нагадвае, што на пачатку вайны Расеі супраць Украіны Эўропа пачала выдаткоўваць сродкі ЭЗ для аплаты легальнай вайсковай дапамогі Кіеву праз Эўрапейскі фонд міру. Гэта аказалася вельмі пасьпяховым. За год ня менш як пяць з паловай мільярдаў эўра былі вернутыя дзяржавам-чальцам, якія забясьпечвалі Ўкраіну — у асноўным з наяўных у іх запасаў — зброяй, боепрыпасамі, танкамі і ракетамі для СПА. Але затым урад Вугоршчыны заблякаваў выплаты з гэтага фонду.

Лічыцца, што шэраг краін — чальцоў ЭЗ вычарпалі свае запасы і ўжо ня могуць забясьпечыць значны новы ўзровень дапамогі Ўкраіне, піша выданьне. Улічваючы гэтыя цяжкасьці, прапануецца стварыць новы адмысловы вайсковы фонд для Ўкраіны, які паглыне частку астатніх актываў Эўрапейскага фонду міру і будзе папаўняцца пяцьцю мільярдамі эўра штогод у найбліжэйшыя чатыры гады.

Ідэя палягае ў тым, каб выкарыстоўваць гэтыя грошы для кампэнсацыі краінам за сумесныя пастаўкі Ўкраіне і аплату выдаткаў на праграму вайсковай падрыхтоўкі. У дакумэнце ЭЗ, паводле зьвестак WSJ, даецца прыблізная ацэнка, згодна зь якой сёлета новы фонд можа прапанаваць дзяржавам-чальцам кампэнсацыю за вайсковую дапамогу на суму сем з паловай мільярдаў эўра.

Прапанова ЭЗ паступіла пасьля таго, як канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, чый урад сёлета падвойвае вайсковую дапамогу Ўкраіне, нягледзячы на жорсткія бюджэтныя абмежаваньні, заклікаў іншыя краіны ЭЗ зрабіць больш, каб дапамагчы Кіеву.

Новы фонд, як лічаць аўтары пляну, аблегчыць эўрапейскім урадам задачу сумесна працаваць над тым, якія рэсурсы больш неабходныя Кіеву.

На саміце ЭЗ у сьнежні прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан заблякаваў выдзяленьне Кіеву фінансавай дапамогі памерам 50 мільярдаў эўра. Лідэры краін ЭЗ вернуцца да пытаньня на саміце 1 лютага. Крыніцы Politico паведамлялі, што Будапэшт здыме вэта, калі атрымае магчымасьць штогод пераглядаць дапамогу Кіеву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG