Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наўседа пра БелАЭС: «Мы ня можам дапусьціць паўтарэньня Чарнобылю ў Эўропе»


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

Дзьве важныя заявы пра Беларусь зрабіў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 14 сакавіка ў Страсбуры на пленарным паседжаньні Эўрапарлямэнту.

Пра мігранцкі крызіс

«Агульнай увагі» ўсіх краін Эўразьвяза заслугоўвае тэма нелегальнай міграцыі, заявіў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на паседжаньні Эўрапарлямэнту.

«Неабходнасьць узгадненьня прававых мэханізмаў барацьбы зь нелегальнай міграцыяй і яе палітычнай інструмэнталізацыяй стала яшчэ больш відавочнай пасьля таго, як у 2021 годзе Літва і іншыя суседнія краіны ЭЗ сталі мішэньню гібрыднай атакі беларускага і расейскага рэжымаў», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Паводле яго, паколькі нацыянальныя і мясцовыя ўлады сутыкаюцца з «усё большым ціскам», неабходны рашэньні на ўзроўні Эўразьвязу.

Пра Беларускую АЭС

Таксама прэзыдэнт Літвы Наўседа падзякаваў Эўрапарлямэнту за «прынцыповую падтрымку» ў пытаньнях, зьвязаных з «закладнікам „Росатома“ — Беларускай АЭС»:

«Пагрозы нікуды ня зьніклі, наадварот, яны толькі ўзмацняюцца, бо Беларусь зьбіраецца запусьціць другі блёк дэфэктнай атамнай электрастанцыі. Мы ня можам дапусьціць паўтарэньня Чарнобылю ў Эўропе».

Паводле зьвестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, з пачатку 2023 году зафіксавана 478 спроб незаконнага пранікненьня ў краіну зь беларускай тэрыторыі. Польскія і латвійскія памежнікі спынілі 3912 і 1018 спроб адпаведна.

Мігранцкі крызіс на межах Беларусі і краін Эўразьвязу пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго, як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні іншаземцаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Пра тое, што ўлады Беларусі і дзяржкарпарацыя «Росатом» утаілі інфармацыю аб дэфэктах сыстэм рэактараў, а таксама інцыдэнты, якія адбыліся на БелАЭС у 2022 годзе, заявіла 9 сакавіка выведка Літвы падчас прэзэнтацыі «Восьмай ацэнкі пагроз Нацыянальнай бясьпецы».

У той жа дзень Міністэрства энэргетыкі Беларусі заявіла аб «чарговай інфармацыйнай кампаніі, накіраванай на фармаваньне нэгатыўнага стаўленьня да БелАЭС праз разьдзіманьне ўяўнай пагрозы станцыі для міжнароднай супольнасьці».

На думку ведамства, «інфармацыя Літвы аб БелАЭС — мэтанакіраваная акцыя па дыскрэдытацыі праекту»:

«Прыводзяцца нічым не пацьверджаныя „палохаючыя“ зьвесткі аб яе будаўніцтве, задача якіх — ускалыхнуць грамадзкую думку, палітызаваць сытуацыю, дыскрэдытаваць нашу краіну на сусьветнай арэне».

Увесьці другі энэргаблёк Беларускай АЭС у прамысловую эксплуатацыю плянуецца сёлета ў кастрычніку, паведаміў на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 6 сакавіка міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG