Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі нечакана прыехаў на пасяджэньне групы «Рамштайн» і нагадаў, адкуль Расея пачала вайну супраць Украіны


Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (зьлева) выступае падчас прэс-канфэрэнцыі з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам перад сустрэчай міністраў абароны краін NATO ў Брусэлі, 11 кастрычніка 2023
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (зьлева) выступае падчас прэс-канфэрэнцыі з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам перад сустрэчай міністраў абароны краін NATO ў Брусэлі, 11 кастрычніка 2023

Уладзімір Зяленскі ўпершыню асабіста бярэ ўдзел у пасяджэньні групы «Рамштайн». Дагэтуль ён удзельнічаў дыстанцыйна.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўпершыню асабіста возьме ўдзел у пасяджэньні групы «Рамштайн», якая каардынуе вайсковую дапамогу Ўкраіне.

«Ёсьць прыярытэты: сыстэмы супрацьпаветранай абароны, абаронны шчыт. Гэта ня проста словы, а вельмі канкрэтныя рэчы. І нам яны патрэбныя ў вельмі канкрэтных геаграфічных пунктах нашай зямлі, каб уратаваць энэргетычную сетку, людзей, збожжа і маршруты яго паставак у Афрыку і Азію», — сказаў Уладзімір Зяленскі журналістам перад пачаткам пасяджэньня групы.

Апроч таго, паводле яго, Украіне патрэбныя далёкабойныя ракеты і боепрыпасы.

Уладзімір Зяленскі таксама згадаў вайну, якую пачаў ХАМАС супраць Ізраілю, і правёў аналёгію з расейскім ваенным уварваньнем ва Ўкраіну.

«Мая рэкамэндацыя лідэрам сьвету, калі я магу выкарыстоўваць такое слова. Я памятаю першыя дні нашага поўнамаштабнага ўварваньня. Яны пачаліся з тэрарыстычных атак зь Беларусі ракетамі і расейскай арміяй. Гэта наша найбольшая трагедыя, шмат людзей загінулі. І было вельмі важна не застацца з гэтым сам-насам. Гэта дапаможа нацыі ратаваць жыцьці людзей. Таму мая рэкамэндацыя міжнародным лідэрам — паехаць у Ізраіль і падтрымаць людзей. Проста людзей. Я не кажу пра інстытуцыі», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Кантактная група для абароны Ўкраіны, вядомая як «група Рамштайн», — міжнародная кааліцыя для каардынацыі вайсковай дапамогі Ўкраіне, створаная 26 красавіка 2022 году пасьля расейскага ваеннага ўварваньня.

У кааліцыю ўваходзіць больш за 50 краін — усе краіны NATO, большасьць дзяржаваў Эўразьвязу і хаўрусьнікі з Афрыкі і Азіі. Нефармальную назву «Рамштайн» кантактная група атрымала ад аднайменнай авіябазы ў Нямеччыне, дзе адбылася першая сустрэча, прысьвечаная вайсковай дапамозе Украіне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG