Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская акторка загінула пад абстрэлам у так званай «ДНР»: яна выступала перад вайскоўцамі Расеі

Сыстэма HIMARS на ўзбраеньні Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Сыстэма HIMARS на ўзбраеньні Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

У выніку ўдару па вёсцы Кумачова ў Старабешаўскім раёне так званай «ДНР» загінула расейская акторка і рэжысэрка Паліна Мяншых.

Пра гэта паведамляе пецярбурскі тэатар-студыя «Партал», дзе яна працавала.

Па словах калег Паліны Мяншых, гэта адбылося 19 лістапада падчас яе выступу. Тэлеграм-канал Mash на Данбасе паведамляе, што адна з ракет патрапіла па Доме культуры падчас выступу перад вайскоўцамі.

«Паліна Мяншых, вядомая як пастаноўшчыца адной з вэрсій „Апошняга выпрабаваньня“ („Лезе Артыс“) загінула ўчора на выступе ў Данбасе ў выніку абстрэлу», — гаворыцца ў паведамленьні тэатра.

Актрыса, паводле зьвестак «Российской газеты», прыехала ў Старабешава з канцэртам для расейскіх вайскоўцаў на Дзень ракетных войскаў і артылерыі. Выданьне са спасылкай на відавочцаў піша, што адной ракетай «разьбілі машыны валянтэраў, другой — грымёрку з артыстамі і сцэну».


21 лістапада ў тэлеграм-каналах зьявілася відэа, на якім, як сьцьвярджаецца, зьняты момант абстрэлу.

У сумесным цэнтры кантролю і каардынацыі так званай «ДНР» заявілі аб гібелі ў выніку ўдару адной цывільнай жанчыны 1972 году нараджэньня, а таксама аб пашкоджаньні двух шматкватэрных дамоў і чатырох аб’ектаў цывільнай інфраструктуры. Афіцыйна расейскі бок не камэнтуе гібелі вайскоўцаў, якія сабраліся на выступ акторкі.

Камандзір украінскага падразьдзяленьня аэравыведкі «Птахи Мадяра» пры 59-й брыгадзе УСУ Роберт Броўдзі сьцьвярджае, што УСУ нанесьлі ўдар па 810-й асобнай брыгадзе марской пяхоты Расеі, пры ўдары загінулі 25 расійскіх вайскоўцаў, яшчэ 100 байцоў параненыя.

«810-я, вам балюча, мы гэта дакладна ведаем. Гэта было зроблена за нашых хлопцаў. За Закарпацкую асобную горна-штурмавую брыгаду», — напісаў ён.

«У Генштабе УСУ зрабілі справаздачу аб 25 загінулых і 102 параненых. УС РФ кажуць, што забітых 23, параненых да 80, уключаючы лёгкіх», — прыводзіць «Новая газета Европа» словы расейскага вайсковага экспэрта, імя якога не называецца.

Паводле яго, сярод забітых таксама ёсьць чацьвёра прыежджых артыстаў, «сярод параненых — гукарэжысэр і рабочыя сцэны ДК». Яшчэ адзін суразмоўца выданьня сказаў, што ёсьць інфармацыя пра больш як 10 загінулых вайскоўцаў.

Украінскія вайскоўцы, як сьцьвярджаецца, вялі агонь са сваіх пазыцый, разьмешчаных у раёне Елізаветаўкі, з рэактыўных сыстэм залпавага агню HIMARS, ракетамі М-30А1 і М-31.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG