Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раптоўнасьць, колькасьць удзельнікаў, месцы правядзеньня. Чаму «Саюзная рашучасьць — 2022» — ня проста вучэньні


Расейскія танкі ў Беларусі на вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022»
Расейскія танкі ў Беларусі на вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022»

Афіцыйныя паведамленьні Мінабароны Беларусі і Расеі значна адрозьніваюцца ад таго, пра што расказваюць відавочцы і экспэрты.

Раптоўнасьць

Аб правядзеньні вайсковых вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022» упершыню афіцыйна было заяўлена 17 студзеня 2022 году. Расейскую вайсковую тэхніку на тэрыторыі Беларусі пачалі заўважаць ужо на наступны дзень — 18 студзеня. Пра тое, што сумесныя манэўры Мінабароны Беларусі і Расеі магчымыя на працягу 2022 году, кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін паведаміў яшчэ ў канцы сьнежня 2021 году, падчас сустрэчы з Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу. Тады Пуцін заявіў, што заплянаваныя чарговыя сумесныя вучэньні, аднак даты іх правядзеньня не назваў, абмежаваўшыся «першым кварталам».

Гэта моцна адрозьніваецца ад таго, як праводзяцца іншыя сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні. Напрыклад, сэрыя манэўраў «Захад», правядзеньне якіх расплянаванае на гады наперад. Больш дробныя сумесныя манэўры таксама анансуюцца загадзя. Так было, напрыклад, на пачатку 2021 году падчас вучэньняў ля беларускіх Асіповічаў і расейскага Ўльянаўску. У іх бралі ўдзел усяго па некалькі соцень чалавек, аднак Міністэрствы абароны абедзьвюх краін афіцыйна паведамлялі пра іх за некалькі тыдняў да пачатку.

Колькасьць удзельнікаў

Пра тое, што Расея і Беларусь хаваюць рэальную колькасьць удзельнікаў сумесных вайсковых вучэньняў, краіны-суседкі і кіраўніцтва блёку NATO заяўлялі і ў папярэднія гады. У прыватнасьці, гэтак было пасьля вучэньняў «Захад 2017». Паводле міжнародных дамоваў па лініі АБСЭ (так званага «Венскага дакумэнту 2011 году». — РС), краіны-ўдзельніцы вучэньняў павінны інфармаваць пра колькасьць задзейнічаных у манэўрах жаўнераў у тым выпадку, калі яна перавышае 13 тысяч чалавек (і пры ўмове, што адна з краін у той жа час ладзіць яшчэ адны вучэньні).

Афіцыйна Мінабароны Беларусі і Расеі заяўляюць, што колькасьць удзельнікаў «Саюзнай рашучасьці — 2022» не перавышае прадугледжанай міжнароднымі абавязаньнямі. Гэта значыць — згаданых 13 тысяч вайскоўцаў. Аднак, пасловах генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга, у Беларусі цяпер могуць знаходзіцца каля 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Колькасьць жаўнераў у беларускай арміі — каля 45 тысяч чалавек (яшчэ 20 тысяч — цывільныя спэцыялісты). У ранейшых сумесных вучэньнях Расеі і Беларусі, такіх як «Захад» або «Шчыт Саюзу», на беларускай тэрыторыі ўдзельнічала ад 6 да 7 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

За дзень да афіцыйнага пачатку вучэньняў Літва, Латвія і Эстонія, карыстаючыся дамоўленасьцямі «Венскага дакумэнту» 2011 году, накіравалі ў Менск афіцыйны запыт наконт колькасьці ўдзельнікаў манэўраў. Адказу пакуль не атрымалі.

Узбраеньні

Афіцыйна для ўдзелу ў «Саюзнай рашучасьці — 2022» у Беларусь перакінулі расейскія супрацьпаветраныя комплексы С-400, «Панцыр-С», а таксама сучасныя зьнішчальнікі Су-35 і штурмавікі Су-25.

Аднак яшчэ ў канцы студзеня экспэрты з Conflict Intelligence Team паведамілі, што на тэрыторыю Беларусі ўведзеныя і іншыя віды ўзбраеньняў, у тым ліку наступальныя. На апублікаваных расьсьледавальнікамі фатаздымках заўважаныя сыстэмы залпавага агню, танкі, самаходныя машыны пяхоты і артылерыя. Відавочцы на працягу некалькіх тыдняў паведамлялі аб перамяшчэньні па Беларусі вайсковых эшалёнаў, а ў небе былі заўважаныя ня толькі анансаваныя афіцыйнымі асобамі расейскія зьнішчальнікі, але і баявыя верталёты.

Па словах таго ж Енса Столтэнбэрга, Расея таксама пераправіла на тэрыторыю Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр».

Месцы правядзеньня

Ад моманту афіцыйнага абвяшчэньня ў сярэдзіне студзеня да самага пачатку вучэньняў 10 лютага Міністэрствы абароны Беларусі і Расеі афіцыйна месцам правядзеньня «Саюзнай рашучасьці» называлі пяць вайсковых палігонаў і чатыры аэрадромы. Толькі два з гэтых аб’ектаў разьмешчаныя ў непасрэднай блізкасьці да мяжы Беларусі з Украінай — палігон «Берасьцейскі» і аэрадром «Лунінец».

Аднак яшчэ за некалькі тыдняў да 10 лютага стала вядома, што расейскія войскі разьмяшчаюць таксама ў ваколіцах Гомля, Рэчыцы, Асповічаў, Мар’інай Горкі. Пра гэта сьведчылі шматлікія відавочцы. За некалькі дзён да пачатку вучэньняў аб правядзеньні «небясьпечных для жыцьця жыхароў рэгіёну» вайсковых вучэньняў паведамілі некаторыя лякальныя газэты разьмешчаных на мяжы Беларусі і Ўкраіны раёнаў.

Тое, што вучэньні ахапілі значную частку мяжы Беларусі і Ўкраіны, Мінабароны РБ афіцыйна прызнала ўжо пасьля іх пачатку. Раніцай 11 лютага ў сацсетках Мінабароны Беларусі апублікавалі відэаролік, у якім сьцьвярджаецца, што «Саюзная рашучасьць — 2022» праводзіцца таксама на «ўчастках мясцовасьці» ля Пінску, Мазыра, Рэчыцы, Гомля, а таксама на «ўчастку мясцовасьці Палескі».

А акрамя гэтага — ля Асіповічаў, Мар’інай Горкі і на агучаных раней вайсковых палігонах. Фактычна вучэньнямі «Саюзная рашучасьць — 2022» аказаўся ахоплены ня толькі паўночны захад Беларусі (як гэта было падчас самых маштабных дагэтуль вучэньняў «Захад»), але і ўвесь поўдзень краіны — ад Берасьця да Гомля.

Вывад расейскіх войскаў пасьля 20 лютага

«Саюзная рашучасьць — 2022» паводле агучанага пляну павінна скончыцца 20 лютага 2022 году. Ці пачнуць выводзіць войскі з тэрыторыі Беларусі адразу пасьля завяршэньня манэўраў — дакладна невядома. Паводле прэс-сакратара Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, расейскія войскі плянуецца вывесьці зь Беларусі. Аднак Пяскоў так і не назваў канкрэтнай даты. Калі ўлічыць, што перакідалі жаўнераў у Беларусь на працягу трох тыдняў, то можна меркаваць, што войскі РФ на тэрыторыі Беларусі будуць знаходзіцца да самай сярэдзіны сакавіка.

Паводле шэрагу экспэртаў, нельга выключаць сцэнар, пры якім расейцы застануцца ў Беларусі калі ня цалкам, то часткова. У размове са Свабодай польская экспэртка Анна Марыя Дынэр дапусьціла, што сумесныя беларуска-расейскія вучэньні на беларускай тэрыторыі ў цяперашніх умовах могуць стаць няспыннымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG