Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі сустрэўся з жонкамі абаронцаў Марыюпалю, расейцы далей штурмуюць «Азоўсталь»


Адзін з украінскіх байцоў на абароне Марыюпаля
Адзін з украінскіх байцоў на абароне Марыюпаля

У Міністэрстве абароны Ўкраіны заявілі аб адсутнасьці магчымасьці разблякаваць Марыюпаль вайсковым шляхам, а ад дыпляматычнага шляху катэгарычна адмаўляецца Расея.

Папа Рымскі Францішак сустрэўся ў Ватыкане з жонкамі вайскоўцаў з палка «Азоў» Кацярынай Пракапенкай і Юліяй Федасюк.

Як паведаміла выданьне «Медиазона», гэта адбылося на штотыднёвай агульнай аўдыенцыі Папы Рымскага Францішка ў Ватыкане.

Выданьне Corriere della Sera удакладніла, што ў часе аўдыенцыі Кацярына і Юлія перадалі пантыфіку два лісты і некалькі фатаздымкаў. Аўтар аднаго зь лістоў — кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Ануфрый, а другі ліст напісалі яны самі.

«Муж напісаў мне дзень таму, што нават вада ў тэхніцы заканчваецца, і папрасіў пашукаць інфармацыю аб тым, як пражыць без вады як мага даўжэй. Баюся страціць, але яшчэ і злуюся, таму што нічога не магу зрабіць. Гэта жахліва. Тое, што адбываецца на „Азоўсталі“, падобна да рэаліці-шоў, і нам ніхто не дапамагае, таму мы спадзяёмся на Папу, ён наша апошняя надзея», — цытуе выданьне Юлію Федасюк.

Што паведамляюць байцы з «Азоўсталі»

Украінскія абаронцы Марыюпалю, якія цяпер аточаныя на заводзе «Азоўсталь», раніцай паведамілі, што за мінулыя суткі расейская авіяцыя, у тым ліку і стратэгічныя бамбавальнікі, выляталі 38 разоў для бамбаваньня заводзкай тэрыторыі.

«Не спыняецца праца варожай ствольнай артылерыі, танкаў і гэтак далей. Праціўнік працягвае штодзённа ажыцьцяўляць штурмы пры падтрыманьні пяхотай», — паведамілі жаўнеры ў сваім тэлеграм-канале.

Што гавораць у Міністэрстве абароны Ўкраіны

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла аб адсутнасьці магчымасьці разблякаваць Марыюпаль вайсковым шляхам.

«Калі б была хоць адна магчымасьць правесьці дэблякаду горада вайсковым шляхам, то кіраўніцтва краіны яе выкарыстала б. Узброеныя сілы робяць усё, што ад іх залежыць, каб гэтую сытуацыю зьмяніць», — заявіла Ганна Маляр 11 траўня на брыфінгу ў Кіеве.

Намесьніца міністра абароны таксама дадала: неабходна разумець, што «гэтая тэма вельмі адчувальная, кожнае слова можа выкарыстаць вораг і нашкодзіць (украінскім) абаронцам».

У сваю чаргу намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу Ўкраіны Аляксей Громаў дадаў, што сувязь з падразьдзяленьнямі на тэрыторыі «Азоўсталь» падтрымліваецца і да пачатку Расеяй бесьперапынных авіяўдараў туды дастаўлялі дапамогу і боепрыпасы.

«Але гэта было магчыма да таго моманту, пакуль гэта ня стала вядома шырокаму колу. Пасьля гэтага вораг ажыцьцявіў авіяўдары, што зрабіла немагчымай далейшую дапамогу абаронцам», – сказаў Аляксей Громаў.

Уладзімір Зяленскі 8 траўня заявіў, што спрабуе дамагчыся эвакуацыі з Марыюпалю пры дапамозе дыпляматыі. Аднак Масква адмаўляецца абмяркоўваць калідор. У той жа час Украіна залучыла ў перамовы прадстаўнікоў Турэччыны, Ізраілю, Швайцарыі, Францыі, ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Марыюпаль быў аточаны расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні аказваюць супраціў у горадзе на Азоўскім моры ўжо трэці месяц.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG