Акцыя за дэблякаду Марыюпалю. Львоў, 6 траўня 2022
Да канца году ў Марыюпалі ад хвароб і невыносных умоў могуць памерці яшчэ больш за 10 тысяч чалавек, паведаміў мэр гораду Вадзім Бойчанка.
Паводле Вадзіма Бойчанкі, цяпер у горадзе 150-170 тысяч жыхароў. Да вайны насельніцтва складала звыш 430 тысяч чалавек.
«Акупанты ператварылі Марыюпаль у сярэднявечнае гета. Так што сьмяротнасьць будзе адпаведнай. Без мэдыцыны і мэдычнай дапамогі, аднаўленьня водазабесьпячэньня і належнай каналізацыі ў горадзе выбухнуць эпідэміі. Сёньня большасьць цяперашняга насельніцтва — старыя і хворыя. Без належных умоў сьмяротнасьць сярод уразьлівых груп будзе расьці ў геамэтрычнай прагрэсіі. Некаторыя марыюпальцы з суседніх вёсак вярнуліся ў горад, бо праз жорсткую сыстэму фільтрацыі іх не пускаюць на тэрыторыю свабоднай Украіны. Але расейцы працягваюць генацыд, які пачаўся 24 лютага», — сказаў мэр.
Па словах Бойчанкі, людзі знаходзяцца ў «сьмяротнай небясьпецы», таму неабходна поўная эвакуацыя гораду.
Напярэдадні дарадца мэра Пятро Андрушчанка паведаміў, што на тэрыторыі марыюпальскага заводу «Азоўсталь» засталося ня менш за 100 мірных жыхароў.
10 траўня намесьнік камандзіра палка «Азоў» Сьвятаслаў Паламар адказаў на заяву дарадцы мэра:
«Па-першае, некарэктна казаць пра нейкія лічбы чалавеку, якога тут няма. Усіх мірных жыхароў, якіх мы бачылі, якіх шукалі, з кім падтрымлівалі сувязь, якім прыносілі ваду і ежу, з кім дзяліліся тым, што маем, аказвалі першую дапамогу, мы вывелі».
Пры гэтым ён ня выключыў, што на тэрыторыі «Азоўсталі» ўсё ж можа застацца частка мірных жыхароў. Таксама ў «Азове» назвалі прыблізныя страты насельніцтва Марыюпалю за час вайны — 25 тысяч загінулых.
На «Азоўсталі» таксама застаюцца байцы батальёна «Азоў» і марскія пяхотнікі.
8 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў цяперашні час немагчыма разблякаваць Марыюпаль ваеннымі сродкамі. Ён дадаў, што Кіеў спрабуе дамагчыся эвакуацыі з дапамогай дыпляматыі. Аднак Масква адмаўляецца абмяркоўваць калідор. У той жа час Украіна залучыла ў перамовы прадстаўнікоў Турэччыны, Ізраілю, Швайцарыі, Францыі, ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.
Марыюпаль быў акружаны расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні аказваюць супраціў у горадзе на Азоўскім моры ўжо трэці месяц.