Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва першай у сьвеце прызнала Расею тэрарыстычнай дзяржавай


Сэйм Літвы
Сэйм Літвы

Адпаведнае рашэньне прыняў Сэйм Літвы пасьля галасаваньня 10 траўня.

У рэзалюцыі Сэйму гаворыцца, што «крамлёўскі рэжым імкнецца зьнішчыць украінскую нацыю, таму такія дзеяньні мусяць быць прызнаныя генацыдам, а Расея зьяўляецца дзяржавай, якая падтрымлівае і ажыцьцяўляе тэрарызм». Сэйм аднагалосна прагаласаваў за адпаведную рэзалюцыю, яна набрала 128 галасоў.

Літоўскі парлямэнт канстатаваў, што расейскія ўзброеныя сілы і найміты зьдзейсьнілі масавыя ваенныя злачынствы на тэрыторыі Ўкраіны, асабліва ў гарадах Буча, Ірпень, Марыюпаль, Барадзянка і Гастомель. Згодна з дакумэнтам, угледжваецца мэта поўнага або частковага зьнішчэньня ўкраінскай нацыі, яе духу шляхам забойства яе членаў цэлымі сем’ямі, у тым ліку дзяцей, выкраданьня іх, катаваньняў, згвалтаваньняў, у тым ліку і непаўналетніх, зьдзекаў зь целаў забітых і закатаваных.

«Сэйм Літвы прызнае поўнамаштабную ўзброеную агрэсію супраць Украіны з боку Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі і яе палітычнага і вайсковага кіраўніцтва, распачатую 24 лютага 2022 году, генацыдам украінскага народу», — таксама гаворыцца ў рэзалюцыі.

У дакумэнце падкрэсьлілі, што ўсе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасьці, а міжнародная супольнасьць павінна стварыць Спэцыяльны міжнародны крымінальны трыбунал для расьсьледаваньня і ацэнкі агрэсіі Расеі супраць сувэрэннай Украіны. У якасьці прыкладаў прыводзяцца Нюрнбэрг, Токіо і Сьера-Леонэ.

Сэйм Літвы заклікае да таго, каб гэты трыбунал меў паўнамоцтвы выдаваць міжнародныя ордэры на арышт і каб імунітэтам не абмяжоўвалася недатыкальнасьць дзяржавы ці кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ды іншых дзяржаўных службовых асоб.

Дзеяньні расейцаў ва Ўкраіне прызналі генацыдам таксама Эстонія, Латвія і Канада.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG