Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 54-м годзе жыцьця памёр актор Мэт’ю Пэры, зорка папулярнага сэрыялу «Сябры»


Мэт’ю Пэры
Мэт’ю Пэры

Ягонае цела знайшлі ў гідрамасажнай ваньне ў ягоным доме ў Лос-Анджэлесе.

Амэрыкана-канадзкі актор Мэт’ю Пэры памёр ва ўзросьце 54 гадоў, паведамляе NBC News. Сусьветную вядомасьць актор атрымаў у якасьці аднаго з шасьці сяброў у камэдыйным сэрыяле 90-х гадоў «Сябры» — Чандлера Бінга.

Падазрэньняў на гвалтоўную сьмерць няма, але паліцыя зараз расьсьледуе інцыдэнт. Верагодней за ўсё, актор памёр яшчэ ў суботу, 28 кастрычніка.

Мэт’ю Пэры (1969-2023) пачаў здымацца ў кіно ў другой палове 80-х, яшчэ падчас вучобы ў школе. Пасьля невялікіх роляў у мастацкіх фільмах ён зьняўся ў некалькіх сэрыялах, у тым ліку ў любімым падлеткамі 90-х «Бэвэрлі-Гілз 90210». Але менавіта ягоны вобраз саркастычнага, але лагоднага і крыху нязграбнага Чандлера Бінга ў сэрыяле «Сябры», які быў зьняты і ўпершыню паказаны з 1994 па 2004 гг., прынёс яму сусьветную вядомасьць.

Галоўныя героі «Сяброў» — шасьцёра чалавек, якія жывуць у дзьвюх кватэрах, разьмешчаных адна насупраць адной, у доме ў Нью-Ёрку. Апошні эпізод камэдыі ў 2004 годзе паглядзелі 52,5 мільёна гледачоў у ЗША, што зрабіла яго самым прагляданым сэрыялам дзесяцігодзьдзя ў Амэрыцы.

Фэномэн «Сяброў» таксама ня зьнік са зьяўленьнем стрымінгавых плятформаў. Напрыклад, гэта па-ранейшаму адзін з самых папулярных сэрыялаў на Netflix. Сэрыял перакладалі і на беларускую мову.

Падчас і пасьля здымак сэрыяла Пэры доўгі час змагаўся з алькагольнай, наркатычнай і мэдыкамэнтознай залежнасьцю.

У лістападзе 2022 году выйшлі мэмуары Пэры «Friends, Lovers, and the Big Terrible Thing: A Memoir» (Сябры, каханкі, і вялікая жудасная рэч: мэмуары). У кнізе, акрамя ўспамінаў аб здымках, Мэт’ю Пэры таксама апісаў сваю барацьбу з залежнасьцямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG