Спэцыяльныя службы Ўкраіны і Гішпаніі паведамілі аб затрыманьні ў часе супольнай апэрацыі кантрабандыстаў, якія нелегальна вывезьлі з Украіны вырабы «скіфскага золата» і хацелі іх прадаць.
Як паведамілі ў СБУ і паліцыі Гішпаніі, затрымалі пяць удзельнікаў транснацыянальнай злачыннай групоўкі, сярод якіх — прадстаўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.
У часе сьледчых дзеяньняў у затрыманых знайшлі 11 скрадзеных залатых прадметаў культурнай спадчыны Ўкраіны на суму больш як 60 мільёнаў эўра. Паводле сьледзтва, артэфакты, сярод якіх каштоўныя прадметы VIII–IV стагодзьдзяў да нашай эры, вывезьлі з Украіны ў Эўразьвяз у пэрыяд з 2014-га да 2020 году.
«Потым злачынцы спрабавалі легалізаваць выкрадзеныя каштоўнасьці пад выглядам іх набыцьця замежнымі калекцыянэрамі для далейшага продажу на чорным рынку», — адзначаецца ў паведамленьні СБУ.
У Службе бясьпекі Ўкраіны сьцьвярджаюць, што паэтапна задакумэнтавалі «злачынныя дзеяньні фігурантаў» і злавілі падчас перамяшчэньня артэфактаў.
Цяпер расьсьледуюць усе абставіны злачынства, а таксама спрабуюць вызначыць месцазнаходжаньне іншых каштоўнасьцяў «скіфскага золата», выкрадзеных з тэрыторыі Ўкраіны.
У гішпанскай паліцыі ўдакладнілі, што гэтыя каштоўнасьці зьніклі бязь зьвестак пасьля таго, як былі дэманстраваліся ў Музэі Кіева з 2009-га да 2013 году. Расьсьледаваньне дапамагалі ажыцьцявіць таксама прадстаўнікі праваахоўных органаў Альбаніі, Баўгарыі, Кіпра і Паўночнай Македоніі.