Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка паехаў у Абхазію? Меркаваньне Юрыя Дракахруста


Спойлер — каб ня ехаць у Крым, Данецк ці Херсон.

Сьцісла

  • Пуцін дамагаўся ў Сочы ад Лукашэнкі больш выразнай дэманстрацыі ляяльнасьці.
  • Лукашэнка ня хоча прызнаваць вынікі расейскіх квазірэфэрэндумаў ва Ўкраіне, паездка ў Абхазію — замена гэтаму прызнаньню.
  • Беларускія ўлады даюць зразумець, што з факту візыту не вынікае аўтаматычнае прызнаньне de facto і тым больш de jure.
  • Рэакцыя Тбілісі на паездку Лукашэнкі ў Абхазію была вельмі рэзкая, але без разрыву дыпляматычных адносін.
  • Саступка ў пытаньні прызнаньня незалежнасьці Абхазіі можа пацягнуць за сабой прызнаньне і іншых не адпаведных міжнароднаму праву тэрытарыяльных зьменаў.

З 2008 году, калі Абхазія абвясьціла незалежнасьць, а Расея яе прызнала, Лукашэнка ўхіляўся ад прызнаньня гэтай самаабвешчанай рэспублікі і ад публічных кантактаў зь яе кіраўніцтвам. Але выглядае, што ў новай палітычнай рэальнасьці расейскай мабілізацыі і квазірэфэрэндумаў у 4 украінскіх абласьцях ухіляцца і балянсаваць ужо не атрымліваецца.

Выглядае, што Пуцін падчас перамоваў у Сочы дамагаўся ад Лукашэнкі больш выразнай дэманстрацыі ляяльнасьці і саюзьніцкіх адносін у новай сытуацыі — ці то ўступленьня ў вайну, ці то прызнаньня вынікаў квазірэфэрэндумаў. Паколькі ні аднаго, ні другога Лукашэнку рабіць не хацелася, то і ўзьнікла ідэя з паездкай у Абхазію.

Магчыма, гэта прапанаваў Лукашэнка. Маўляў, ваяваць мы пакуль не гатовыя, прызнаваць украінскія землі расейскімі — гэта шлях да вайны, да якой ізноў жа не гатовыя, а вось давайце пачнём працэс прызнаньня Абхазіі. Раней не пачыналі, а цяпер пачнём, мы ж разумеем новую сытуацыю.

Аднак мог прапанаваць і Пуцін, маўляў, тое вы ня можаце зрабіць, да гэтага вы не гатовыя, ну дык хоць што-небудзь зрабіце, пакажыце, што вы сапраўдныя саюзьнікі. Хоць Абхазію прызнайце, напрыклад.

Пры гэтым Пуцін мог разьлічваць на псыхалягічны мэханізм прэцэдэнту, увасоблены ў прымаўцы «кіпцюрок ушчаміўся — усёй птушцы гінуць». Прызнае Беларусь Абхазію, якую не прызнавала 14 гадоў, ну а далей, пазьней прызнае і ўсё астатняе, што спатрэбіцца.

Разьлік небеспадстаўны. Але некаторыя дэталі візыту робяць невідавочным, што адбудзецца нават афіцыйнае прызнаньне. Лукашэнка нахвальваў Абхазію, абяцаў супрацоўніцтва, але абвяшчэньня urbi et orbi наконт дыпляматычнага прызнаньня ад яго не прагучала. Варта таксама адзначыць, што падчас візыту, у тым ліку і на перамовах з кіраўніцтвам самаабвешчанай рэспублікі, нідзе не фігуравала беларуская дзяржаўная сымболіка, да якой Лукашэнка звычайна вельмі ахвочы.

БелТА падала інфармацыю пра ягоны візыт пад дзіўным загалоўкам «Лукашэнка наведаў гістарычныя мясьціны паўночна-ўсходняга ўзьбярэжжа Чорнага мора і сустрэўся з Асланам Бжанія».

Дзяржаўнае інфармагенцтва ўхітрылася не ўдакладніць, якой жа дзяржаве належаць гэтыя «гістарычныя мясьціны» і хто такі загадкавы спадар Бжанія, каб зь ім сустракацца. Такая дэманстратыўная няпэўнасьць — знак таго, што для беларускіх уладаў з факту візыту аўтаматычна не вынікае афіцыйнае прызнаньне незалежнасьці Абхазіі.

Беларуская адмыслоўка ў пытаньнях міжнароднага права Кацярына Дзяйкала патлумачыла ў сваім Фэйсбуку , што ёсьць тры формы міжнароднага прызнаньня — de jure, de facto і ad hoc.

Прызнаньне de jure прадугледжвае ўсталяваньне дыпляматычных адносін, для прызнаньня de facto «характэрныя сыстэматычныя адносіны ў асобных сфэрах з заключэньнем пагадненьняў у гэтых сфэрах», прызнаньне ad hoc — прызнаньне на канкрэтны выпадак, для ўчыненьня канкрэтнага супольнага праекту, угоды.

У якасьці ня прыкладу, але аналёгіі з прызнаньнем ad hoc можна прывесьці тэлефанаваньні канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель Лукашэнку падчас міграцыйнага крызісу. Узьнікла праблема, для яе вырашэньня можна і паразмаўляць з асобай, якую ня лічыш легітымным кіраўніком дзяржавы, зь якой, аднак, зьвязаная праблема. Вырашылася праблема — тэлефанаваньні спыніліся.

Безумоўна, візыт Лукашэнкі ў Піцунду можа быць пачаткам, першым крокам да прызнаньня de facto (ён падчас візыту гаварыў пра супрацу ў будучыні) і нават прызнаньня de jure.

Прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Крэмль чакае, што «беларускія таварышы самастойна і для іх своечасова прымуць адпаведнае рашэньне».

Сказана гэта было і адносна прызнаньня незалежнасьці Абхазіі, і адносна расейскай прыналежнасьці Крыму.

Але калі меркаваць па паведамленьні БелТА, беларускія ўлады трактуюць візыт хутчэй як прызнаньне ad hoc. Праўда, у дадзеным выпадку незразумела, што зьяўляецца нагодай, канкрэтнай угодай, дзеля якой візыт быў учынены. У ідэале для Лукашэнкі гэтая «ўгода» — адно дэманстрацыя Крамлю першага кроку да прызнаньня. Які, ізноў жа ў ідэале, можа быць і апошнім.

Мяркуючы па ўсім, гэтыя жэсты разумеюць у Тбілісі. Ня выключана, дарэчы, што нейкае паразуменьне з грузінскімі ўладамі было дасягнутае загадзя. Грузінская рэакцыя на паездку Лукашэнкі ў сэпаратысцкі рэгіён была вельмі рэзкая. Але незваротных крокаў зроблена не было, аб разрыве дыпляматычных адносін не гаварылася.

У Тбілісі разумеюць адрозьненьне паміж прызнаньнем ad hoc і de jure, як і гульню Лукашэнкі.

Ён падымае цану свайго поўнага прызнаньня незалежнасьці Абхазіі, каб наагул не прызнаваць вынікі расейскіх квазірэфэрэндумаў ва Ўкраіне і не ваяваць.

Як сказаў у інтэрвію Свабодзе былы грузінскі міністар у пытаньнях прымірэньня і грамадзянскага раўнапраўя Паат Закарэішвілі, «калі ў Беларусі паўстане выбар: альбо вайна ва Ўкраіне, альбо прызнаньне незалежнасьці Абхазіі, калі Расея так паставіла ўмову перад Лукашэнкам, — вядома, ён выбера лягчэйшы шлях, як прызнаньне незалежнасьці Абхазіі».

Прызнаньне незалежнасьці Абхазіі — крок кепскі сам па сабе, гэта адмова ад ранейшай шматгадовай палітыкі, упаданьне ў яшчэ большую залежнасьць ад Расеі, нянавісьць да Беларусі (і да беларусаў, на жаль) яшчэ аднаго народу.

Да таго ж псыхалягічны і палітычны мэханізм прэцэдэнту сапраўды існуе. Саступіўшы ў адным, складаней адмаўляцца ад далейшых саступак.

І на гэтым шляху ўжо зроблены першы крок. Але пакуль і адзіны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG