Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вывучыла беларускую, каб толькі ўразіць свайго беларуса». Украінка дае парады, як за 2 месяцы загаварыць па-беларуску


Праз каханьне да беларускага хлопца ўкраінская дзяўчына Яварынка дасканала вывучыла беларускую мову. Ад красавіка 2022 году яе каханы зьняволены ў Беларусі, ён — палітвязень.

Калі пачалася вайна, Яварынка некалькі месяцаў прасядзела ў падвале ў франтавым горадзе на поўдні Ўкраіны, хаваючыся ад выбухаў і расейскіх акупантаў.

Мы пагаварылі зь дзяўчынай пра яе шлях да беларускай мовы, пра стаўленьне да беларусаў ва Ўкраіне і папрасілі падзяліцца досьведам пераходу на беларускую мову.

Яварынка прасіла не называць яе сапраўднага імя, бо непакоіцца, што публікацыя ў «экстрэмісцкім» СМІ можа пашкодзіць яе хлопцу, імя якога яна таксама папрасіла не агучваць. Рэдакцыі імёны вядомыя.

Сьцісла

  • Намагалася вучыць беларускую мову з розных крыніцаў, каб толькі ўразіць свайго беларуса.
  • Зараз ужо я магу вольна размаўляць на беларускай і момантамі пераключацца між мовамі. Часам, калі на кагосьці крычу, магу перайсьці на беларускую.
  • Калі пачалася вайна, мяне пыталі, як мяне занесла ва Ўкраіну ці чаму я зьехала зь Беларусі. Даводзіцца кожны раз тлумачыць, што я ўкраінка.
  • Я лічу, што Беларусь — акупаваная тэрыторыя, а народ у акупаванай краіне мала што можа зрабіць, каб абараніцца. Я лічу, што віны беларусаў няма.
  • Беларусы, адрозна ад рэальных ворагаў, робяць усё магчымае, каб спыніць гэтую вайну, проста пра гэта чамусьці ня прынята гаварыць. Беларусы не абавязаныя спыняць ракеты голымі рукамі.

«Колькі можна чуць гэтую мову і ня ведаць яе?»

— Чаму вырашылі вывучыць беларускую мову?

— Не магу сказаць, чаму, як і калі я зацікавілася беларушчынаю і пачала вучыць беларускую мову. У мяне не было цікавасьці, асаблівай мэты, патрэбы, натхняльнікаў ці яскравай падзеі, якая паўплывала б на мяне. Я нават ня маю сваякоў у Беларусі ці беларускіх каранёў, толькі малдаўскія. Таму гэта было больш несур’ёзнае зацікаўленьне, чым сьвядомае рашэньне.

Увогуле я сустракалася зь беларускаю моваю некалькі разоў у жыцьці. Упершыню, калі мне было гадоў 7-8, мы з маці знайшлі ў тэлевізіі беларускі канал (відаць «Белсат», які тады толькі зьявіўся), і я проста глядзела ўсё запар і сьмяялася з мовы. Потым у 14 гадоў трэба было чытаць Жуля Вэрна, я знайшла кніжку на беларускай і прачытала яе, заўважыўшы, што амаль усё зразумела.

У 2019 годзе натрапіла на допіс у фэйсбуку, дзе апавядалі аб пратэстах супраць інтэграцыі з Расеяй. Тады я даведалася, што ў Беларусі ўсё ня так добра, як здавалася. На той час усе ўкраінцы казалі, што беларусы жывуць шыкоўна і лепш, чым мы.

За падзеямі ў 2020 годзе назіралі ўсе ўкраінцы, і я таксама. Хтосьці перажываў за беларусаў, хтосьці абураўся, чаго ім не сядзіцца на месцы. Я ж была зь першых, хто намагаўся дапамагчы беларусам. Урэшце я вырашыла, што так далей працягвацца ня можа. Колькі можна чуць гэтую мову і ня ведаць яе?

Я знайшла беларусаў, якія далі мне спасылкі на беларускамоўныя рэсурсы. У 2021 годзе ў адным з чатаў я закахалася ў беларускамоўнага беларуса і, вывучыўшы мову, вырашыла давесьці яму, што я — найлепшая. Але ў выніку, калі пачаліся стасункі, калі я зь ім размаўляла, не магла моцна кантраляваць сваё маўленьне і размаўляла па-ўкраінску. Таму ён проста вучыў мяне размаўляць на беларускай. Я запісалася на дыстанцыйныя курсы, зараз забароненыя ў Беларусі. Намагалася вучыць беларускую мову з розных крыніцаў, каб толькі ўразіць свайго беларуса.

Што праўда, уразіць яго не ўдалося, бо ён ведае беларускую мову лепш за выкладчыкаў на курсах. Затое ўдалося ўразіць усіх іншых і загаварыць на беларускай за 2 месяцы.

Зараз мы ў стасунках больш за паўтара года, але ён ад красавіка 2022 году за кратамі ў Беларусі. Ён — палітвязень. А я надалей працую для беларушчыны, бо ведаю, што для яго гэта важна.

«Найцяжэй было паставіць сабе беларускае вымаўленьне. На гэта пайшло больш за 5 месяцаў»

— Наколькі проста ці складана было вывучыць беларускую?

— Спачатку было вельмі проста, бо я разумела 90% словаў, толькі пра некаторыя пыталася ці глядзела ў слоўніках. Таксама я проста капіявала свайго хлопца, і атрымлівалася, што стыль нашае размовы быў цалкам аднолькавы. Калі перапісваліся ў агульных чатах, здавалася, быццам адзін чалавек піша з двух акаўнтаў. І гэта было дзіўна.

Праблемы пачаліся, калі я пайшла на курсы і даведалася пра наркамаўку. Адбылася жудасная блытаніна, а гэтага мне зусім не хацелася. Я хадзіла на курсы 5-6 разоў на тыдзень, а наркамаўка была амаль паўсюдна. Я пачала выкарыстоўваць два правапісы адразу, але з часам мне амаль удалося іх разьмежаваць. Таксама трохі цяжка было вучыць правілы, але я пастаянна перапытваю, калі нешта не зразумела. Гэта дапамагае.

Найцяжэй было паставіць сабе беларускае вымаўленьне. На гэта пайшло больш за 5 месяцаў. Я слухала, як размаўляюць іншыя, трэнавалася з маім беларусам, чытала ў падручніках пра літаратурнае вымаўленьне і ўрэшце змагла зрабіць яго цалкам беларускім. Дарэчы, з тарашкевіцай нашмат лягчэй навучыцца правільна вымаўляць.

Часта я ня ведаю пэўных словаў па-беларуску, тады адразу пытаюся пра гэта ці гляджу ў слоўнікі. Зараз ужо я магу вольна размаўляць на беларускай і момантамі пераключацца між мовамі. Часам, калі на кагосьці крычу, магу перайсьці на беларускую.

Было некалькі цікавых сытуацыяў з прычыны вымаўленьня. На курсах неяк была тэма падарожжаў. Нас запытвалі, куды мы б хацелі паехаць. Я адказала, што ў Беларусь, а выкладчыца вельмі спачувальна прамовіла, што я хутка змагу вярнуцца дадому.

Часам, калі размаўляю па-беларуску, магу паралельна нешта адказаць сёстрам па-ўкраінску. І заўжды ў мяне пытаюцца, дзе я так добра вывучыла ўкраінскую. Калі пачалася вайна, мяне пыталі, як мяне занесла ва Ўкраіну ці чаму я зьехала зь Беларусі. Даводзіцца кожны раз тлумачыць, што я ўкраінка. Але мая беларуская ўсё яшчэ недасканалая, я працягваю вучыць яе і даведвацца нешта новае.

«Пастарайцеся замяніць большую частку расейскага кантэнту беларускім. Гэта пашырае слоўнікавы запас і натхняе адначасова»

— Якія парады вы б далі беларусам, якія не наважваюцца перайсьці з расейскай на беларускую?

— Я адна з тых, хто пераходзіў з расейскай на ўкраінскую мову, таму пэўныя парады даць магу.

  • Важна вызначыць для сябе, навошта вам пераходзіць на беларускую. Можна шмат казаць пра нацыянальную сьвядомасьць, але ў кожнага свая асабістая прычына. Пакуль вы ня вырашыце, што вам гэта сапраўды патрэбна, нічога не атрымаецца.
  • Калі страшна ці нязручна размаўляць, то ня варта кідаць усё адразу. Гэта нармальныя пачуцьці, калі робіш нешта нязвыклае і новае. Пераключыце свой тэлефон на беларускую, пачынайце па-беларуску размову зь незнаёмцамі ці тымі, каго бачылі даўно. Яны ня ведаюць вас як расейскамоўнага, таму павінна быць лягчэй. Пачніце перапісвацца ў сацыяльных сетках, бо пісаць заўсёды лягчэй, чым размаўляць. Калі сустрэнеце беларускамоўнага чалавека ці таго, хто таксама пераходзіць, то падтрымайце яго размоваю па-беларуску.
  • Знайдзіце беларускамоўны кантэнт: кнігі, відэа, людзей, якія вядуць старонкі па-беларуску. Пастарайцеся замяніць большую частку расейскага кантэнту беларускім. Гэта пашырае слоўнікавы запас і натхняе адначасова.
  • Памылкі — гэта нармальна, і саромецца іх ня варта. Размаўляйце зь людзьмі, пытайцеся, калі нешта незразумела альбо цікава, заглядайце ў слоўнікі. Ніхто і ніколі ня можа рабіць нешта новае без памылак. Вось таксама і зь беларускаю моваю. Спачатку дрэнная, потым лепш і лепш. Часам, калі памыляесься і хтосьці выпраўляе, узьнікае сорам і непрыемныя пачуцьці. Варта ставіцца да гэтага спакойна, бо гэта цалкам нармальная рэакцыя на заўвагі. Пры жаданьні можна яе прыбраць, але ў мяне і дагэтуль застаецца страх і сорам, калі нехта выпраўляе. Я не зьвяртаю на гэта ўвагі, бо выпраўленьні і падказкі больш дасьведчаных людзей — адзін з найлепшых спосабаў нешта вывучыць і засвоіць.
  • Беларускамоўным варта мякка і спакойна выпраўляць іншых. Не абражаць, не крычаць, не выстаўляць выпраўленьне як агульнавядомы факт (нават калі гэта так). Калі вы нечым раздражнёныя ці адчуваеце, што ня зможаце спакойна патлумачыць, то лепш не рабіць гэтага, бо так можна зьбіць усё жаданьне і натхненьне, асабліва ў дзяцей, падлеткаў і сталых людзей.
  • Калі тыя, хто пераходзіць, сутыкнуліся з абразамі, неканструктыўнай крытыкай ці крыкам, то памятайце: вы ня дрэнныя, ня варта спыняцца ці кідаць справу. Проста, магчыма, у кагосьці дрэнны настрой ці асабістыя праблемы. Тое ж самае і пра людзей, якія кажуць: «навошта табе гэтая беларуская?» ці «беларуская нікому не патрэбная». Вы не павінны спыняцца толькі таму, што камусьці гэта не падабаецца, нават калі іх шмат ці калі гэта вашыя сваякі. Гэта вашае жыцьцё і толькі вам вырашаць, што рабіць.
  • Калі ёсьць людзі, зь якімі вы размаўляеце на расейскай, гэта нармальна. Калі вы пачынаеце размаўляць па-беларуску не з усімі людзьмі адразу, гэта таксама нармальна. Мне для пераходу на ўкраінскую спатрэбілася больш за два гады. І гэта пры тым, што я вучылася ў цалкам украінскай школе без вывучэньня расейскай. Магу толькі ўявіць, як цяжка беларусам у Беларусі.
  • Проста памятайце, што маленькія крокі набліжаюць нас да мэты, і рабіць нешта паступова — гэта нармальна.
  • Пастарайцеся знайсьці беларускамоўнага сябра ці таго, хто будзе вас падтрымліваць. Падтрымка — моцная зброя супраць няўпэўненасьці і абразаў.

Магчыма, я кажу відавочныя рэчы, але гэта тое, што дапамагло асабіста мне і іншым маім знаёмым, якія пераходзяць на ўкраінскую ці беларускую.

«Калі б расейцы пачалі рабіць тое, што і беларусы, то ў нас проста не было б вайны»

— Як вы ставіцеся да таго, што Лукашэнка зрабіў Беларусь краінай — саўдзельнікам агрэсіі? Ці ёсьць тут віна беларусаў і якая?

— Гэта было вельмі балюча і проста жахліва. Я не чакала, што ён пойдзе на нас вайною. Я не магу шмат пра гэта размаўляць, бо стаўлюся да гэтага вельмі адмоўна. Больш нічога цэнзурнага сказаць на гэты конт не магу.

Што да віны беларусаў. Я лічу, што Беларусь — акупаваная тэрыторыя, а народ у акупаванай краіне мала што можа зрабіць, каб абараніцца. Я лічу, што віны беларусаў няма. Можна сказаць, што яны самі зрабілі свой выбар у 1994 і ўсё такое, але ж тады і ўкраінцы абралі сабе прарасейскага прэзыдэнта, чаму былі вельмі радыя. Таму вінаваціць беларусаў ня бачу сэнсу.

Бачу сэнс абʼядноўвацца і дапамагаць адзін аднаму, бо вораг у нас агульны. Тым больш беларусы, адрозна ад рэальных ворагаў, робяць усё магчымае, каб спыніць гэтую вайну, проста пра гэта чамусьці ня прынята гаварыць. Беларусы не абавязаныя спыняць ракеты голымі рукамі, яны не абавязаныя рызыкаваць сваім жыцьцём. Яны робяць усё, што ў іхных сілах.

Калі б расейцы пачалі рабіць тое, што і беларусы, то ў нас бы проста не было вайны. Часам, калі на нас ляцяць ракеты, я магу пакрычаць: «Беларусы, гэта вы вінаватыя, вы такія дрэнныя». Але гэта бывае, калі ў мяне паніка. А так я буду падтрымліваць беларусаў і надалей.

— Як у вашым асяродзьдзі ставяцца да беларусаў у сувязі з вайною?

— Некаторыя адмоўна, але большасьць разумеюць, што і да чаго. Калі я кажу, што мой хлопец беларус, некаторыя кажуць, што варта іншага шукаць. Большасьць бачыць адрозьненьні беларусаў ад расейцаў, іншыя абвінавачваюць беларусаў ува ўсіх магчымых праблемах. Хтосьці перастаў са мною размаўляць, калі зразумеў, што я буду падтрымліваць беларусаў. Калі шчыра, нават не заўважаю іхнай адсутнасьці.

Я б сказала, што я разумею людзей, у іх траўмы праз вайну, але насамрэч гэта не зусім так. Проста людзі ня ўмеюць ці ня хочуць шукаць інфармацыю, разьбірацца ў праблемах, не жадаюць уяўляць сябе на месцы іншых. Гэта датычыцца як украінцаў, якія абражаюць, так і беларусаў, якія абражаюцца.

Проста я таксама з франтавога гораду, я таксама месяцы сядзела ў падвале, слухала выбухі, у маіх сваякоў таксама вялікія праблемы праз вайну. Таму зьвязаць такое стаўленьне з траўмай ад вайны я не магу. Калі што, я ніводнага разу не зьвінаваціла ўкраінцаў, проста мне вельмі сумна і прыкра ад таго, што адбываецца паміж намі.

«Хачу, каб у сьвеце было менш крыўды, каб людзі цягнуліся да сваёй мовы і каб мы хутчэй перамаглі»

— Чым займаецеся, якая ваша сфэра зацікаўленьняў?

— Я працую ва ўкраінскім абʼяднаньні, часам раблю ўкраінска-беларускія пераклады, рэдагую ўкраінскія кнігі. Працавала ва «Ўкраінскай жаночай варце» (пераклад і распаўсюджаньне навінаў). Таксама пачынаю невялікі праект — тэлеграм-канал зь перакладамі твораў «Беларускі куточак».

Мне падабаецца працаваць зь літаратурай, займацца кветкамі (да вайны ў мяне іх было вельмі шмат, потым давялося ўсё пакінуць), маляваць і размаўляць зь людзьмі. Таксама да вайны я любіла вышываць і ствараць нешта рукамі. Таксама мусіла гэта пакінуць. І навучаньне ва ўнівэрсытэце давялося спыніць на пэўны час.

Спадзяюся на перамогу, трымаюся і паціху намагаюся жыць. Хачу, каб у сьвеце было менш крыўды, каб людзі цягнуліся да сваёй мовы і каб мы хутчэй перамаглі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG