Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Марыюпалю заклікалі сьвет іх выратаваць. Ва ўрадзе Ўкраіны кажуць, што вядуць перамовы з Расеяй

Завод «Азоўсталь» пад расейскімі бомбамі. 11 траўня 2022
Завод «Азоўсталь» пад расейскімі бомбамі. 11 траўня 2022

Намесьнік камандзіра палка «Азоў» Сьвятаслаў Паламар заклікаў усіх лідэраў сьвету і чалавецтва дапамагчы ўратаваць абаронцаў Марыюпалю.

Намесьнік камандзіра палка «Азоў» Сьвятаслаў Паламар заклікаў усіх лідэраў сьвету і чалавецтва дапамагчы ўратаваць абаронцаў Марыюпалю.

«Спадары прэзыдэнты, шаноўныя дыпляматы, чалавецтва, калі вы можаце ўратаваць нас, то зрабіце гэта! Усе словы ўжо былі сказаныя. Кожная хвіліна — гэта чыесьці жыцьці! Сьвет павінен тэрмінова перайсьці да дзеяньняў», — напісаў Сьвятаслаў Паламар на сваёй старонцы ў Facebook.

Сьвятаслаў Паламар
Сьвятаслаў Паламар

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук 11 траўня паведаміла, што ўрад праводзіць перамовы з Расеяй аб абмене абаронцаў Марыюпалю на палонных расейскіх вайскоўцаў.

«Абаронцы „Азоўсталі“ здавацца ў палон ня хочуць. Гэта выклікае павагу. Расейцы не пагаджаюцца на extraction. Гэта рэальнасьць», — паведаміла Ірына Верашчук.

Што такое еxtraction

Extraction — працэдура хуткага вываду вайскоўцаў або цывільных зь месца баявых дзеяньняў у бясьпечнае месца з удзелам трэцяга нэўтральнага боку.
Украінскі бок, паводле Верашчук, прапанаваў абмен.

«Мы вывозім нашых цяжкапараненых хлопцаў з „Азоўсталі“ па гуманітарным калідоры. І аддаём палонных расейцаў паводле стандартных правілаў абмену. Дамоўленасьці яшчэ няма. Перамовы працягваюцца», — патлумачыла віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук.

Уладзімір Зяленскі 8 траўня заявіў аб немагчымасьці ваеннага разьвязаньня сытуацыі на «Азоўсталі» і перамовах аб эвакуацыі з Марыюпалю пры дапамозе дыпляматыі. Аднак Масква адмаўляецца абмяркоўваць калідор. У той жа час Украіна залучыла ў перамовы прадстаўнікоў Турэччыны, Ізраілю, Швайцарыі, Францыі, ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Адзін з параненых байцоў на заводзе «Азоўсталь» у Марыюпалі, 11 траўня 2022
Адзін з параненых байцоў на заводзе «Азоўсталь» у Марыюпалі, 11 траўня 2022

Марыюпаль быў аточаны расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні аказваюць супраціў у горадзе на Азоўскім моры ўжо трэці месяц.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG