Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрэнін заявіў, што авіяцыя ЗША адпрацоўвае ўдары па Беларусі


Аляксандар Лукашэнка і Віктар Хрэнін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Віктар Хрэнін, архіўнае фота

Міністэрства абароны Беларусі адзначае «беспрэцэдэнтную мілітарызацыю па пэрымэтры краіны». Пра гэта 12 студзеня заявіў міністар абароны Віктар Хрэнін журналістам дзяржаўных СМІ па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

«У эўрапейскіх краінах дысьлякуецца групоўка розных авіяцыйных сродкаў. Гэта больш за 2,2 тыс. самалётаў. Групоўка ў Польшчы і краінах Балтыі дасягае да 130, летась даходзіла да 140 самалётаў тактычнай авіяцыі. Мы таксама бачым палёты стратэгічнай бамбардзіровачнай авіяцыі амэрыканцаў, якія адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы па нанясеньні ўдараў па нашай тэрыторыі», — цытуе міністра агенцтва БелТА.

Пры гэтым агенцтва ня піша, ці даў Хрэнін канкрэтныя прыклады такой адпрацоўкі.

Віктар Хрэнін таксама адзначыў наяўнасьць крылатых ракет на супрацьракетных амэрыканскіх базах у Польшчы і Румыніі.

«Але мы цудоўна разумеем: пры нязначнай дапрацоўцы гэтыя аб’екты могуць ужываць крылатыя ракеты, якія могуць паражаць на нашай тэрыторыі на ўсю глыбіню», — сказаў ён.

У ліку фактараў, якія асабліва ўлічваліся, міністар назваў сытуацыю на поўдзень ад Беларусі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне.

«Мы бачым, асабліва апошнім часам пачасьцілася колькасьць парушэньняў дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы. Адпаведна мы належным чынам рэагуем», — цытуе БелТА міністра, зноўку ж, ня даючы канкрэтных прыкладаў.

Свабода зьвярнулася ў Міністэрства абароны ЗША * з просьбай пракамэнтаваць заявы Віктара Хрэніна. Мы апублікуем адказ, калі яго атрымаем.

* Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у верасьні 2025 года падпісаў выканаўчы загад, які дае Міністэрству абароны другасную назву — Міністэрства вайны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG