Літва з пачатку 2024 году павялічвае штрафы за недакладнае дэкляраваньне гатоўкі, якая ўвозіцца на тэрыторыю краіны.
Больш жорсткі парадак увозу грошай уводзіцца з прычыны павелічэньня патоку гатоўкі, якая ўвозіцца празь мяжу зь Беларусьсю і Расеяй. Літоўскі парлямэнт унёс адпаведныя зьмены ў Кодэкс аб адміністрацыйных парушэньнях і закон аб падатковым адміністраваньні.
Як паведаміла Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачаньне, штрафы за першае такое парушэньне складуць ад 390 да 1 200 эўра, за паўторнае — ад 1 040 да 3 900 эўра. Таксама дапускаецца канфіскацыя грошай.
За невыкананьне патрабаваньняў міжнародных плаежных апэрацый пастаўшчыкоў паслуг прапануюць штрафаваць на суму ад 1800 да 3800 эўра. Штраф за паўторнае парушэньне складзе ад 3800 да 6000 эўра.
Раней міністарка фінансаў Літвы Гінтарэ Скайсьце патлумачыла, што такія зьмены абумоўленыя значным «павелічэньнем патоку наяўных грошай, якія перавозяцца празь мяжу з Расеяй і Беларусьсю, імаверна, выкрадзеных на захопленых тэрыторыях Украіны».
Сёлета ў студзені Мытны дэпартамэнт Міністэрства фінансаў Літвы паведаміў аб спробах некалькі месяцаў запар увезьці ў Літву зь Беларусі вялікія сумы грошай ва ўкраінскіх грыўнях.
Паводле зьвестак на пачатак 2023 году, на літоўска-беларускай мяжы затрымалі каля 44 мільёнаў грыўняў (прыблізна 1,1 мільён эўра ў эквіваленце). Украінскую валюту ўвозілі грамадзяне Беларусі, але таксама былі выпадкі ўвозу грамадзянамі Літвы і Польшчы.
Літоўскія мытнік падазраюць, што вялікую колькасьць грыўняў выкралі ў часе вайны ва Ўкраіне і шляхам абмену ў краінах Эўразьвязу іх спрабуюць легалізаваць.