Дзярждума дэнансавала канвэнцыю 10 кастрычніка. У тлумачальнай запісцы дэпутаты ўказалі, што Камітэт міністраў Рады Эўропы летась у верасьні прыняў рэзалюцыю, якая істотна абмежавала паўнамоцтвы расейскага экспэрта ў Кансультацыйным камітэце, створаным для маніторынгу выкананьня абавязкаў па абароне нацыянальных меншасьцяў.
Акрамя таго, на фоне вайны Расеі супраць Украіны Масква пазбавілася права адсочваць на міжнародным узроўні выпадкі парушэньня правоў этнічных меншасьцяў, у тым ліку расейскамоўнага насельніцтва за межамі Расеі.
Расея далучылася да канвэнцыі ў 1996 годзе. Дакумэнт пакліканы бараніць нацыянальныя меншасьці ад дыскрымінацыі, спрыяе захаваньню культуры, рэлігіі і традыцый, а таксама прадугледжвае права на свабоднае выкарыстаньне мовы.
16 сакавіка 2022 году Расею выключылі з Рады Эўропы пасьля 26 гадоў яе сяброўства. За дзень да гэтага Парлямэнцкая асамблея аднагалосна прагаласавала за выключэньне Расеі.
- Паводле перапісу насельніцтва Расейскай Фэдэрацыі, праведзенага ў 2021 годзе, на тэрыторыі РФ пражывае 208 тысяч беларусаў. Гэта ў два зь лішкам разы меней, чым у 2010 годзе (521 тысяча). Найбольшы працэнт беларусаў у суб’ектах РФ — у Карэліі (14,4%). Беларускіх школ у Расеі няма.