Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’еры Вялікай Брытаніі прапанавалі «новы Нюрнбэрг» для Пуціна


Райсхмаршал Герман Герынг (у цэнтры) на Нюрнбэрскім працэсе, 21 лістапала 1945 году
Райсхмаршал Герман Герынг (у цэнтры) на Нюрнбэрскім працэсе, 21 лістапала 1945 году

Аўтарамі пэтыцыі аб стварэньні міжнароднага судовага органу на ўзор Нюрнбэрскага трыбуналу, створанага дзяржавамі-пераможцамі пасьля Другой сусьветнай вайны для суду над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі, сталі 140 чалавек.

Былыя прэм’ер-міністры Вялікай Брытаніі Гордан Браўн і сэр Джон Мэйджар, а таксама іншыя брытанскія палітыкі, юрысты, навукоўцы і грамадзкія дзеячы настойваюць на стварэньні новага міжнароднага трыбуналу для расьсьледаваньня дзеяньняў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і яго атачэньня, зьвязаных з расейскім узброеным уварваньнем ва Ўкраіну.

На дадзены момант пад пэтыцыяй у інтэрнэце сабрана больш за 780 тысяч подпісаў, дакумэнт адкрыты для падпісаньня людзям з усяго сьвету.

Міжнародны крымінальны суд цяпер ужо вядзе расьсьледаваньне супраць Пуціна паводле падазрэньня ў ваенных злачынствах ва Ўкраіне, аднак яго магчымасьці, як адзначае ВВС, абмежаваныя: прыцягнуць каго-небудзь да адказнасьці будзе немагчыма бяз санкцыі Рады бясьпекі ААН, а Масква напэўна накладзе вета на любую падобную рэзалюцыю.

Якім чынам мог бы функцыянаваць трыбунал, які прапануюць стварыць брытанскія палітыкі, пакуль незразумела. Нюрнбэрскі трыбунал быў створаны пасьля безумоўнай капітуляцыі Нямеччыны ва ўмовах акупацыі саюзьнікамі яе тэрыторыі.

Раней на гэтым тыдні прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў Пуціна «ваенным злачынцам». Гордан Браўн пагадзіўся з гэтай ацэнкай, адзначыўшы, што Расея, мяркуючы па ўсім, нявыбарчна бамбіць ва Ўкраіне грамадзянскіх асоб, што ўяўляе сабой ваеннае злачынства.

Ва Украіне за тры тыдні баявых дзеяньняў разбураны мноства жылых дамоў і іншых грамадзянскіх аб’ектаў, загінулі сотні мірных жыхароў. Пры гэтым Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджае, што наносіць удары толькі па вайсковых аб’ектах, а ўкраінскіх вайскоўцаў абвінавачвае ў тым, што тыя выкарыстоўваюць мірных жыхароў як «жывы шчыт».

Яшчэ адзін былы брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмэран напярэдадні напісаў у сацсетках, што вязе ў Польшчу гуманітарную дапамогу для бежанцаў з Украіны.

Дзеючы прэм’ер Борыс Джонсан у суботу, выступаючы перад актывам Кансэрватыўнай партыі, сказаў, што нават у выпадку завяршэньня расейскай агрэсіі ня трэба «нармалізаваць» адносіны з Уладзімірам Пуціным. Паводле словаў Джонсана, слабая рэакцыя Захаду на расейскую анэксію Крыму ў 2014 годзе толькі падштурхнула Пуціна на новыя агрэсіўныя дзеяньні. Пры гэтым Джонсан выказаў сумневы ў тым, што расейскі прэзыдэнт у нейкай агляднай будучыні можа быць зьняты са сваёй пасады.

Брытанія з пачатку канфлікту займае жорсткую пазыцыю адносна дзеяньняў Масквы, увёўшы мноства санкцый, у тым ліку супраць расейскіх бізнэсоўцаў, якія жывуць або раней жылі ў Лёндане, уключаючы Рамана Абрамовіча, а таксама пастаўляючы Ўкраіне зброю. Аднак апанэнты па-ранейшаму крытыкуюць Джонсана за недастатковую, на іх думку, падтрымку Ўкраіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG