Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малая, мы наўрад ці пабачымся». Аточаныя расейскім войскам абаронцы Марыюпалю разьвітваюцца са сваімі блізкімі


Завод «Азоўсталь» у Марыюпалі пад расейскім абстрэлам, травень 2022
Завод «Азоўсталь» у Марыюпалі пад расейскім абстрэлам, травень 2022

Сваякі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца ў атачэньні расейскіх войскаў на тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі, заклікалі міжнародную супольнасьць дапамагчы вывезьці абаронцаў Марыюпалю паводле працэдуры, якая называецца экстракцыяй.

«Мы зьвяртаемся да ўсіх супольнасьцяў. Да ўсіх краін сьвету. Калі ласка, дапамажыце! Сярод байцоў людзі рознага полу, розных нацыянальнасьцяў, розных рэлігій. Расея, як начапіла ўсім украінцам ярлык „бандэраўцы“, таксама чапляе ярлык нэанацыстаў нашым жаўнерам. Але гэта няпраўда», — заявіла жонка аднаго з жаўнераў палку «Азоў» Наталка Зарыцкая.

«Я малю кожнага — рабіце хоць нешта для выратаваньня. Часу няма. Калі сьвет дазволіў узгадаваць такога монстра, як Расея, то сьвет павінен зь ім змагацца калектыўна», — падкрэсьліла яна.

Адзін з параненых украінскіх байцоў у Марыюпалі
Адзін з параненых украінскіх байцоў у Марыюпалі

Наталка Зарыцкая паведаміла, што яе муж апошні раз выходзіў на сувязь 7 траўня.

«Гэтыя ягоныя кароткія паведамленьні я ведаю на памяць. Начамі я іх перачытваю і ўчытваюся ў кожнае слова. У паведамленьні ён напісаў: «Малая, мы наўрад ці пабачымся. Кола навокал „Азоўсталі“ звужаецца. Нам канец», — працытавала яна адно з паведамленьняў свайго мужа.

Паводле яе, муж у перапынках між баямі напісаў ёй ліст на 15 старонках, сфатаграфаваў і даслаў ёй, каб яна яго чытала, калі зь ім зьнікне сувязь больш як на тры месяцы.

«Я жывы»

Бацька яшчэ аднаго жаўнера Яўген Сухарнікаў зьвярнуўся да прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана з заклікам далучыцца да перамоў з Расеяй пра вывад украінскіх вайскоўцаў з заводу «Азоўсталь».

«Мой сын цяпер у гэтым пекле, і зараз, у гэтыя хвіліны, яны трымаюць там абарону. Вайна — жорсткая рэч. Але тое, што цяпер адбываецца на „Азоўсталі“, гэта — не вайна, гэта бойня і парушэньне ўсіх канвэнцый. Гэта зьнішчэньне людзей, якія ў аблозе. Мы патрабуем экстракцыі байцоў разам з параненымі», — паведаміў ён.

Абстрэлы расейцамі Азоўсталі, 5 траўня 2022
Абстрэлы расейцамі Азоўсталі, 5 траўня 2022

Паводле яго, апошні час ліставаньне з сынам абмяжоўваецца ягоным кароткім паведамленьнем: «Я жывы». «Я не магу ў яго нічога запытаць, таму што гэта можа нашкодзіць іхнай бясьпецы. Я не магу яму нічога сказаць, апроч таго, што мы пра іх не забываем і змагаемся за іх», — дадаў Яўген Сухарнікаў.

Ягоны сын, журналіст паводле адукацыі, сьвядома ў 2019 годзе пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту пайшоў на службу ў полк «Азоў».

Эрдаган двойчы размаўляў з Пуціным

Лідэр крымскататарскага народу Мустафа Джэмілеў паведаміў, што адразу пасьля звароту абаронцаў Марыюпалю аб тэрміновай дапамозе прэзыдэнту Турэччыны Рэджэпу Эрдагану накіравалі адпаведныя прапановы. Той потым двойчы размаўляў з Уладзімірам Пуціным, а пазьней адбылася размова турэцкага прадстаўніка зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу.

Мустафа Джэмілеў
Мустафа Джэмілеў

У прыватнасьці, прапанавалі накіраваць з Стамбула ў акупаваны Расеяй Бярдзянск карабель, на якім будуць знаходзіцца аўтобусы для вывазу абаронцаў Марыюпалю ў суправаджэньні прадстаўнікоў Турэччыны. Пасьля гэтага ўсе эвакуаваныя мусілі б да канца вайны знаходзіцца ў Турэччыне. Іншы варыянт — абмяняць байцоў з «Азоўсталі» на расейскіх палонных.

Але расейскі бок адказаў на гэтыя прапановы адмовай і прапановай украінскім вайскоўцам здацца.

«ААН і Чырвоны Крыж цікавіліся толькі цывільнымі»

Наталка Зарыцкая паведаміла, што пры арганізацыі эвакуацыі з «Азоўсталі» найперш цікавіліся толькі цывільнымі.

«Мой муж напісаў: няўжо мы, байцы — людзі трэцяга гатунку ці адпрацаванае сьмецьце? Яны абаранялі цывільных, прыкрывалі іх сабой, забясьпечвалі іх максымальна ежай і вадой, але самі яны надзвычай зьнясіленыя», — дадала яна.

Яшчэ некалькі бацькоў абаронцаў Марыюпалю, якія таксама далучыліся да патрабаваньня тэрмінова правесьці экстракцыю, паведамілі, што страцілі сувязь са сваімі блізкімі ў сакавіку і красавіку, але спадзяюцца, што яны жывыя.

«Кожны раз, калі я ад яго атрымліваю кароткія паведамленьні, што яны трымаюцца і ўсё нармальна, я, як і кожная маці, адчуваю між радкамі тую жахлівую сытуацыю, у якой яны там знаходзяцца. Іх трэба ратаваць, і я заклікаю, каб Турэччына выступіла трэцім бокам і нашых абаронцаў выратавалі», — сказала маці ўкраінскага вайскоўца, які з 2014 году служыць у палку «Азоў».

Акцыя з патрабаваньнем выратаваць байцоў у Марыюпалі. Кіеў, 3 траўня 2022
Акцыя з патрабаваньнем выратаваць байцоў у Марыюпалі. Кіеў, 3 траўня 2022

«Для майго сына было вялікае шчасьце далучыцца да палку „Азоў“. Ён вэтэран і знаходзіцца там. Сувязь зь ім абарвалася з 22 сакавіка. Пасьля гэтага я ня ведаю пра ягоны лёс, але я падтрымліваю ўсіх маці, якія не губляюць веры і змагаюцца за сваіх дзяцей. Мы просім зрабіць усё магчымае ў вашых краінах, каб уратаваць нашых сыноў. Яны заўсёды будуць нашымі героямі, і мы хочам, каб яны вярнуліся жывымі», — дадала яшчэ адна маці абаронцы Марыюпалю.

«Мой сын на вайне з 2014 году, з самага пачатку вайны. Ён мае 8 кантузій, цяжка паранены, мае раненьні 36 аскепкамі, зь іх тры засталіся ў целе. Я прасіла яго ўжо не ісьці на вайну, а ён мне кажа: «А хто ж, калі ня я?» Зь ім няма сувязі з 29 сакавіка. Але ён мяне папярэджваў, што можа доўга не выходзіць на сувязь, бо ён патрэбны хлопцам. Ён парамэдык. Я кожны дзень гляджу ў тэлеграм — а можа ёсьць ад яго вестка? Таму я прашу ўсіх дапамагчы. Ня можа так быць у 21 стагодзьдзі», — заклікала яшчэ адна маці.

Урад вядзе перамовы

Намесьнік камандзіра палку «Азоў» Сьвятаслаў Паламар заклікаў 12 траўня ўсіх лідэраў сьвету і чалавецтва дапамагчы ўратаваць абаронцаў Марыюпалю.

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук 11 траўня паведаміла, што ўрад праводзіць перамовы з Расеяй аб абмене абаронцаў Марыюпалю на палонных расейскіх вайскоўцаў.

«Абаронцы „Азоўсталі“ здавацца ў палон ня хочуць. Гэта выклікае павагу. Расейцы не пагаджаюцца на extraction. Гэта рэальнасьць», — паведаміла Ірына Верашчук.

Што такое экстракцыя

Экстракцыя (еxtraction) — працэдура хуткага вываду вайскоўцаў або цывільных зь месца баявых дзеяньняў у бясьпечнае месца з удзелам трэцяга нэўтральнага боку.
Украінскі бок, паводле Верашчук, прапанаваў абмен.

«Мы вывозім нашых цяжкапараненых хлопцаў з „Азоўсталі“ па гуманітарным калідоры. І аддаём палонных расейцаў паводле стандартных правілаў абмену. Дамоўленасьці яшчэ няма. Перамовы працягваюцца», — патлумачыла віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук.

Уладзімір Зяленскі 8 траўня заявіў пра немагчымасьць ваеннага разьвязаньня сытуацыі на «Азоўсталі» і перамовы аб эвакуацыі з Марыюпалю пры дапамозе дыпляматыі. Аднак Масква адмаўляецца абмяркоўваць калідор. У той жа час Украіна залучыла ў перамовы прадстаўнікоў Турэччыны, Ізраілю, Швайцарыі, Францыі, ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Марыюпаль быў узяты ў аблогу расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні аказваюць супраціў у горадзе на Азоўскім моры ўжо трэці месяц.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG