Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За беларускую мову — карцар. Пра што гаворыцца ў аглядзе парушэньняў моўных правоў у Беларусі


Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў» падрыхтавала агляд парушэньняў моўных правоў у Беларусі за пэрыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2022 году.

Агляд апублікаваны на сайце беларускага ПЭНу.

У аглядзе адзначаецца, што «замацаваная заканадаўствам роўнасьць моваў не выконваецца беларускай дзяржавай, відавочная перавага надаецца расейскай мове, у сувязі з чым існаваньне беларускай мовы знаходзіцца пад пагрозай зьнішчэньня ў розных сфэрах яе функцыянаваньня».

Сярод небясьпечных тэндэнцый аўтары агляду называюць пастаяннае зьмяншэньне колькасьці людзей, якія лічаць беларускую мову роднай, русыфікацыю адукацыі (у беларускіх школах па стане на 2018 год навучалася ўсяго толькі 11,1% агульнай колькасьці вучняў), адсутнасьць ужываньня беларускай мовы ў дзяржаўным справаводзтве і ва ўзброеных сілах.

У аглядзе канстатуецца, што «згодна з афіцыйнай статыстыкай (2019), на беларускай мове размаўляюць 28,47% беларусаў (або 2 275 243 чалавекі); а на расейскай — 70,96% (або 7 990 719 беларусаў)».

Аўтары прыводзяць канкрэтныя факты дыскрымінацыі і перасьледу паводле нацыянальнай прыкметы.

Так, адміністрацыя папраўчай калёніі № 3 пакарала палітвязьня Ўладара Цурпанава карцарам за тое, што ў калёніі ён сам размаўляў па-беларуску і патрабаваў таго ж ад супрацоўнікаў. А адміністрацыя папраўчай калёніі № 2, у якой адбывае пакараньне палітычны вязень Алег Кулеша, праводзіла тлумачальныя мерапрыемствы, каб данесьці, што ў папраўчай установе трэба размаўляць выключна па-расейску.

У сакавіку 2022 мастакі Алесь Цыркуноў і Віталь Борыс былі арыштаваныя на 15 сутак у памяшканьні Менскага гарадзкога суду за тое, што размаўлялі па-беларуску. У тым жа сакавіку 2022 быў звольнены выкладчык фізычнай культуры фізычнага факультэту БДУ Сяргей Моўчан праз тое, што пачаў весьці свае заняткі па-беларуску.

Таксама прыгадваюцца ператрус у краме выдавецтва Янушкевіч «Кнігаўка», дзе прадаваліся кнігі пераважна на беларускай мове, арышты самога Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцы выдавецтва Насты Карнацкай.

«Вельмі важна зьбіраць і публікаваць выпадкі дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, бо сёньня як ніколі беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня», — перакананыя аўтары. Яны маюць намер рабіць падобныя агляды агляды не радзей як раз на паўгады і заклікаюць паведамляць пра факты дыскрымінацыі паводле моўнай прыкметы на адрас naszamova@gmail.com.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG