Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычнае лабіяваньне, дапамога ўцекачам і беларуская мова: як прайшла сустрэча беларускай дыяспары Нямеччыны


Сустрэча беларускай дыяспары Нямеччыны. Фота Алеся Пілецкага
Сустрэча беларускай дыяспары Нямеччыны. Фота Алеся Пілецкага

У нямецкім Вісбадэне адбылася Сустрэча беларускай дыяспары Нямеччыны.

У ёй узялі ўдзел больш за 70 актывістаў беларускіх арганізацый краіны: Razam e.V., Voice of Belarus e.V., KUB e.V., #MusikForBelarus і іншых. Таксама да падзеі далучыліся прадстаўнікі беларускай дыяспары Польшчы ды грамадзкія і культурныя дзеячы, якія праз палітычны перасьлед апынуліся ў Нямеччыне.

Галоўныя мэты сустрэчы — абмен інфармацыяй і досьведам ды ўмацаваньне сувязяў паміж дыяспарнымі арганізацыямі з розных рэгіёнаў краіны. Найважнейшымі стратэгічнымі тэмамі сталі дапамога беларускім і ўкраінскім уцекачам, палітычнае лабіяваньне інтарэсаў Беларусі ў Нямеччыне, падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасьці, разьвіцьцё беларускае культуры ды абарона беларускай мовы.

Шматлікія беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія ўзьніклі ў Нямеччыне на хвалі пратэстаў і акцый салідарнасьці ў 2020 годзе, упершыню сустрэліся ў 2021 годзе пад Бэрлінам. Сёлета найбуйнейшая агульнанямецкая арганізацыя беларускае дыяспары Razam e.V. арганізавала сустрэчу другі раз.

Рэжысэр Аляксей Палуян і пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч у Вісбадэне. Фота Алеся Пілецкага
Рэжысэр Аляксей Палуян і пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч у Вісбадэне. Фота Алеся Пілецкага

На ўрачыстым адкрыцьці прагучалі звароты Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы і прадстаўніцы ў нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Aліны Коўшык.

Удзельнікі сустрэчы паслухалі выступы пісьменьніка Альгерда Бахарэвiча, паэткі Юлiі Цiмафеевай, рэжысэра Аляксея Палуяна і сьпявачка Веранiкі Кругловай.

«Мы спадзяёмся, што гэтая сустрэча дасьць нам магчымасьць адчуць сябе — нават далёка ад нашай Радзімы — яе неадрыўнай часткай, а нашую працу — часткай той шматграннай важнай працы, якая вялася да нас і вядзецца сёньня на карысьць вольнай Беларусі», — кажуць арганізатары.

ВЫступаюць Вераніка Круглова і Надзея Каракулька. Фота Алеся Пілецкага
ВЫступаюць Вераніка Круглова і Надзея Каракулька. Фота Алеся Пілецкага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG