Брусэль праводзіць аўдыт вайсковай дапамогі краін — сябраў ЭЗ Кіеву з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю расейскай арміі. Пра гэта ў аўторак піша Financial Times са спасылкай на тры інфармаваныя дыпляматычныя крыніцы.
Як зазначае выданьне, праверка арганізаваная ў адказ на заявы, што некаторыя дзяржавы не змаглі накіраваць Украіне таго аб’ёму дапамогі, які быў ім пад сілу. У прыватнасьці, канцлер Нямеччыны ОлЯф Шольц на мінулым тыдні запатрабаваў падлічыць і параўнаць аб’ёмы паставак Кіеву.
«Пастаўкі зброі для Ўкраіны, заплянаваныя большасьцю дзяржаў-удзельніц ЭЗ, занадта малыя», — мяркуе Шольц.
У публікацыі Financial Times гаворыцца, што заходняя вайсковая і фінансавая дапамога Ўкраіне ў апошнія месяцы скарацілася, што абмежавала магчымасьці Кіева абараняцца ад нападаў Расеі і пачаць контранаступальныя апэрацыі. Гэта выклікала асьцярогу, што гатоўнасьць дапамагаць Украіне слабее пасьля амаль двух гадоў вайны.
Аўдыт праводзіць Эўрапейская служба зьнешніх сувязяў, якая мае намер прадставіць свае высновы перад самітам ЭЗ 1 лютага сёлета.
Па словах адной з крыніц Financial Times, падчас праверкі экспэрты будуць абапірацца на матэрыялы, прадстаўленыя членамі эўрапейскага блёку ў адказ на адпаведны запыт Брусэлю. Суразмоўца выданьня адзначыў, што гэты запыт ужо сустрэў супраціўленьне з боку некаторых краін, якія далі зразумець, што яны ня хочуць прадстаўляць аўдытарам поўныя зьвесткі.
Цяперашні аўдыт праводзіцца ў пэрыяд, калі Брусэль, а таксама Вашынгтон спрабуюць знайсьці палітычны кансэнсус, які дазволіў бы ім падпісаць новыя пакеты дапамогі Кіеву на суму каля 110 мільярдаў даляраў. У ЗША двухпартыйныя рознагалосьсі да гэтага часу не дазваляюць прыняць новы пакет фінансаваньня Ўкраіны памерам больш за 60 мільярдаў даляраў, на чым настойвае адміністрацыя прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна.
- На мінулым тыдні паведамлялася пра вынікі аўдыту, праведзенага экспэртамі амэрыканскага Міністэрства абароны. У высновах, якія прадставіў генэральны інспэктар Міністэрства абароны ЗША Робэрт Сторч, указвалася, што частка вайсковай дапамогі ЗША Ўкраіне на суму звыш аднаго мільярда даляраў не адсочвалася належным чынам.
- У дакладзе Пэнтагону не прыводзіліся доказы нямэтавага выкарыстаньня зброі. Аднак экспэрты высьветлілі, што чыноўнікі амэрыканскага вайсковага ведамства і дыпляматы ў Вашынгтоне і Эўропе не змаглі хутка ці цалкам даць справаздачу пра многія з амаль 40 тысяч адзінак зброі, якія па законе павінны былі старанна кантралявацца. Пра гэта пісала The New York Times.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.